Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Аднак…
— Бо гэта было так нявінна, але так цудоўна. Хадзем, хадзем.
Яна яшчэ зазірнула на кухню, аддала нейкія распараджэнні, і яны выйшлі на вуліцу.
Перад варотамі стаяла доўгая, шэрая, як мыш, двухмесная машына, якая блішчала свежай фарбай.
— Ах, якая прыгожая машына, — залямантавала Люба, — цікава, чыя яна.
— Лялька, — пацвердзіў Друцкі.
— Гэта, напэўна, Баўман купіў, — выказала здагадку Люба.
— Не.
— Капітане!
— Так, — кіўнуў ён галавой, — гэта і ёсць набытак, які я вам хацеў паказаць.
— Цудоўны!
— А пабачыце яшчэ, як ён ездзіць!
Друцкі адчыніў дзверцы, дапамог Любе сесці і сам заняў месца за рулём.
— Якая гэта марка? — спыталася Люба.
— «Фулд». Шэсць цыліндраў.
— Ён, відаць, добрых грошай каштуе.
— Значна менш, — засмяяўся Друцкі, — чым здаецца знешне.
Яны паехалі ў Віланаў.
За горадам вясна ўжо была ў разгары.
Узараная зямля моцна, насычана пахла, абочыны зелянелі. Дрэвы пакрыліся першым дробненькім лісцем.
У Віланаве яны пілі малако і елі чорны хлеб з водарам мёду. У Варшаву вярталіся ў выдатным настроі.
Машына сапраўды ехала цудоўна, хоць Друцкі заўважыў, што трэба будзе паправіць амартызатары ля рысораў.
Ён адвёз Любу дадому і вярнуўся ў атэль.
— Вам ліст, пан дырэктар, — затрымаў яго парцье.
У белым канверце была толькі кароткая запіска, надрукаваная на машынцы: «Чакаю неадкладна сёння вечарам — К».
— Нарэшце, — уздыхнуў Друцкі.
Роўна ў восем ён быў на Жаліборы. Бруніцкі чакаў яго ў холе.
— Гэта я, — сказаў Друцкі.
— Дзякуй табе, — паказаў яму на крэсла прафесар. — Ты знішчыў мой лісток?
— Зразумела.
— Нас чакае доўгая размова. Можа, гарбаты?
— Калі ты не супраць, мне моцнай.
Прафесар націснуў на званок. Адразу ж з’явіўся квадратны барадач і, выслухаўшы загад, праз хвіліну даставіў паднос з гарбатай.
— Аб адным я цябе папрашу, — пачаў прафесар, — а менавіта, прыняць тое, што я скажу, на веру, а потым, каб ты ў мяне не выпытваў пра рэчы, пра якія я сам не скажу.
— Я прыйшоў сюды не для задавальнення сваёй цікаўнасці, — кіўнуў галавой Друцкі.
— Такім чынам, справа ў наступным: законы не дазваляюць навуковыя эксперыменты на пацыентах. Ты добра ведаеш, што пытанне, якое я задаў навуцы і на якое даўно шукаю адказ — гэта ці магчымае так званае «ўгляданне».
— Ведаю.
— Дык вось, прызнаюся, я кіраваўся матывамі — і ты, Багдане, ведаеш гэта лепей, чым хто іншы — асабістымі. Таму я мог бы пайсці супраць сябе, калі б не абыякавасць да пытання матываў даследаванняў з боку самой навукі. Гаворка пра надзвычай важную рэч, надзвычай вялікую, каб мае ці твае магчымыя сумненні я мог браць пад увагу. Даследаванні ж могуць быць праведзены толькі эксперыментальным шляхам. Для гэтага мне патрэбны адпаведныя аб’екты, дастаўкай якіх ты і павінен заняцца.
— Дастаўкай… людзей? — запытаўся Друцкі.
— Жанчын, — пацвердзіў Бруніцкі.
— Жанчын?.. Многіх жанчын?
— Пачакай. Як ты, відаць, здагадваешся, да гэтага часу я вымушаны быў рабіць гэта сам. Аднак па многіх прычынах гэта было небяспечна і вельмі часта немэтазгодна. Бо гаворка толькі пра цяжарных жанчын. Я не буду расказваць табе пра сродкі, якія я мусіў ужыць, каб знайсці такіх жанчын. Я дазволю сабе звярнуць тваю ўвагу на дзве галоўныя крыніцы: першая — гэта нелегальныя акушэркі, да якіх звяртаюцца з нагоды цяжарнасці, другая — берагі Віслы, чыгуначныя пераезды, паркі — гэта значыць, месцы, дзе найчасцей адбываюцца самагубствы дзяўчат, якія спазналі так званую любоўную прафесію і якім матэрыяльныя ці сямейныя ўмовы не дазваляюць нарадзіць або зрабіць аборт. Разумееш?
Друцкі сціснуў пальцы:
— І я павінен дастаўляць іх табе?
— Не ўсіх. Сярод іх бывае шмат такіх, каго іншыя прычыны штурхаюць да самагубства. Таму трэба выбіраць. Варта спачатку ўпэўніцца, што дадзены экзэмпляр сапраўды знаходзіцца ў цікавым стане. Інакш рызыкаваць не варта. Акрамя таго, выбіраць трэба маладых жанчын, да трыццаці гадоў, здаровых, моцных. Найбольш вітаюцца інтэлігентныя асобы, з уразлівай псіхікай.
— І што мне з гэтым рабіць?
— Заданнем тваім будзе адшукаць адпаведны аб’ект, не звярнуўшы на сябе чыёй бы тое ні было ўвагі, і потым даставіць яго сюды. З пункту погляду бяспекі трэба быць надзвычай асцярожным. Таму перавозіць пацыентку ў гэтую вілу трэба ў адурманеным стане. Яе можна ап’яніць алкаголем, хлараформам, эфірам ці іншымі сродкамі, якімі я цябе забяспечу. У любым выпадку, каб яна не магла зразумець, куды яе вязуць і дзе знаходзіцца. Гэта, урэшце, не галоўнае, аднак былі выпадкі, калі грэбаванне ап’яненнем прыводзіла да непрадбачаных наступстваў.