Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
І тут Аляксандр вылез з клеткі. З некаторай цяжкасцю.
Таму што на руках у яго сядзела…
Пранціш не мог падабраць вызначэнняў для гэтай пачвары.
Велічынёй з парсюка.
Кароткая сівая поўсць, з-пад якой прасвечваецца ружовая скура.
Цела ўсё ў складках тлушчу.
Пыса. Больш пляскатая, чым пацучыная, нібыта хтось даў у доўгі нос, і ён задраўся, сабраўся складкамі.
Вочы. Таксама большыя, чым у пацука, і не чырвоныя, а нейкія малочна-блакітныя, мутныя.
— Прыгажуня мая. Ты проста цуд. Ніколі такога хараства не бачыў.
Алесь прыгаворваў гэта на вушка пачвары, якая выглядала цалкам задаволенай, і кончык яе носу час ад часу варушыўся, бы ў састарэлай паненкі, што нюхае падораную кавалерам нібыта парыжскую парфуму.
Калі княскія прыслугачы пабачылі на руках госця пачвару, знямелі, збялелі і пачалі чамусь адступаць. І пацукі замёрлі.
— Што… што гэта? — не вытрымаў Вырвіч.
— Гэта пацучыная каралева, — спакойна, але трохі задыхліва патлумачыў малодшы Лёднік, трохі расстаўляючы ногі, каб не ляснуцца са сваёй прыгажуняй. — У пацукоў, як у пчолаў, ёсць каралева. Я так і думаў, што яе трымаюць дзесь тут. А цяпер. адчыняйце ўсе клеткі. Хутчэй!
Клямкі адна за адной зляталі. Пацукі выбягалі і затаплялі калідор. І ландскнехты, і прыслуга адступалі перад гэтай арміяй, бо нават непасвечанаму было ясна: у яе новы кароль. Той, хто трымае на руках каралеву. Хоць бы яе ў начных жахах не бачыць, барані, Госпадзе.
Герцаг нешта заверашчаў, падобна, падзываючы сваіх здрадлівых гадаванцаў. І тыя закруціліся, замітусіліся, разгублена пазіраючы то на новага гаспадара, то на старога. Алесь перарывіста прамовіў:
— Герцаг перашкаджае. Я не ведаю, як імі ўсімі кіраваць. Я ніколі такога не рабіў.
Цяжка апусцілася на ягонае плячо рука бацькі, і цяжка прамаўляліся словы:
— Засяродзься, сын. Уяві, што паміж тваіх броваў распаленая кропка.
Пранціш зразумеў: Бутрым перадае тыя, таемныя, веды. Ад якіх адрокся. Якія ненавідзеў. Але не было калі за гэтым назіраць. Вырвіч перахрысціўся і адгарадзіўся шабляй ад Рыфэншталя. У адрозненне ад іншай прыслугі, пацукі таго пужалі не болей, чым хатнія куры. А вось палаш у жалезнай руцэ інжынера — гэта было трывожна. Удар. Скачок. Яшчэ ўдар. Шчасце, ніхто не страляў — відаць, герцаг баяўся забіць сваіх хвастатых гадаванцаў. Але жалезная рука адбівае лязо лепей за шчыт. Палаш зрэзаў русявыя пасмы былога менскага суддзі ля самага твару. Яшчэ трохі — і без носу мог слаўны ліцвінскі шляхціц застацца. А вось такі прыёмчык, пераняты ў Чорнага Доктара, ведаеш? Пранціш праехаўся каленьмі па засмечанай падлозе. Паранены ў бок Рыфэншталь зваліўся на пустую клетку. Па ім тут жа прабеглі пацукі, якія цяпер чулі голас толькі аднаго караля.
Алесь пёр раскормленую пацучыху-парсючыху, за ім насцярожана рушылі старэйшы Лёднік і Вырвіч, іх ахоўвала пацучынае войска. Шэрыя хвалі віравалі вакол і гатовыя былі змесці, згрысці ўсё, што перашкодзіць шляху іхняй каралевы. Людзей герцага бы пацучыным хвастом змяло. Фон Рутгер, які, відаць, усвядоміў, што ягоныя гадаванцы яго больш не слухаюцца, ад’ехаў у крэсле да дзвярэй.
— Я не памыліўся ў вас, гер Аляксандр. Яна нават мне не дазваляла ўзяць сябе на рукі. Шкада, што давядзецца вас пакараць.
Герцаг пацягнуўся да металёвага шчыта збоку ад дзвярэй, утырканага маленькімі падважнікамі. Пранціш і Бутрым не паспелі падбегчы — уладар Норнберга тузануў адзін з іх:
— Шкада, такі чалавечы матэрыял знікне!
Нешта заскрыгатала, шэрыя воі замітусіліся, але чамусь не наважваліся кінуцца наперад. Паміж герцагам і стайняй пацукоў проста з падлогі выраслі вострыя дзіды густой рашоткі, а падлога пад нагамі падазрона задрыжэла. Па задаволеным сплюснутым абліччы фон Рутгера было зразумела: бунтаўнікоў зараз чакае смерць. Пакутлівая і непрадказальная.
Але да рашоткі, расштурхаўшы нагамі пацукоў, кінуўся Лёднік. Бутрым нічога не рабіў. Ён проста стаяў і глядзеў на герцага праз краты, трохі схіліўшы галаву і напружыўшы плечы. Раптам сплюснуты твар герцага перакрывіўся, нібыта ад страшэннай напругі. Фон Рутгер неяк дзіўна тузаўся, нібыта не ў змозе адарваць руку ад падважніка. З тонкіх бледных вуснаў вырывалася падобнае да пацучынага віскату: