Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Фаціма часта брала з сабою новую рабыню, і яны ішлі на гаманкія царгародскія кірмашы, дзе спрытна махалі крыллямі дзівосных тканін нястомныя рукі купцоў, бразгацелі сярэбранымі бранзалетамі і завушніцамі, дзынькалі сінімі, чырвонымі, жоўтымі венецыянскімі шкляніцамі і вазамі чорна-, жоўта- і беласкурыя прадаўцы. У лаўках жа, дзе прадаваліся славутыя эгіпецкія духмяныя алеі, якімі абцірае сваё цела жанчына перад начнымі ўцехамі, Фаціма гатовая была круціцца гадзінамі.
— Гэтым піхтавым алеем націралася царыца Эгіпта Клеапатра, а таксама наша імператрыца Зоя*! — трашчала яна. — Зоя памерла ў 72 гады, і на яе твары не было ніводнай маршчыны! А замуж яна выйшла ў 50 гадоў, і пасля рабіла гэта яшчэ двойчы. Апошні ж раз яна ашчаслівіла бязроднага рамея, пляменніка еўнуха, які праз яе стаў імператарам, а затым выслаў парфірародную** Зою на далёкі востраў!
* Зоя разам з сястрой Феадорай правіла імперыяй у 1042 г.
** Дзеці імператараў нараджаліся ў спецыяльнай пурпуровай палаце.
— А вось гэтай пахкасцю любіла абціраць сябе прыгажуня Касія*, і яна спадабалася імператару Феафілу. Аднак жа калі ён упэўніўся ў яе незвычайным розуме, то адвергнуў яе і саслаў у манастыр, дзе яна ад гора пачала пісаць вершы, вельмі злосныя і едкія…
* Касія нарадзілася каля 810 г.
— А гэты вось ружавы алей, што прысылаюць баўгары, не знікаў з шуфлядак дачкі карчмара Феафано*, якая за сваю боскую прыгажосць стала ўсемагутнай імператрыцай рамеяў!
* Жонка імператара Рамана ІІ, які правіў з 959 па 963 г.
Жывена была раўнадушнай да касметыкі і сакрэтаў жаночай вабнасці: прырода і багі даюць патрэбныя чары, і не след павялічваць іх штучна. Але цікавіла яе ўсё, звязанае з дзяржавай рамеяў, таму слухала яна нястомную Фаціму, не перабіваючы.
Дзед шмат расказваў ёй пра сваё жыццё на Афоне, пра звычаі грэкаў, пра дзяржаву іх, заснаваную вялікім Канстанцінам у першыя стагоддзі хрысціянскага летазлічэння* ў процівагу саслабелай Рымскай імперыі. Збудаваныя гэтым хрысціянскім імператарам палацы і сады на месцы невялікага гарадка Візантыя паклалі аснову будучай сталіцы, названай у гонар Канстанціна, дзе жыхары сталі адразу ж называць сябе рымлянамі — рамеямі, а свой горад — Новым Рымам. Раздзел самай магутнай у свеце Рымскай імперыі на Ўсходнюю і Заходнюю праз некалькі стагоддзяў выліўся ў раздзел самой хрысціянскай царквы**, але Жывена не магла зразумець, чаму так утрапёна змагаюцца цяпер адна супраць другой гэтыя галіны аднаго дрэва.
* Канстанцін Вялікі правіў з 324 па 337 г.
** Раздзел рэлігій на праваслаўную і каталіцкую адбыўся ў 1054 г.
Расказваў яшчэ дзед, што менавіта ў Цар-горад былі высланыя разбітыя кіяўлянамі полацкія князі і іхнія сем'і. Як добра было б нешта даведацца пра іх лёс. Можа, варта было б пайсці на рускае падвор'е, дзе жывуць купцы з Кіеўскага, Маскоўскага і Галіцка-Валынскага княстваў? Але калі яна папрасіла Фаціму разам з ёю пайсці туды, жанчына спалохана адмовілася:
— Гаспадар не дазваляе нікуды хадзіць самім. Папрасіся, і, калі дасць дазвол, пойдзем.
Але Нікіфара каля трох месяцаў не было ў сталіцы. Казалі, што імператар адправіўся на зімовыя паляванні некуды ў далёкую сваю вілу, і коміт павінен быў быць пры ім неадлучна. Гаспадыня ж дома з ложка не ўставала, і немагчымай была б просьба неяк дайсці да яе.
— Якая яна, камітэса Еўдакія? — пацікавілася Жывена ў жонак Саліма. Яны разам засакаталі:
— Ніякая, цень, дый годзе!
— Была прыгажуняй, а цяпер…
— Гаспадар яе шкадуе, яна высакародная і разумная…
— Каб ты бачыла, якія ў яе пакоі! — захаплялася Фаціма. — Шаўковыя завесы з залатымі львамі, на падлозе ўзоры з дубовых дошчачак, на сценах мазаіка з кветак. А вокны каляровыя, так што святло ўзорыстае ідзе праз іх, цуд! А парфумай пахне, як… як у райскіх садах!
— Мабыць, ёй не да ўсёй гэткай прыгажосці, калі яна хворая, — задуменна адказала Жывена. — А што кажуць лекары?
— Самыя знакамітыя візантыйскія дактары ў нас перабывалі. Колькі залатых намісмаў аддаў ім гаспадар! — распавядалі жанчыны. — Быццам бы трохі адыдзе хвароба, а пасля яшчэ з большым імпэтам грызе бедную.
- І ікона цудатворная не дапамагае, — уставіла Фаціма. — Хаця хрысціяне вельмі захапляюцца ёю, а дактары заўсёды становяцца на калені, калі прыходзяць у спальню да камітэсы.
Яна расказала пра тое, што продкі Нікіфара выратавалі падчас нашэсця лацінян і захопу імі Візантыі* ікону, якая належала імператрыцы Зоі. Казалі, што парфірародная магла па ёй прадказваць будучае: калі ікона была ясная і фарбы не мяняліся, то можна было супакоіцца. Калі ж лік Багамаці станавіўся цьмяны — чакай бяды. Бацька Нікіфара хацеў аддаць ікону ў палац, але імператар сказаў: «Калі ікона сама выбрала сабе ўладара, хай у яго і застаецца». Праўда, шэпчуцца, нібы ён баіцца цудатворнай іконы, бо яна — грэчаскага пісьма і належала сапраўдным парфірародным, а не нейкім там заходнім рыцарам, у якіх дзяды яшчэ былі пастухамі…