Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Раптам на даволі плаўным павароце ён убачыў за паўтара дзясятка метраў перад сабой статак кароў.
Друцкі не зменшыў хуткасць.
Налева бегла вузкая і няроўная палявая дарога. Ён звярнуў на яе.
Машына подскакам налятала на калдобіны.
«Ліха з ёй, з машынай», — пранеслася ў яго галаве.
Калі б ён не сціскаў руль абедзвюма рукамі, то вылецеў бы ўверх, як мяч.
«Ліха з ёй!»
Дарога ішла паміж загонамі, якія ўздымаліся па абодва бакі, звівалася ў бессэнсоўныя петлі і збягала да малой, шырока разлітай і на першы погляд неглыбокай рачулкі, за якой даволі стромка ўзнімалася на пагорак.
Вада са свістам узвілася двума шырокімі фантанамі з-пад колаў аўто.
— Ёхо-о-о-у! — крыкнуў на поўныя грудзі Друцкі, не чуючы ўласнага голасу.
На шчасце, дно было роўнае і, мокры да апошняй ніткі, ён праехаў рэчку ўброд.
З пагорка ён убачыў малую вёсачку, да якой якраз і вяла дарога, і шалёна заруліў прама на ўзаранае поле.
Гэта былі пякельныя арэлі, але ён гэтага амаль не адчуваў. Мчаў проста на драўляны плот перад сабой. Прама перад ім Друцкі схіліў галаву і яшчэ даў газу.
Дошкі не былі ні тоўстыя, ні надта моцныя, таму што яны ні на секунду не затрымалі машыну. Кароткі трэск, бразгат разбітага шкла фар, скрыгатанне па жалезе капота — і аўто выскачыла на шашу.
Друцкі перастаў газаваць і націснуў на тормаз.
— Я вар’ят, — сказаў ён уголас.
Навюткая машына выглядала нікчэмна. Эмаль паадпадала, буферы былі пагнутыя, запасное кола ён недзе згубіў, і ўся машына была ў гразі.
Друцкі рассмяяўся:
— Наўпрост у Творкі[20].
На шчасце, ні рухавік, ні шасі не былі пашкоджаны, а машына, па меншай меры, ехала нядрэнна, хоць усё ў ёй бразгатала і скрыгатала.
«Трэба яе адразу аддаць у рамонт, — падумаў Друцкі, едучы павольна ў бок горада, — каля дзвюх тысяч будзе каштаваць гэта вар’яцкая язда».
Аднак ён не шкадаваў пра гэта. Аўто было знішчана, сам ён адчуваў стому ва ўсіх мышцах і боль у карку, але настрой значна ўзняўся. У рэшце рэшт, ён мог дасягнуць таго самага і без псавання машыны. Палётаць па полі з высунутым языком ці пастукаць галавой аб сцяну…
— Божа мілы! — схапіўся за галаву аўтамайстар, калі ўбачыў, у якім стане ўчора прададзены навюткі аўтамабіль. — Што адбылося? Вы трапілі ў аварыю?
— Не, — смяяўся Друцкі, — не трапіў. Проста ваш «фулд» ашалеў і панасіў мяне па бездарожжы.
— Як гэта?! Тармазы не працавалі?
— Працавалі, толькі так звяруга мчаў, што не было калі тармазіць.
Майстар недаверліва паглядзеў на яго, перакінуўся кароткім, шматзначным позіркам з механікам і сказаў:
— Ага!
— Вы думаеце, я звар’яцеў? — сур’ёзна спытаўся Друцкі.
— Што вы, барані божа! — непераканаўча запярэчыў інжынер.
Раптам у Друцкага ўзнікла ідэя напужаць інжынера. Ён нечакана падскочыў і крыкнуў:
— Віват!
— Можа, вам адпачыць? — нясмела прапанаваў інжынер. — Можа, шкляначку вады?..
Друцкі не стрымаў смех:
— Не хвалюйцеся, мне ўжо лепей. Дык калі вы думаеце адрамантаваць гэтую клячу?
— Не менш як праз тыдзень, — выказаў меркаванне інжынер, стараючыся трымацца як мага далей ад небяспечнага кліента.
Таму ж, відаць, сапраўды стала лягчэй, бо ён ужо зусім па сутнасці і спакойна пачаў гаварыць пра дэталі справы.
— Але вы нерваваліся, — з палёгкай развітваўся з ім інжынер.
— Дарагі вы мой, — сказаў Друцкі, хвіліну падумаўшы, — я страшэнна нерваваўся і вырашыў пазбавіцца ад гэтага настраёвага бзіка, як казалі нашы дзяды.
У атэль ён вярнуўся пешшу і лёг на канапу. Друцкі быў вельмі стомлены і адразу ж заснуў.
Калі ён прачнуўся, было ўжо цёмна. Дырэктар апрануўся і паехаў у «Аргенціну».
Ён зноў быў у нармальным, вясёлым настроі, жартаваў з персаналам і смяяўся.
Ад бзіка ён пазбавіўся, аднак трывога не адступала.
Найбліжэйшыя дні Друцкі прысвяціў абследаванню «тэрыторыі» і роздумам над пастаўленым заданнем. З гэтай мэтай ён бадзяўся па ўскраінах.
Ён вырашыў абмежавацца выключна самазабойцамі. Таму чытаў цяпер хроніку здарэнняў у жоўтай прэсе.
У Варшаве штодзень некалькі маладых дзяўчат пазбаўляліся жыцця. Але яму не шанцавала. Адзін раз, праўда, ён убачыў маладую жанчыну, на выгляд кухарку, у якой быў вельмі сумны твар, і сядзела яна на чыгуначным пераездзе, але не мела намеру кідацца пад поезд, а без лішніх цырымоній прызналася, што калісьці сустракалася тут са знаёмым дарожным рабочым і цяпер прыходзіць на гэты пераезд, бо «прыемна ўспомніць».
Бруніцкі тэлефанаваў два разы з інтэрвалам у некалькі дзён, пытаўся пра навіны.
20
Творкі — слэнгавае, абазначае мясцовасць, дзе ёсць псіхіятрычная клініка.