Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Бязглузьдзіца, вядома, і, напэўна, яшчэ й пераблытаная ў памяці старых бабаў. Сэнс таго я пакідаю на меркаваньне вашці, калі той сэнс ёсьць. Але нашыя старыя карыстаюцца тым узварам, калі галава забаліць, дзеля палёгкі.
– Тады ў імя караля ідзі й знайдзі якога старога зь меншай вучонасьцю й большымі глуздамі, у каго была б у хаце тая трава! – выгукнуў Гэндальф.
Арагорн укленчыў каля Фараміра, паклаў даланю яму на лоб. Назіральнікі адчулі: адбываецца вялікая барацьба, бо твар Арагорнаў пашарэў ад стомы. Раз-пораз ён выклікаў імя Фараміра, але ўсё слабей чулася яно, быццам сам Арагорн недзе далёка крочыў па цёмным доле, гукаючы заблукалага ў цемры.
Нарэшце прыбег Бэргіль і прынёс шэсьць лістоў у анучцы.
– Вось, пане, каралевіца, але ж ня сьвежая, баюся. Напэўна, яе сарвалі тыдні два таму сама менш. Спадзяюся, пане, яна дапаможа?
Тады, зірнуўшы на Фараміра, раптам заліўся сьлязьмі.
– Дапаможа, – усьміхнуўся яму Арагорн. – Суцесься – горшае ўжо мінула!
Узяў два лісты, паклаў на далоні й дыхнуў на іх, а тады скамечыў – і адразу жывая сьвежасьць запоўніла пакой, быццам самое паветра ажыло й заяскравілася асалодаю. Потым паклаў лісты ў місы з гарачаю вадою – і адразу на сэрцах пасьвятлела. Бо водар крануў усіх згадкай пра росны золак пад чыстым сонцам у далёкім краі – той золак, які толькі здаля нагадвае сьветлыя веснавыя раніцы нашага сьвету. А Арагорн выпрастаўся, узбадзёраны, і позірк ягоны пацяплеў, калі ён паднёс місу да соннага Фараміравага твару.
– Ну, і хто паверыў бы! – шапнула Ярэт кабеце побач. – Зёлка ж значна лепшая, чым я думала. Нагадала мне ружы Імлат Мэлуі, калі я была зусім дзяўчынка, і нават кароль не падараваў бы мне лепшых успамінаў!
Зьнянацку Фарамір варухнуўся, расплюшчыў вочы й зірнуў на Арагорна, які нахіліўся над ім. Сьвятло пазнаваньня й любові запалілася ў ягоных вачох, і ён вымавіў ціха:
– Спадару мой, вашамосьць клікаў мяне? Я прыйшоў. Што загадае мне кароль?
– Выходзь зь ценю, абудзіся! – загадаў Арагорн. – Ты стаміўся. Адпачні, паеш, а тады будзь гатовьі, калі я вярнуся!
– Так, мой гаспадару, – адгукнуўся Фарамір, – бо хто ляжацьме бяз справы, калі кароль вярнуўся?
– Бывай пакуль што, я мушу йсьці да астатніх, якім патрэбны.
I Арагорн пакінуў пакой разам з Гэндальфам і Імрахілем, а
Бэрэганд з сынам застаўся, ня стрымліваючы радасьці. Ідучы сьледам за Гэндальфам і зачыняючы дзьверы, Піпін чуў, як Ярэт выгукнула:
– Кароль, аёй! Ці чулі? А я што казала? Рукі ацаляльніка, вось
так!
I паляцела чутка зь Сядзібаў, што кароль насамрэч прыйшоў у Гондар, пасьля перамогі прынёсшы і ацаленьне, і тое разьнеслася па горадзе.
Падышоўшы да Эявін, Арагорн вымавіў:
– Жудасная рана, цяжкое зьнявечча. Паламаную руку склалі ўмела, і яна загоіцца цягам часу, калі застанецца ў яе гаспадыні воля да жыцьця. Пашкоджаная рука, што трымала тарчу, але ж ліха прыйшло цераз руку, што трымала меч. Хоць яна й цэлая звонку, у ёй амаль не засталося жыцьця. На гора сабе, паўстала спадарычня супраць магутнага ворага, далёка па-за сіламі яе розуму й цела. Тыя ж, хто падыме зброю на такую здань, мусяць быць дужэйшымі ад сталі, каб адзіны жах сутыкненьня ня вынішчыў іх. Ліхі кон прызначыў ёй паўстаць на шляху ведзьмара. Найпрыгажэйшая зь дзяўчатаў, найсьвятлейшая паненка з роду каралёў. Усё ж, ня ведаю пакуль, як казаць мне пра яе. Калі ўпершыню зірнуў я на яе, то заўважыў смутак і тугу, падалося: бачу ганарлівую белую кветку, шляхетную й гонкую, больш зграбную за лілею, – і я ведаў, што тая кветка суворая й моцная, нібы выкаваная эльфавымі кавалямі з сталі. Ці, магчыма, мароз ператварыў пяшчотны парастак у лёд, і так паўстала яна ў харастве й горычы, найпрыгажэйшая, але ўжо ў прадчуваньні кону, падзеньня й гібелі? Далёка ня ўчора пачалася яе хвароба, так, Эямэру?
– Дзіўна, што ў мяне пытаесься, спадару, – адказаў той. – Тваёй віны я ня бачу тут, як і дзе яшчэ, але ж ведаю: мароз не кранаў яе, пакуль упершыню не зірнула яна на цябе. Яна распавядала мне пра тугу й клопат у часы панаваньня Зьмеяротага ды чароўнай каралеўскай немачы, калі сястра даглядала караля, і страх рос у ёй. Але ж ня тое кіравала ёю апошнімі днямі!
– Сябра мой, – вымавіў Гэндальф. – У цябе ёсьць коні на вольным полі, і зброя, і перамогі, а яна, народжаная ў целе дзяўчыны, мае дух й адвагу ня меншыя за твае. Аднак ёй выпала даглядаць старога, якога любіла, як бацьку, і які на яе вачох рабіўся бязглуздым брудным дурнем, у ганьбе й немачы, і доля яе падавалася ёй ня больш ганаровай, чым кульба ў руках старога. Ці ты лічыш, што Зьмеяроты труціў толькі Тэядэнаў слых? "Бязглузды! Твой род Эёрла – лютая абпітая банда! Жывяце ў брудзе й смуродзе пад саламянымі стрэхамі, а вашыя вырадкі поўзаюць па падлозе разам з сабакамі!" Ты ж чуў гэтыя словы раней, ці ня так? Саруман казаў іх, настаўнік Зьмеяротага. Не сумняюся: у Мэдусэльдзе Зьмеяроты гэткі самы сэнс укладваў у словы болей выкшталцоныя й злаўмысныя. Спадару мой, калі б не любоў сястры да цябе ды калі б ня воля, што прымушала выконваць абавязак і зачыніла яе вусны, – магчыма, нешта накшталт Саруманавых словаў сарвалася б зь іх. А хто ведае, што прамаўляла яна цемры ў бяссонную, бязрадасную ноч, самотная, калі ўсё яе жыцьцё, падавалася, сьціскалася ў небыць і сьцены пакою шчэрыліся клеткаю вакол яе, жудаснаю пасткаю, каб утаймаваць ды пахаваць дзівоснае вольнае стварэньне?