Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Урэшце пасля тыдня пошукаў — удалося.
Ён ішоў якраз па Аградовай і пад ліхтаром заўважыў высокую худую брунетку, якая лічыла дробныя грошы.
Друцкі сцішыў крок і чакаў. Павагаўшыся з хвіліну, дзяўчына ахінулася шарсцяной хусткай і ўвайшла ў найбліжэйшую крамку.
Друцкі стаў ля акна. Крамка была малая, і ён добра бачыў абыякавую міну прадаўца і хваляванне на твары пакупніцы. Бутэлечка воцатнай эсэнцыі была схавана пад хусткай, і дзяўчына выйшла.
Яна нерашуча агледзелася па баках, урэшце хуткім крокам накіравалася ў бок плошчы Керцэля. Друцкі думаў, што яна тут затрымаецца, але не: звярнула на Млынарску.
Вуліца была пустая. Друцкі ішоў хутка, баючыся згубіць яе з поля зроку, таму што яна амаль бегла.
Затрымалася дзяўчына толькі пад сцяной могілак і зноў азірнулася. Відаць, яна чакала, калі ён пройдзе.
— Прабачце, — пачаў ён, — ці не ведаеце вы, колькі гэта зараз можа быць часу?
— Не ведаю, — адказала яна дрыжачым голасам. — Можа, гадзін восем.
Друцкі стаў за некалькі крокаў ад яе і жартаўліва сказаў:
— І вы не баіцеся тут упоцемку ля нябожчыкаў?
Дзяўчына адвярнулася ад яго:
— Не чапайце мяне… Не мне баяцца нябожчыкаў, — скончыла яна шэптам.
Друцкі флегматычна закурыў, патушыў запалку і ўздыхнуў з павучаннем:
— З жывымі заўсёды лепей.
— Як каму.
— Любому, — запэўніў Друцкі.
— Ідзіце сваёй дарогай, — загаварыла яна нечакана рэзка і акінула яго журботным позіркам.
— Кінуў?.. — коратка запытаўся ён пасля паўзы.
Дзяўчына закрыла твар хусцінкай і заплакала.
— Дурненькая, — паківаў галавой Друцкі, — гэты кінуў, будзе другі. Ці ж мала мужчын?.. Ды яшчэ для такой маладой і прыгожай… А можа, вернецца.
— Хай яго халера! — не стрымалася дзяўчына. — Хай ён крывёю зальецца! Не трэба ён мне! Ні ён, ні хто іншы! Адыдзіце, чаго вы прычапіліся?!
— Навошта сабе шкодзіць? — не здаваўся Друцкі. — Вы б супакоіліся. Жыць заўсёды варта.
— Вы такі разумны, — усхліпвала яна, — а што, вы думаеце, з гэтым дадуць чалавеку жыць?
— Няўжо хто не дасць?
— Усе. Бацькі з дому выганяць, з працы выкінуць, пальцамі будуць тыкаць. А жыць жа трэба, дзяўчына з дзіцем — дык ніхто і граша не дасць зарабіць… Вось якія людзі.
— І такія, і не такія, — разважаў Друцкі, — а зрэшты, можа, яшчэ магчыма ўсё ўладзіць?
— Позна ўжо, позна. Паганец абяцаў ажаніцца — і ажэніцца. Толькі не са мной. Што ж мне застаецца, дзе я падзенуся, вось хіба тут… за сцяной…
Яна зноў залілася слязьмі.
Друцкі, не цырымонячыся, абняў яе і пагладзіў па плячах:
— Ціха… ціха… Нехта ідзе.
Сапраўды, ля іх прайшлі двое рабочых. Калі іх крокі заціхлі, Друцкі сказаў:
— Я вамі займуся. Мы ўсё зробім так, што пра роды ніхто не даведаецца, і, тым больш, пальцам тыкаць не будзе.
Дзяўчына перастала плакаць і выцерла нос чыстай белай хусцінкай:
— Што ж вы мяне падманваеце…
— Я не падманваю.
— А можа, вы з якой паліцыі ці з магістрата?
Друцкі рассмяяўся.
— Ні з паліцыі, ні з магістрата. Проста ў мяне зашмат грошай, і я хачу вам дапамагчы, бо і мне людзі дапамагалі.
Ён праглынуў сліну і падумаў, што не зманіў. А яму хіба людзі інакш дапамагалі? Можа, за выключэннем Залкінда…
Дзяўчына глянула яму ў вочы, а ён апусціў павекі:
— Хадзем.
Яна моўчкі ішла побач з Друцкім.
— Аддайце мне гэтую бутэлечку.
Дзяўчына падазрона паглядзела на яго і стала:
— Якая вам справа? — запыталася яна.
— А што б вы зрабілі, калі б убачылі, як нейкае дзіця кладзе руку ў агонь?
— Ну, так, але я не дзіця.
— Дзіця, малышка, дзіця.
Яны зноў ішлі моўчкі.
— Куды вы мяне ведзяце?
— Куды? Ну, спачатку мы павінны замачыць наша знаёмства і шчаслівы зыход неразумных намераў.
— Я не п’ю, — затулілася ў хустку дзяўчына.
— І я таксама, — засмяяўся Друцкі, — але так, адзін раз, для настрою. О, хадзем сюды.
Яна не супраціўлялася.
Гэта была маленькая забягалаўка, якіх шмат на Волі. Кафляная падлога, пасыпаная пілавіннем, нізкія вокны, зацягнутыя жоўтым паркалем, чырвоная барная стойка і некалькі столікаў на жалезных ножках. За стойкай быў тоўсты, бочкападобны мужчына з вялікім шрамам на шчацэ і з закручанымі па-вільгельмаўску чорнымі вусамі, якія блішчалі ад памады.
— Маё шанаванне, — буркнуў ён такім тонам, нібыта быў смяротна абражаны.
— Прывітанне, пане гаспадару, — кіўнуў яму галавой Друцкі, не здымаючы капелюша, — вішнёўку і якую-небудзь добрую закуску.
Яны селі ў куток. Акрамя іх, у забягалаўцы быў толькі стары рамізнік, які нават не звярнуў на іх увагі.