Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Захоп лацінянамі Канстанцінопаля адбыўся ў 1204 г.
«Так, — думалася Жывене, — усё правільна. Святазар вучыў нас, што дух і справы даўно памерлых усё яшчэ жывуць разам з іхнімі рэчамі. Таму такімі асцярожнымі трэба быць з даўніною, якая пераходзіць ад пакалення да пакалення, несучы з сабою не толькі добрае».
Пасля той размовы яна мала згадвала пра гаспадыню, але аднойчы слугам загадалі сабрацца перад палацам.
Побач з галоўным пасцельнічым Феафілактам на прыступках стаяў нізкі каржакаваты чалавек, пры поглядзе на якога Жывена ўздрыгнула: раскосыя вочы і выдублены карычневы твар нагадалі ёй Кагедэя і крывавую ноч захопу. Чалавек павольна пайшоў уздоўж рабоў і наёмных слуг, углядаючыся ў іх твары. Ён спыніўся быў перад Фацімою, але, падумаўшы, пайшоў далей. Злавіўшы позірк Жывены, хмурна запытаўся ў яе:
— Цябе купілі ў манголаў?
Грэчаская яго мова была падобная да гартаннай мангольскай, але, зразумеўшы сказанае, яна ўпілася ў яго позіркам і сама запыталася ў адказ тое, што прыйшло да яе паміма волі, нібы падказанае:
- І цябе таксама?
«Што ты чалавек Духу, я ўбачыў адразу, — сказаў ёй пасля Галдан Цэрэнхан. — А калі згледзеў страх у вачах, зразумеў, што ён ідзе ад маёй знешнасці. Але тыбетцы ніколі не хадзілі ў паходы супраць славян і не гандлявалі імі».
Так увайшоў у жыццё Жывены тыбецкі лекар Галдан Цэрэнхан, захоплены ў палон падчас вандравання, куплены пасля захопу Багдада візантыйскім дыпламатам і прывезены ў Цар-горад, дзе ён выкупіў сябе сам. Слава аб ім шырока разышлася па сталіцы, ды тыбецец толькі адрабляў свой доўг візантыйцу Зянону і цяпер збіраў грошы на зваротны шлях, таму прыняў запрашэнне коміта наведаць ягоную жонку. Але пасля першага ж агляду ён папрасіў Нікіфара, каб той даў яму сваю руку. А праслухаўшы пульс*, заявіў гаспадару:
— Твая жонка можа памерці адразу пасля жніва, але калі за ёю будуць назіраць з любоўю і клопатам, то гэта адбудзецца якраз перад другою сяўбой**.
* Славуты тыбецкі трактат «Чжу-Шы» рэкамендуе лекарам пры хваробе жонкі слухаць пульс мужа, і наадварот.
** У Візантыі сеялі пшаніцу ў кастрычніку-лістападзе, а некаторыя злакі і ў лютым.
Слугі, якія расказвалі пра гэта, распавядалі, што коміт ускочыў, як апечаны.
— Толькі Госпад Бог ведае, калі хто памрэ! — закрычаў ён. — Якой сілай ты лечыш, няхрышчаны чалавек з далёкай краіны?!
— Сіла, якая падказала чалавеку, як лячыць сабе падобных, адкрыта яшчэ ў тыя часы, калі нават не было такога пышнага горада, як твой, — яна светлая, жыццядайная. Па пульсе лечаць і вашыя дактары, але яны шмат думаюць пра мітусню свету. Дваццаць год у цішыні снежных гор, толькі сам-насам з настаўнікам і мудрасцю гор, вучымся мы разумець пульс жыцця і пульс смерці. А яшчэ сны. Давай зойдзем зноў да тваёй жонкі і спытаем, каго яна найчасцей бачыць у сне. Калі яе клічуць бацькі ці родныя — гэта знак, што час збірацца пад вечнае крыло Быцця.
Яны пайшлі да Еўдакіі.
— Каго ці што найчасцей ты бачыш у сне? — запытаўся лекар.
Гаспадыня задумалася.
— Да мяне часта прыходзіць маці. Яна працягвае руку.
— А ты?
— Я хачу да яе і баюся.
— У што яна апранутая?
— Яна выглядае як імператрыца: у пурпуровым плашчы, чырвонай павязцы на галаве, на якой нашытыя смарагды і брыльянты, а на скронях — белыя жамчужныя ніці. Мне страшна, мне так страшна!
— Не бойся гэтага сну, ён нясе выбаўленне ад пакут, — абнадзеіў яе тыбецец.
— Праўда? — узрадавалася Еўдакія. І яна ўсё працягвала ўсміхацца, доўга пасля таго, як лекар і муж пайшлі. Але адразу за дзвярыма лекар стаў развітвацца з Нікіфарам.
— Ты пакідаеш мой дом? Еўдакія адразу зразумее ўсё. Прашу цябе — зрабі выгляд, што лечыш, змякчы яе невыносныя пакуты, калі можаш, — коміт перамяніў тон, і слёзы выступілі ў яго на вачах. Тады лекар згадзіўся застацца, але вырашыў сам выбраць слугу для догляду. Выбар яго спыніўся на маладой жрыцы.
Першыя дні, калі гэты непарушна спакойны, падобны да адзінокай абсушанай сонцам каменнай глыбы, што ляжыць у стэпе, чалавек паказваў, як даваць хворай лекі і ваду, Жывена курчылася, рукі яе рабіліся няўмелымі і нягнуткімі. А можа, так уздзейнічала на яе гаспадыня, якая, агледзеўшы маладую рабыню, варожа-капрызліва стала як бы адмахвацца ад яе празрыста-жоўтай схуднелай рукой: