Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Дзяўчыне магло быць дзевятнаццаць, можа, дваццаць гадоў, апранута яна была вельмі сціпла, але чыста. Друцкі, хоць падчас сваіх прагулак выкарыстоўваў самае паношанае адзенне, заўважыў, што яно выклікала ў яго спадарожніцы павагу.
Гаспадар прынёс гарэлку, сардэлькі і два відэльцы.
— Агурка? — спытаўся ён.
— Дайце агурка.
Калі яны выпілі па поўным кілішку, дзяўчына ўздыхнула:
— Вы, відаць, і сапраўды добры чалавек!
— Мг, добры…
— На выгляд добры, — слаба ўсміхнулася дзяўчына.
— Вы яшчэ лепшая.
— Што там я, я — не лічыцца… Я сябе загубіла…
— За наша халасцяцкае здароўе! — чокнуў Друцкі ў яе кілішак.
Праз паўгадзіны настрой дзяўчыны ўзняўся. Яна аддала бутэлечку з воцатнай эсэнцыяй, пачала расказваць пра сябе.
Яна была дачкой вагонаважатага трамвая, жыла з бацькамі ў Пэльцавізне[21], а працавала ў магазіне адзення на Садовай, зарабляючы тры злотыя штодня. Так распарадзіўся лёс, бо збіралася яна быць настаўніцай. Скончыла агульнаадукацыйную школу, і яе хацелі аддаць у гімназію. Але тут прычапіўся бессаромны нягоднік і закруціў ёй галаву. Дурная была, і ўсё тут. Цяпер яна за гэта адплаціць. А ён ажэніцца з дачкой афіцыянта, з такой рабой Ядзяй, што нават сабакі на яе выюць, бо, да таго ж, яна яшчэ рыжая.
— А ён?
— Зразумела, слесар, працуе ў Лілпопа. Можа, вы чулі, Валендзяк Юзэф, такі брунет.
— Можа, вы з’елі б што-небудзь гарачае? — прапанаваў Друцкі.
— Добра. Толькі шкада грошай.
— У мяне шмат, мне не шкада.
Ён выняў сто злотых і паклаў на стол.
— Пане гаспадару, можа, чаго-небудзь гарачага?
— Альбо свіная катлета, альбо нічога, — забурчаў гаспадар.
— Загадай зрабіць дзве. А, пане гаспадару, тэлефона тут няма?
— Чаго?
— Тэлефона.
— На рагу, у аптэцы, — працёр гаспадар нос рукавом, паправіў вусы і пайшоў на кухню.
— Я зараз вярнуся, секунду, — сказаў Друцкі. — Толькі пачакайце! Добра?
Дзяўчына кіўнула галавой.
— А дзе я падзенуся? Буду чакаць. Толькі вы ж прыйдзіце, бо калі не, то ў мяне няма чым заплаціць і мяне адвядуць у камісарыят.
— Дык я пакідаю за сябе заклад, — засмяяўся Друцкі, падсоўваючы банкнот пад талерку.
Рассмяялася і дзяўчына. Алкаголь рабіў сваю справу.
Друцкі пагладзіў яе падбародак і выйшаў. Аптэка была побач, і тэлефон свабодны. Друцкі перамовіўся з Бруніцкім некалькімі словамі па-англійску, каб аптэкар не мог зразумець.
Калі ён вяртаўся ў забягалаўку, у галаве яго прамільгнула, што дзяўчына забрала грошы і знікла. Насуперак цвярозаму розуму ён гэтаму вельмі парадаваўся.
Аднак заспеў дзяўчыну за столікам.
— О, вы вярнуліся! — амаль радасна закрычала яна.
— Вып’ем! — адказаў Друцкі, наліваючы кілішкі.
Калі яны выходзілі, дзяўчына была ўжо амаль непрытомная. Друцкі ўзяў яе пад руку, вуліцы былі цалкам цёмныя, і (перш чым дайшоў да ўмоўленага месца) ён не быў упэўнены, ці прыслаў прафесар машыну, тым больш што шафёр патушыў святло.
— Паедзем на таксі? — пыталася дзяўчына, хістаючыся.
— На таксі, — пацвердзіў Друцкі, уцягваючы яе ў машыну.
Дзяўчына заснула амаль адразу на яго плячы.
Друцкі ўпотай праклінаў усё на свеце.
Зараз ён, можа, выскачыў бы, але аўто мчала з нарастаючай хуткасцю. Менш чым праз чвэрць гадзіны яны затармазілі перад варотамі вілы на Дэмбовай.
Відаць, іх вельмі чакалі, таму што вароты адчыніліся адразу ж. Машына зрабіла круг і стала перад маленькімі дзвярамі ззаду вілы ў глыбіні двара. Дзве фігуры вынырнулі са змроку. Дзверцы машыны адчыніліся звонку, і Друцкі пачуў прыглушанае пытанне Бруніцкага:
— Прытомная?
— Не, спіць.
— Алкаголь?
— Так.
— Давай яе сюды.
Друцкі дапамог дастаць бяссільную дзяўчыну і хацеў зачыніць дзверцы, але дакрануўся да нечага вільготнага. Гэта японец мокрай сурвэткай выціраў ручкі і падушкі аўтамабіля.
— Вазьмі за ногі, — шапнуў Бруніцкі.
Яны ішлі, несучы дзяўчыну навобмацак праз доўгі цёмны калідор. За імі чуўся рокат машыны, якая ад’язджала, скрыгат ключа ў дзвярах, якія замыкалі, і хуткія крокі японца.
Доктар Кунокі апярэдзіў іх і запаліў святло.
Гэта быў прыгожы белы пакой, які нагадваў сваёй абстаноўкай санаторый і крыху майстэрню мастака, таму што вокны былі зроблены ў столі.
Дзяўчыну паклалі на ложак. Японец змераў яе пульс, Бруніцкі прынёс прыбор для ін’екцыі і ўпырскнуў ёй пад скуру нейкае лякарства.
— Хадзі, — узяў ён пад руку Друцкага.
Яны зноў ішлі па калідоры, мінаючы ўжо каторыя дзверы, падобныя, як блізняты, да тых, за якімі засталася новая пацыентка прафесара. Усе яны былі абабітыя тоўстым лямцам і не мелі ручак.
21
Пэльцавізна — раней вёска, цяпер тэрыторыя на паўночным усходзе Варшавы.