З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
Дзень пачынаўся пад мой настрой, светлы i ад пісьмаў, атрыманых напярэдадні, трох за адзін — святочны — раз.
* * *
Сёння пад ранне падумалася, што бяссонніца даецца старому не толькі дзеля таго, каб яму караць самога сябе панылымі ці горкімі ўспамінамі.
Бывае яшчэ i такая блаславёная гульня, такое ўсётакі шчасце, як дапрацоўка ў думках новай задумы, якая доўга не дае табе заснуць...
* * *
Зайшоўшы ад сонца, якое ўжо добра схіліла з паўдня, спыніўся паглядзець у голле высокай, разложыстай «зімовай» яблыні.
Нядаўна тут была непрадзьмутая зеляніна сакавітай лістоты, а вось ужо кожную залацінку бабінага лета, кожнага жаўтлявага ці барвяністага матыля, які ў дрыготка-няспешным палёце шукае вольнае месца — спланіраваць на халодную траву, можна, здаецца, узяць на ўлік паасобку.
Многа яблыкаў тыдзень таму назад было абярэжна знята на даўжэйшую вылежку, а недасяжных стрэсена на ранейшы ўжытак. На шэрым голлі, вышэй i найвышэй, яшчэ ўсё трымаюцца то наўкруг чырвоныя, то зрэдку светлабокія, крамяныя мацакі, i зводдаль адасоблена, i чародкамі, i нават пацешнымі спарышамі, зусім адно пры адным.
I гэта прыгожа. Красою позняй восені.
* * *
Ратуючыся ад сумнага «няма чаго добрага пачытаць», раптам знайшоў у нашай чатырохсямейнай шматгадовай кніжна-часопіснай залежы сціплы томік па-польску з англійскай: Axel Münte, «Księga о ludziach i zwierzętach». Пасля прачытання ўступу i першых навелаў або нарысаў, як ix акрэслівае сам аўтар, памеціў у блакноце пачатак удзячнага адчування.
Напісаная ў 1930 годзе, выдадзеная па-польску ў 1975-м, чытаецца беларусам яшчэ праз дваццаць пяць гадоў, гэтая кніга, проста «Пра людзей i жывёлаў», можа быць названай наскрозь шчырым i выдатна апрацаваным творча зарадам чалавечнасці, пушчаным у свет, можна сказаць, надоўга.
Ад бедных людзей Мунт перайшоў да бедных цыркавых жывёлінаў, а я падумаў пра свае «Знічку» i «Дакор». Чаго яны вартыя, я не магу акрэсліць абгрунтавана, толькі адчуваю ix пэўную значнасць i ў самы строгі адбор апавяданняў уключаю толькі ад гэтага адчування...
А потым i яшчэ адна знаходка, кніжыца, якой калісьці собіла заваліцца за шафу, нават i трохі паднішчаная, зноў пераклад з англійскай мовы, ужо на рускую: «Несколько зеленых листьев» — раман не тое што незнаёмай, але i нячутай дагэтуль Барбары Пім, элегантная кніжка на дзесятак з нечым аркушаў, нібыта выклік нашай правінцыйнай шматтомнасці, напісаная густа, вобразна, з натуральнай культурнай іроніяй у падтэксце. Такіх кніжак на свеце, яшчэ раз падумалася, i многа, i не можа быць замнога, i адкрываць ix у прыклад самому сабе i ў пацверджанне i тваіх адносінаў да свайго абавязку — прыемна па-асабліваму.
А што не ведаў я дагэтуль i яе, Барбару Им, як i Акселя Мунта, сораму няма. Яны абое доўга, цярпліва ішлі да чытача i свайго, i замежнага, выданні іхніх твораў i па-польску, i па-руску i з вялікім спазненнем далучыліся да ix пасмяротнай славы або пашаны.
* * *
Падзея ў дачнай роўненькай будзённасці — суседскі певень, па-хатняму ўтульная кукарэка якога была вельмі нялішняй пры бусліным клёкаце, салаўіных спаборніцтвах, лугавых занёманскіх галасах то жорава, то перапёлкі, то драча, трапіў усё-такі ў кіпцюры каршуна. «Усё-такі» таму, што той злыдзень выцікоўваў курынага бацьку некалькі дзён, то з сасны, то з бярозы, бо лес тут адразу за плотам. I дамогся свайго. Калі гаспадары заўважылі бяду, было ўжо позна.
«Галава цэлая,— расказваў сусед,— значыцца, ён не забіў яго адразу, a катаваў, пачаўшы з нагі, ад сцягонца дабраўшыся ажно ў кішкі...»
Што ж, у драпежнай дзічыны гэта нармальна, апраўдваецца неабходнасцю, законам прыроды, а можна сказаць, што i гастранамічнасць такая — як яно спажываецца смачней.
Было гэта ў пачатку верасня, больш за месяц таму назад. A днямі па маскоўскім тэлебачанні двойчы паказвалі крыўду, несправядлівасць, незаконнасць, якая чыніцца з кантрактнікамі, што выконвалі сваю «працу» ў Чачні. Iм вельмі цяжка атрымаць заробленае, бо афіцэры вымагаюць хабар, a ў дарозе дамоў чакаюць бандыты, тэрарысты...
I ні слова пра тое, што там, дзе людзі на сваёй зямлі абараняюць сваё жыццё, сваю свабоду, законную самастойнасць, яны, кантрактнікі (на ўсё ёсць адпаведна тэхнічнае слова!), зарабляюць грошы забойствам, больш прафесійна вопытныя за тых няспелых, у спешцы дрэнна абвучаных юнакоў, некаму хлопчыкаў, якіх зблізку, у самы твар бачыць i на экране проста балюча...