Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Ах ты… — Вырвіч ажно за шаблю хацеў схапіцца, на шчасце, яна з іншай зброяй вісела на спецыяльнай падстаўцы ля ўвахода ў залу. — І згоды не спытаў! Мы ж маглі памерці!
— Яшчэ хутчэй вы, дурні зухаватыя, памерлі б, каб пацягліся ў тыя Жухавічы. І адтуль на ўсё войска заразу прынеслі б. А тлумачыць вам ды ўгаворваць… Вы ж не цверазелі і на хвілю.
Пранціш сярдзіта адвярнуўся. А Пацучыны Кароль зноў быў у гуморы.
— Вось бачыце, доктар, у нас адны і тыя ж метады. Я вельмі рады такому падабенству. А сына свайго вы таксама абаранілі ад воспы?
Лёднік кінуў на Алеся кароткі позірк:
— Зразумела.
Герцаг паківаў сплюснутай галавой.
— У такім выпадку, хацелася б пабачыць доказ.
Голас Бутрыма гучаў вельмі роўна:
— Я зрабіў гэта, калі мой сын быў малы, след ад варыяляцыі добра зажыў, яго практычна немагчыма разгледзець.
Герцаг выскаліўся, як прадчуваючы здабычу.
— Дазвольце не паверыць, гер Лёднік. Па-першае, не думаю што вы правялі працэдуру над сынам, не выпрабаваўшы на сабе. Значыць, быў ён не такі ўжо малы. Па-другое, я бачыў скуру тысяч людзей, якія перанеслі варыяляцыю, і магу разгледзець нават самы дробны след ад воспеннай болькі, і ніколі яго ні з чым не зблытаю. Геру Аляксандру проста няма чаго прад’явіць мне.
Па скамянелым твары Бутрыма Вырвіч зразумеў — так і ёсць.
— Калі я згаджуся прыняць укус Жалезнага Пацука, вы адпусціце нас з горада? — рашуча папытаўся Алесь.
— Як толькі высветліцца, што вы добра перанеслі аперацыю.
— Ад заражэння да ўтварэння пустул можа прайсці тры тыдні, — напружана прамовіў доктар.
— Вось вы і правядзеце гэты час у спецыяльна ўтворанай тут лякарні.
Фон Рутгер усміхаўся са змрачнаватай весялосцю, і мяркуючы па ўсім, лякарня будзе моцна нагадваць турму. І ці выпусцяць іх з яе — невядома. Калі Пацучыны Кароль зажадаў пакінуць у сябе Алеся… Эх, собіла ж таму пахваліцца агульнай мовай з пацукамі.
Дарэмна Бутрым крычаў, што сам падрыхтуе расчынне для аперацыі і правядзе яе. Пацучыны Кароль толькі раззлаваўся: гер Лёднік не давярае ягонаму майстэрству? Ландскнехты трымалі арбалеты напагатове, і нават раз’ятраны Чорны Доктар разумеў, што атрымаць стралу ў грудзі — не лепшае выйсце. А каб наравісты медыкус гэта лацвей усвядоміў, яго ветліва атачылі жаўнеры.
Працэдуру варыяляцыі герцаг ператварыў у таямнічы рытуал. Можна ўявіць, як уражваліся простыя месцічы. Зацягнутае чорным аксамітам памяшканне, свечы ў высокіх кандэлябрах, срэбныя загадкавыя знакі на сценах. На пастаменце — велізарны металёвы пацук, у пашчу якога належала сунуць аголеную па локаць руку.
Што Алесь, не вагаючыся, і зрабіў.
Збялелы Бутрым вырваўся нарэшце з кола жаўнераў, падбег, схіліўся над рукой сына. На перадплеччы чырванелі дзве кроплі крыві. Як ад укусу.
— Ды не перажывай, тата, ты ж сам падобнае перанёс. І дзядзька Вырвіч. І многія ў горадзе.
У Бутрыма трэсліся рукі. Ён выпрастаўся і зірнуў у вочы герцагу.
— Калі мой сын памрэ, я вас разам з вашымі пацукамі ў пекла выпраўлю.
Герцаг і Рыфэншталь шчыра весяліліся. Інжынер нават дазволіў сабе выказацца:
— Вось і высветлілася ваша сапраўдная адданасць навуцы, гер доктар. Вы, аказваецца, забабонны і баязлівы тыпус.
А на Алеся фон Рутгер цяпер паглядаў бадай што замілавана:
— Віншую, хлопчык, ты цяпер далучыўся да нас. Упэўнены, што табе ўдасца годна перанесці выпрабаванне.
Аляксандр, на рукі якога зноў ускараскаўся пацук, пакланіўся:
— Дзякую за давер, ваша светласць. Адзіная просьба: ці нельга па дарозе да нашай лякарні зноў пабачыць вашых цудоўных звяркоў? Мяне гэта вельмі падтрымала б.
Пацучыны Кароль нават узрадваўся:
— Вось бачыш, хлопчык, цябе ўжо цягне да тваіх будучых падданых!
Ім нават зброю вярнулі. Быццам былі ўжо сваімі, і ніколі не выберуцца з клятага гарадка.
Пранціш без асаблівага задавальнення зноў апынуўся ў пацучарні. Смурод, віскат, чырвоныя вочы. Алесь, на чыім плячы паважна сядзеў пацук, як у якогась вандроўнага факіра — папугай, вельмі ўпэўнена ішоў між бясконцымі шэрагамі клетак і пра нешта ціха перагаворваўся з паскуднымі стварэннямі. Пацукі вілялі голымі, як абваранымі, хвастамі, не раўнуючы сабакі перад гаспадаром, і гэтак жа аддана спрабавалі бегчы за хлопцам, наколькі дазвалялі клеткі. А тыя клеткі рабіліся ўсё даўжэйшымі, у іх унутры з’яўляліся нейкія збудаванні, быццам ад сціплых хацін сялянаў перайшлі да дамоў мешчукоў, а тады да шляхецкіх сядзібаў.
— Тата, дзядзька Пранціш, не дайце ім мне перашкодзіць. — раптам ціха прагаварыў Алесь і рэзка выбіў клямку на апошняй з клетак, самай вялікай, у якой былі нагрувашчаныя драўляныя загародкі. Лёднік і Вырвіч, як спрактыкаваныя воі, не пачалі задаваць пытанняў і вагацца, а проста агалілі шаблі. Герцаг, які са свайго крэсла здалёк сачыў за перасоўваннямі магчымага вучня, крычаў нешта запытальна-сярдзітае.