Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Я прыгнала нашых уцекачоў, у хляве зачыніла, – паведаміла гаспадару.
Кастусь запытальна паглядзеў на гаспадыню, чакаў, калі патлумачыць. І яна патлумачыла:
– То нашыя парсюкі... Як толькі пачынаюць падаць жалуды, мы іх адпраўляем на гэты пачастунак. З усіх хатаў іх назбірваецца пад сотню, а то і больш... Дык яны так прывыкаюць на волі, што потым і дадому вяртацца не хочуць. Мужыкоў яны не прызнаюць, а вось нас, жанчын, якія іх кармілі, успамінаюць нашы галасы і адгукваюцца, мы іх тады і прыводзім дахаты... Маіх усіх было пятнаццаць, і ўсе цэлыя...
– Пятнаццаць? – перапытаў Віктар. – А зімой чым корміце?
– Ды хапае жыта і бульбы, гарбузоў і кукурузы... Абы елі.
– Міхей, а калі хто захварэе, як паклікаць доктара?
– А навошта? У нас ніхто не хварэе... А калі хто так, на жывот ці гарачку, то ёсць травы, ёсць бабуля-знахарка... Калі хто нараджаецца, то кожны мужчына ўмее прыняць роды. Я дык пяцярых прыняў у сваёй Аўдолі. Мы ўсё ўмеем – мы самі сабе лекары, самі і павітухі. Бярыце, даражэнькія, вось уюны каштуйце, смаката незвычайная... А вы ведаеце, шаноўныя, што сушоныя ўюны развозяць ад нас па розных гарадох, – у Кіеў і Вільню. Казалі нам, што яшчэ чатыры стагоддзі назад у Вільні, на Вялікай вуліцы, якая называецца “амбары”, пінчукі прадавалі свае тавары – сушаную і вэнджаную рыбу, сала, кумпякі, салёныя качкі ў бочачках, грыбы сушаныя... А яшчэ – воск і мёд, палатно і асаблівую тонкую тканіну для завешвання вокнаў, каб не ляцелі мухі і камары... А якія зімовыя шапкі цёплыя выраблялі! А жыхары Давыд-Гарадка і Петрыкава прысылалі самаробныя непрамакальныя боты, апрацаваныя дзёгцем. То вы думаеце, што калі паляшук, дык толькі ў лапцёх ходзіць? Ды не, ён як пан на сваёй зямлі, што летам, што зімой... У мяне вунь на кожнага па пары, але і ад лапцей не адмаўляемся: пахадзіць па цёплым балоце летам – адна асалода...
Потым Аўдоля прынесла ў глінянай місе салёныя рыжыкі, у другой – баравічкі. Паставіла перад братамі, ласкава ўсміхалася, радая, што яны не адмаўляюцца ад яе страў.
– У нашай вёсцы людзі дажываюць да ста дзесяці гадоў, – тлумачыў ахвочы да слоў Мацей, выціраў сурвэткай губы ад тлушчу. – Так, цяжкая праца, непасільная, бо прыгонныя мы, дарма, што вольныя... Але вольныя ўмоўна, бо мы ў балотнай клетцы, куды пасяліліся па добрай волі, адкуль няма ні выхаду, ні праходу... На сухоты ў нас ніхто не хварэе. Напэўна, балоты нашыя лекавыя, прыдатныя для жылля.
– І наколькі прыгоннае права дае пра сябе знаць? – не ўтрымаўся, папытаўся малодшы Каліноўскі. – Ці не хацелі б вы быць зусім-зусім вольнымі, не адрабляць паншчыну, быць самі па сабе?
Мацей прыжмурыў вока, хітранька усміхнуўся:
– Самі па сабе? А дзе гэта такое ёсць у свеце? Ёсць селянін і над ім пан, ёсць рабочы, а над ім фабрыкант, ёсць чалавек, няхай хоць цар, але і над імі – Бог. Не, браточкі, вольнымі мы ніколі не будзем, ні пры якай уладзе. Такога не можа быць. А прыгоннае права... Мы не выходзім на паншчыну, але аддаем частку з таго, што вырабляем. Мы ведаем, што мы ў пана Замошскага, але яго ніводнага разу не бачылі. І нам так добра, мы самі па сабе, як ты кажаш.
Кастусь дастаў з кішэні некалькі газетак, падаў Мацею.
– Гэтая газэтка для мужыкоў, для прыгонных мужыкоў. Раз ты, Мацей, кажаш, што валодаеш граматай, то я думаю, што ты прачытаеш яе сам, і потым прачытаеш іншым. Па ўсім краі паўстае мужык, каб пазбавіцца гэтага ярма – паншчыны, прыгоннага ўціску. Калі не можаце самі ўзяцца за косы і вілы, хаця ў нас ёсць і зброя, то мы просім, каб вы дапамаглі ў паўстанні. Памаглі тым, што ў вас ёсць – адзеннем, правіянтам.
Мацей прачытаў:
– “Му-жыцкая праў-да”.
Прабег вачыма па радках, перагарнуў, прачытаў унізе:
– Яська з-пад Вільні. Гэта хто – мужык, дваранін, пан?
Кастусь заківаў галавой:
– І мужык, і пан. Бо кожны з нас пан свайго жыцця. Вось і ты – і паляшуцкі пан, і мужык-паляшук.
Мацей пахітаў галавой:
– Цікава гаворыш. Можа ты і пісаў гэтую газетку, га?
– Усё можа быць, Мацей. Дык як з маім пытаннем?
Гаспадар падпёр рукой сівую бараду, пашкроб яе тоўстым пальцам, задумаўся. Уздыхнуў, паглядзеў пільна ў вочы хлопцу. Гаспадыня, адчуваючы, што яе прысутнасць непажаданая, паднялася і выйшла з хаты. Чулася яе спрадвечнае “цып-цып-цып” – склікала курэй, сыплючы на зямлю пшаніцу і проса.
– Калі ўсе сяляне бяруцца за зброю, то ці можам мы заставацца ўбаку? Безумоўна, не... Мы не толькі будзем памагаць харчам, а і выдзелім некалькі дзесяткаў мужыкоў для паўстанцкіх атрадаў. Маіх трое сыноў возьмуць у рукі зброю. А ў іх ёсць свая зброя.