Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 140
Перейти на страницу:

— Гэта — Хухедэй-Мяргену, — паказваючы на сузор'е Паляўнічага*, коратка прамовіла Аварга, убачыўшы, як ледзь не выпусціўшы ў вогнішча дзіця, скаланулася Жывена. А Кагедэй задаволена агледзеў сваю ахвяру і з гонарам паказаў сваячцы, як метка ён стрэліў — у самую сярэдзіну горла. Астатнія палонныя з жахам глядзелі на мёртвую, не думаючы выконваць загад мангола — падцягнуць Раду на вогнішча, каб яно спаліла яе і іскрамі прынесла вестку Нябеснаму стралку, валадару грамовых стрэлаў, аб павазе да яго слаўнага воіна Кагедэя. Гэта зрабіла за іх Жывена, прашаптаўшы малітву багіні Мары, каб была яна літасцівай да вясёлай кабеты, што так нечакана скончыла сваю зямную дарогу ў голым стэпе, у дні шляху ад разбуранага Кіева, які і цяпер, праз васемнаццаць гадоў, не адбудаваўся. Так казалі сустрэчныя купцы, якія ўзялі ў Кагедэя трох палоннікаў і прапаноўвалі аддаць ім Жывену. Тады ён не згадзіўся. Але калі назаўтра ў першым селішчы каганата, дзе чакалі караван кітайскія і арабскія купцы, высветлілася, што цэны і сапраўды не тыя, якія чакаліся, Кагедэй спахмурнеў зусім. Калі ж адзін з купцоў сказаў, што ў Тане, дзе заўсёды збіраліся велізарныя натоўпы рабоў, наўрад ці можна будзе ўвогуле прадаць прыгожых жанчын, таму што манголы, слава ім, ужо ўзялі Багдад і забілі халіфа, воін і ўзрадаваўся перамозе, і зніякавеў. А купцы расказвалі, што турэцкі султан змушаны быў з сям'ёю, гарэмам, казною ўцякаць у Нікею, да Міхаіла Палеалога, з якім у яго быў ужо заключаны мір і дамовы аб дапамозе адзін аднаму. Выходзіла сапраўды, што ў халіфаце, які, як ненасытны звер, глытаў усе нявольніцкія партыі жанчын і патрабаваў яшчэ, цяпер не да папаўнення гарэмаў. Ды і туркі, якія ўцякалі ў Нікейскую імперыю і папаўнялі яе памежныя гарнізоны, вымушаны лічыцца з тым, што хрысціянская Візантыя не пацерпіць мнагажэнства.

* Сузор'е Арыёна.

— Няўжо і такую не возьмуць? — ледзь не з адчаем запытаўся Кагедэй, паказваючы на Жывену, але купцы, што аглядалі жывы тавар, толькі развялі рукамі. Аднак жа адзін з іх, крывы на правае вока грэк зацікавіўся дзяўчынай і перадаў талмачу, што якраз збірае ў Царгорад караван з таварамі. Караван той павінен адплыць у месяцы бярозазоле, калі пачнецца на Дняпры крыгалом і ў Віцічаве збяруцца з усіх гарадоў, што гандлююць з Візантыяй, лодкі і ладдзі.

— Аднак жа каля самага страшнага парога, Неясыця, мы выгружаем тавары і вядзём нявольнікаў па беразе. Ці адолее яна такі шлях? — запытальна-бесцырымонна аглядаючы Жывену, мітусіўся грэк. — Яна будзе трымацца за сваё дзіця да апошняга, а калі што, дык ссохне ад тугі — я ўжо не раз меў непрыемнасці ад гэтых славянак!

— Бо славяне не гандлююць жывымі людзьмі, як вы, хрысціянскі народ, — ускіпела, не помнячы сябе, Жывена.

— Яна разумее нашу мову? — здзівіўся купец, але не паспеў больш нічога сказаць: цяжкі бізун, сплецены з конскага воласа, абрушыўся на жрыцу, яна сагнулася, заплюшчыўшы ад болю вочы, але не ўскрыкнула. Кагедэй сплюнуў, прамармытаў са знявагай:

— Мужчыны гавораць — маўчаць трэба. Іначай — калабалык*.

* Непарадак (цюрк.).

— Што ж, сапраўды, гаспадара слухаць трэба. Феляксай се аўтон*! Аднак жа наравістыя рабыні каштуюць меней…

* Кожны клапоціцца пра сябе сам (грэч.).

— Затое яна ведае вашу мову, — не ўступаў Кагедэй.

- І не дзяўчына яна — дзіця мае…

— Кабыла з прыплодам лепей, чым без яго, — не здаваўся Кагедэй.

Яны спрачаліся, адыходзілі адзін ад аднаго, зноў сыходзіліся. Пасля татарын загадаў рабыні ўзяць дзіця і ісці за новым гаспадаром. Аварга скоса паглядзела, як, кусаючы вусны, утаймоўвала Жывена пякучую нянавісць і жаданне выхапіць у ворага кінжал, усадзіць у ягонае сэрца, а там — хай будзе што будзе. Татарка падышла і, паказаўшы пальцам на Святазара, з дакорам паківала галавой. Тады нянавісць адхлынула ад душы дзяўчыны, і зразумела яна, што вучыць яе жыццё вялікаму цярпенню і мудрасці прымаць тое, чаго змяніць яна не ў сілах. Святазар заплакаў, нібы погляд татаркі пранізаў яго, і Жывена, прыціскаючы да грудзей цёплае цельца, раптам заплакала сама ад вялікага шкадавання да камячка жыцця, якое далі багі дзеля абароны яго і дзеля цярпення і любові яе, маленькай іскрынкі вялікага вогнішча, што прыляцела на зямлю вучыцца… Аварга дагнала яе на парозе, зняла са сваіх плячэй плашч: цёплы і доўгі, ён быў зваляны з поўсці дзіўнага двухгорбага каня*, і пад ім утульна было дзіцяці. Туга была ў жоўтых вачах жанчыны, але Жывена, выйшаўшы, уздыхнула з палёгкай: баялася яна, што Аварга забярэ Святазара, але, мабыць, не дазволіў таго Кагедэй.

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)