Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 101
Перейти на страницу:

— Вось, Аляксандр, шанец. Можаш змяніць паходжанне, паселішся ў герцагскім палацы, навучышся нацкоўваць пацукоў на месцічаў.

Бутрым не зрабіў спробу запярэчыць. Не перавёў позірк на сына. Толькі вусны сціснуў, быццам рыхтаваўся сцярпець вялікі боль.

— Бачыш, у цябе воля выбару.

Пранціш, праўда, не ведаў, што зараз прыйдзе ў галаву раззлаванаму і пакрыўджанаму недарасцю.

Алесь прыціснуў да сябе пацука, рашуча ўзняўся.

— Ваша светласць, я ўдзячны вам за такую ганаровую прапанову. Але я яе няварты. Я. не такога высокага паходжання, каб увайсці ў дом слаўных герцагаў Рутгераў. Акрамя таго. — голас юнака набраў сілу. — Я люблю сваю радзіму і сваю сям’ю і нізавошта ад іх не адракуся. І ў мяне ёсць нявыкананы шляхецкі абавязак.

Трошкі пафасу — улюбёная сармацкая прыправа. Герцаг перастаў усміхацца.

— Я разумею, малады чалавек, што на вас уплывае прысутнасць бацькі. Але ён нічога не зможа зрабіць насуперак, паверце. Тут адзіны закон — маё слова.

Герцаг тузануў нейкі падважнічак, у сценах расчынілася мноства дзвярэй, і паміж жалезнымі слугамі паўсталі цалкам жывыя, але такія ж пагрозныя і закаваныя ў латы, з арбалетамі і палашамі.

— Я магу адорваць і караць, дарыць жыццё і забіраць. Апошні раз прашу: падумай! Пад маім кіраўніцтвам ты зробішся вялікім, увойдзеш у гісторыю!

— У маёй краіны свая гісторыя, — упэўнена ўсміхнуўся Алесь, які, відаць, канчаткова адолеў спакусу. — Краіна зараз у бядзе, мы ёй патрэбныя.

«Ну, гэта заўсёды было і будзе, з краінай у бядзе», — няўважна падумаў на апошняе выказванне Алеся Вырвіч і з палёгкай узняўся таксама:

— Ваша светласць, у такім разе, дазвольце нам адправіцца дадому! Было вельмі цікава.

— Я не магу вас так проста адпусціць, — герцаг зноў усміхаўся, але злавесна. — Не-не, ніякіх шыбеніц, акрутных сутарэнняў і катаванняў. Мой дом — фарпост прагрэсу. Я кладу ўсе сілы, каб спыніць распаўсюджванне цяжкай хваробы. Таму з гэтага палаца ніхто не сыдзе, не прайшоўшы выратавальнай працэдуры.

— Жалезны пацук гатовы да паслугаў шаноўных гасцей! — тут жа азваўся Гуга Рыфэншаль, які, падобна, быў вельмі ўзрадаваны, што ў гаспадара не з’явіцца падапечны, патэнцыйны спадчыннік.

— Але, ваша светласць, вакцына яшчэ недасканалая. — паспрабаваў запярэчыць Лёднік.

Герцаг толькі нахмурыўся:

— Яна выконвае тое, што павінна. І вы таксама выканаеце тое, што павінны. Ну, гер Лёднік, вы ж самі прагрэсіст.

Пад прыцэлам арбалетаў не спрачаюцца. Бутрым моўчкі закасаў рукаў камзола, прадэманстраваў левае перадплечча:

— Я ўжо зрабіў сабе такую аперацыю. Дзесяць год таму. Калі працаваў у Віленскай акадэміі.

На бледнай скуры перадплечча, прыкрашанай некалькімі тонкімі шнарамі, красаваўся белы круглы след ад паджыўшай язвачкі.

— Як вы прыўносілі рэчыва? — зацікаўлена ўдакладніў Пацучыны Кароль.

— Голка і вымачаная ў вакцыне нітка, — будзённа адказаў Бутрым, адкасваючы рукаў. — І пан Пранціш Вырвіч прайшоў варыяляцыю.

Маніць, відаць, каб герцага падмануць. Фон Рутгер пачаў быў выказваць сумніў, але Чорны Доктар загадаў Пранцішу:

— Пакажы левае плячо. Вось тут.

Пранціш нервова сарваў з сябе камзол, закасаў рукаў кашулі. На левай руцэ, вышэй локця, у яго праўда меўся невялікі шнар. Але хіба шляхціц баявыя адмеціны лічыць?

Між тым герцаг загадаў Пранцішу падысці, ледзь не ткнуўся вострым носам у руку.

— Сапраўды, след ад воспеннай язвы. Варыяляцыю пацвярджаю.

Вырвіч азірнуўся на доктара, які неяк падазрона адвёў позірк.

— Бутрым, адкуль у мяне гэтая штука на руцэ? А? Хто мне яе зрабіў?

Лёднік трохі з няёмкацю хмыкнуў.

— Я зрабіў.

Пранцішу на імгненне мову адняло.

— Чакай, ты што, заразіў мяне воспай? Калі? Нашто?

Бутрым ваяўніча натапырыўся:

— Не воспай заразіў, а ад воспы абараніў! Памятаеш, мы ў войску Касакоўскага пад Івацэвічамі затрымаліся? Ты ад нуды ды зухаватасці выклікаўся ехаць у маёнтак Жухавічы, дзе канфедэраты схавалі зброю. У маёнтку ўсе пахварэлі, таму схаванае ніхто не забіраў. Я прасіў генерала нікога не пасылаць. Альбо я сам, як доктар, паеду. Але Касакоўскі ўпёрся. Доктар, маўляў, патрэбны ў войску. А патрыёты воспы не баяцца! Я ўпрасіў толькі даць два тыдні, сказаў — хвароба стане менш заразнай. Злётаў у пару вёсак, знайшоў рэчыва для варыяляцыі, цябе з тваймі будучымі спадарожнікамі напаіў добранька… Ну і… Вам усім…

Вырвіч прыпомніў, што і праўда. Прыхварэў ён быў трохі разам з двума таварышамі перад паездкай у той кляты маёнтак. Лёднік адварамі адпойваў. Насіўся вакол, як квактуха, аж залішне з нагоды звычайнай застуды. Як Пранціш лічыў.

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)