Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Пра што вы хацелі пагаварыць?
– Не ведаю, мне ўсё роўна. Вы замужам?
– А гэта вам навошта? – насцярожылася дзяўчына.
– Проста так. Думаю, што не... Голас у вас нейкі...
– Які?
– Які выдае, што вы нікога яшчэ не кахалі...
– А вы?
– Я? Кахаў. І – моцна. Яна была прыгажэй за ўсіх на свеце. А я забіў яе. Сваімі рукамі.
– Як – забілі? На смерць?
– Ды не, канечне ж, не... Вялікае глупства зрабіў, непапраўнае глупства. А яна для мяне была як багіня, як прынцэса з чароўнай казкі... І ёй, і сабе паламаў жыццё.
Зінаіда адчула, што ён і паклікаў яе толькі дзеля таго, каб прызнацца ў тым, што зрабіў, паспавядацца, – і тое ён рабіў, як яна зразумела і адчула, упершыню ў жыцці.
– Дык навошта ж вы так зрабілі? Што кіравала вамі?
– Кіраваў не я, тым больш, не Бог. Нейкае насланнё, нейкі злы і пачварны дарадчык. Я думаў, што ўсё гэта пройдзе, забудзецца, але яно кожную ноч непакоіць мяне, прыходзіць у сны... І мне страшна.
– Тады прасіце ў Бога даравання, малітва да Госпада толькі і можа памагчы.
– Вы гаворыце, як поп... А калі Бога няма, тады што? Вы яго бачылі, Бога?
– Ніхто не бачыў Яго. Але я чую заўсёды Яго прысутнасць.
– Байкі ўсё гэта, казкі для дзяцей...
– Уяўляю, як вам цяжка жыць з вашым болем.
Ён уздыхнуў, паглядзеў у столь:
– Што вам да майго болю? Боль нарадзіў новы боль, новыя пакуты... І ў вас сядзіць, ведаю, боль, але вам нехта памагае пераадольваць яго.
– Бог і памагае, і вам дапаможа...
– Мне ўжо ніхто не дапаможа.
– А вы паверце, што будзе інакш, і яно так і адбудзецца.
З ложка, у самым кутку, падала голас жанчына:
– Дочачка, падыдзі да мяне... Папраў мне іголку, не капае зусім чамусьці...
Зінаіда падышла да жанчыны. Пераціснуты шланжык, кроплі зусім не паступалі ў вену...
– Чаму ж вы маўчалі, раней не клікалі?
– Ды перабіваць вашу гутарку не хацела з маладым чалавекам, – прызналася жанчына, – маладым – маладое...
– Пры чым тут “гутарка”? – пакрыўдзілася медсястра, папраўляючы і рэгулюючы падачу глюкозы. – Я з усімі аднолькава размаўляю... І з вамі магу гэтак жа размаўляць...
Зінаіда злавіла сябе на тым, што апраўдваецца перад жанчынай, хаця яна нічога не дазволенага і не зрабіла. Бо размаўляць з хворымі не забаронена, – але ж у нечым хворая мела рацыю – нельга бавіць час у пустых размовах...
– Калі нешта не так, і калі вы адчулі з-за мяне нязручнасць, то даруйце...
– Ды нічога, дочачка... То я так, вырвалася... Дзякуй табе, ты ўсё добра робіш. Як і твае сяброўкі.
Зноў ціха ў палаце.
Святло ў памяшканні слабое, як усё роўна шэрае.
Бегае зялёная сінусоіда на экранчыку манітора, як усё роўна падміргвае медсястры, супакойвае: “Не хвалюйся, усё ціха і спакойна...”
Больш юнак не клікаў яе. Магчыма, адчуваў сваю віну, што адарваў медсястру ад працы, і што яе папікнула жанчына. Зінаіда, праходзячы паўз яго, чула, як ён пасопваў – здаецца, спаў...
Закончыўся раствор у жанчыны, і Жана Міхнова выцягнула іголку, прыклала вату, змочаную ў спірце, сагнула руку... Мужчына, перанёсшы інфаркт, таксама ляжаў з сагнутай рукой, глядзеў у столь.
Усё зрабілі медсёстры, усім і кожнаму аддалі належнае. Цяпер і прысесці можна, а то і прылегчы... Па вопыце ведалі, што да гадзін чатырох усе праваляцца ў глыбокі сон... Светка Кузіна, скурчыўшы ногі пад сябе, пачала драмаць у крэсле...
Недзе праз гадзіну, калі медсёстры разам з хворымі ўбачылі сны, запіпкаў прыбор каля галавы юнака, які гаварыў з Зінай. Яна прахапілася, адразу прыбегла да яго, старалася зразумець, што ж адбылося...
– М-ммм... то не я, не я... – сіліўся нешта гаварыць, галавой круціў, не адрываючыся ад падушкі, хрыпеў, некаму ці то пагражаў, ці то прасіў аб нечым...
Яна злёгку таўханула яго за плячо, пабудзіла:
– Прачніцеся, Сяргей, што з вамі?
Ён ухапіў яе за руку, сціснуў, зноў захрыпеў, потым, растапырыўшы пальцы, пазногцямі, упіўся ў яе руку каля локця, правёў глыбокіх пяць крывавых пісягоў, закалаціўся, прахрыпеў уголас:
– Ёшшкін ко-оот!..
Яе напачатку апаліў неймаверны боль – руку апякло, як усё роўна яе ахапіў агонь, а, па-другое, яна яскрава ўявіла тую ноч і гэты хрыпаты, злосны вокліч – “ёшкін кот”.
Гэта быў той, начны голас гвалтаўніка і рабаўніка, тыя ж пісягі – пяць глыбокіх драпін на руцэ... На тым жа самым месцы... Ён, гэта ён. Бо той голас яна запомніла на ўсё жыццё, і пісягі, рубцы, няхай не на целе, а на сэрцы, будуць саднець і саднець...
“Вока за вока, зуб – за зуб... Здзек – за здзек...” – шаптала яна няўцямна, не ведаючы, што рабіць у такім выпадку.