Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“Я не збочу, Божа, са сваёй дарогі... Што б мяне ні напаткала наперадзе...”
І яе ахутаў сон – моцны, здаровы, светлы і радасны.
Можа, такі першы за ўсе дні ў бальніцы. А мо і за ўсё жыццё...
7.
– Усё, таварышы, – скончыў галоўны ўрач сваё дэкларатыўнае выступленне, – цяпер – за работу! Пяцімінутка скончылася.
Усе ведалі – цяпер да яго нельга падступацца ні з якімі пытаннямі і прапановамі, ніякімі ўдакладненнямі, бо пашле ён туды, дзе Макар цялят не пасвіў, і абмацюгае яшчэ, не трымаючыся ніякага этыкету...
Галоўны “выклаўся”, аддаўшы ўсю сваю сілу і імпэт, выканаўшы кіраўнічы доўг і сверб перад калектывам... Аж пот на ілбе выступіў, у вачах напружанасць і сур‘ёзнасць. Калі ўсе выйдуць, ён абавязкова глыне некалькі таблетак альбо прыме чарачку каньяку. Кіраваць дактарамі, гэта не клізму хвораму паставіць...
Зінаіда Паўлаўна з душнага кабінета выйшла амаль апошняй, а, выйшаўшы, на прасторны калідор, глыбака ўдыхнула паветра.
Дзве гадзіны ўпустую, дзве гадзіны балабольства. Дзеянняў і зрухаў – ніякіх, адныя словы, словы, словы...
А як зайшла ў кабінет, то і хвілінкі не ўдалося адпачыць пасля “пяціхвілінкі” – адразу прыбегла старшая медсястра, роспачна спытала:
– Зінаіда Паўлаўна, чым, скажыце, працаваць?
І – пачалося...
І два, і тры тыдні, і на чацвёрты пераваліла, як Зінаіда знаходзілася ў бальніцы.
Аляксандр Львовіч праверыў яе твар, дакрануўся пальцамі:
– Усё, Зіна, будзе добра... Добры замежны крэм зрабіў сваю справу. Ледзь заўважны пакуль застаўся след, палоска, але і ён знікне ў бліжэйшы час.
– Дзякую вам, Аляксандр Львовіч...
– Такі твар нельга пакінуць без увагі, такі твар – багацце рэспублікі. Вас ніколі не запрашалі здымацца ў кіно?
Доктар жартаваў, ён радаваўся, што знайшоў правільнае лячэнне. Доктар меў добрую і чулую душу, і вельмі ж хацеў, каб на яе абліччы не засталося нават і кропачкі, якая псавала б яе артыстычны твар...
– Ды яксьці не атрымалася... Ці то я непаглядная, ці яны сляпыя...
– А шкада. Вельмі шкада. Сляпыя, няйначай, кіношнікі. Ну, што, праз два-тры дні я адпускаю вас дадому. Толькі яшчэ трэба раз зрабіць паўторна аналізы, каб пераканацца, што нічога вам больш не пагражае...
– Дзякую за клопаты, доктар!
Аляксандр Львовіч уважліва паглядзеў ёй у вочы:
– І яшчэ, Зінаіда, вось што. Я ведаю, што вы выдатная медсястра. І Ларыса пра вас расказвала тое ж. Ці не хацелі б вы у нас працаваць? У абласной бальніцы. Я адразу не чакаю ад вас адказ. Вы падумайце, паразважайце, узважце ўсё...
– Прапанова нечаканая, не ведаю, як і аднесціся да яе...
– А як хочаце, так і адносцеся. Пазней вы можаце атрымаць рэкамендацыі і накіраванне для паступлення ў медыцынскі інстытут – на лячэбнае аддзяленне.
– Нават так?
– Нават так... – заўсміхаўся доктар, зразумеўшы, што абрадваў яе сваёй прапановай і перспектывай.
– Я буду думаць. Але напачатку я павінна пабыць у родным калектыве...
Доктар кіўнуў галавой, згаджаючыся з ёю.
Зінаіда ніколі не прымала неабдуманых рашэнняў, таму і тут аднеслася спакойна да прапановы, хаця ж і адчула, што недзе на донцы душы яна будзіць салодкія мроі...
Але ўсё ж адмахнулася ад гэтых думак і мараў, бо іншае непакоіла яе – трэ вяртацца на працу. І таму тачыла, грызла думка: “А як жа аднясецца да мяне калектыў рэанімацыі? Я, як і раней, буду лепшай, як казала загадчыца аддзялення, медсястрой, ці стану той, якая з, падазронай ужо, плямінкай? Праўда ж ніколі не бывае праўдай, бо яна нецікавая, а вось калі да яе далучыць тое, чаго не было, то тады – ого-го!..”
Зінаіда падышла да акна, за якім мароз панавешваў на галіны дрэваў снежныя карункі, і прыгажосць заінелай раніцы перасялілася ў яе сэрца, – і тады ж яна махнула рукой на свае перасцярогі, весела праказала сабе:
– Чаму быць, таго не абмінеш!
Такой жа бесклапотнай і вясёлай, гордай і незалежнай з‘явілася яна праз колькі дзён у аддзяленні рэанімацыі. Зайшла найперш да старшай медсястры, павіталася, нямала здзівіўшы яе сваім выглядам...
– Добры дзень, Алена Дзімітрыеўна! – амаль па-вайсковаму далажыла непасрэдна сваёй начальніцы дзяўчына, – прыбыла для выканання сваіх прафесійных абавязкаў!..
– Ну, ты і даеш, галуба, яшчэ прыгажэйшай стала! – здзіўлялася, не перастаючы, старшая медсястра, не зводзячы вачэй з маладога гожага твару. – Венера ты мая ненаглядная...
Абняла яе, прытуліла да сябе, пацалавала.
– Вера Пятроўна на месцы?
– Ды ў сябе, дзе ж ёй быць?