Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
6.
Раніца ў аддзяленні пачалася з аўрала.
Галоўны ўрач выклікаў усіх загадчыкаў аддзяленняў і запатрабаваў справаздачы за тыдзень.
Юрый Пятровіч Кішкін, галоўрач са стажам, абласны дэпутат, партыйны абкамавец, хвалюючыся, пытаўся ў тых, хто прыйшоў на “лятучку”:
–Хворыя хворымі, але ж вы не павінны забывацца і пра тое, што нечакана можа прыбыць камісія з народнага кантролю, і будзе дакопвацца да розных дробязяў. Усё павінна супадаць, як дэбет з крэдэтам. Ніводная дзяржаўная капейка не павінна прапасці марна... Вось вы, Зінаіда Паўлаўна, што можаце сказаць пра тое, што я ад вас патрабаваў пра забеспячэнне хворых лякарствамі...
– Я вам гава...
– Ды чуў я пра гэта. І тое не апраўданне. Вы супакоіліся, змірыліся, а тут трэба мысліць маштабна, мы ж усе давалі клятву Гіпакрата. А неўралагічнае аддзяленне... Хто камандуе ў вашым аддзяленні, Абрам Ісакавіч, чаму вы пусцілі прафілактычную работу на самацёк?..
– У дакладной запісцы, Юрый Пятровіч, я ўсё падрабязна далажыў, – не ўстаючы з месца, адказаў лысы, гадоў пад шэсцьдзесят, невысокага росту, загадчык аддзялення.
– То на паперы, а яна ўсё сцерпіць, – размахваў рукамі галоўны ўрач, як мух ганяў па кабінеце, – вы мне рэальна далажыце... Прыпіскі мне не трэба...
Абрам Ісакавіч толькі паціснуў плячыма, не ведаў, што хоча ад яго дабіцца галоўны ўрач.
– Партыя і ўрад дабіваюцца ад нас, каб мы як мага больш клапаціліся аб простым чалавеку, – працягваў кіраўнік установы, і яго голас рабіўся ўсё больш званчэйшым і строгім. – І на апошнім з‘ездзе партыі была звернута асаблівая ўвага медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва...
Не лятучка, – спектакль. Усе нешта гавораць, і ніхто не верыць у тое, што сам гаворыць і сцвярджае... Тое ўсё напамінала гульню ў “сапсаваны тэлефон”. Галоўурач мала клапаціўся пра эфектыўнасць лячэння, ён дабіваўся эфектыўнасці ружовых лічбаў... Лічбы – усё, лічбы – ратаванне, лічбы – пагібель кар‘еры альбо яе ўзнясенне... Таму і ніхто яму не выказваў праблемы, тым больш прапаноў аб паляпшэнні работы, аб змяненні, ломцы старых стэрэатыпаў, бо кожны ведаў, што нічога “галоўны” чуць не будзе, і мяняць не будзе...
Зінаіда сядзела каля акна, сядзела і амаль не слухала, пра што гаварылі, пра што гаварыў Юрый Пятровіч. А прымаць усё да сэрца – сабе горш рабіць.
На падваконнік, з вуліцы, усеўся голуб. Пачаў вуркатаць, шоргаючы кіпцямі па блясе. Хоць і было холадна, але голуб грэўся ў зацішку пад промнямі сонца.
– Таварышы, у нас вельмі нізкі працэнт эканоміі лякарстваў, – працягваў ушчуваць медперсанал галоўны ўрач, – вялікія перавыдаткі ў практалогіі...
– Нам трэба новыя антыбіётыкі, – прамовіла суседка злева – загадчыца таго ж практалагічнага аддзялення, Алена Патупчына, смелая і рашучая жанчына, за словам у кішэню не палезе. – Стрэптаміцын і пеніцылін ужо і на мух не дзейнічае...
Пракацілася смяшынка па радах і зглухла.
– Новыя – дарагія, а нам ніхто грошай на іх не дае...
– А вітаміны для хворых, хаця б аскарбінкі ці вітаміны Бэ...
– Вучыцеся вунь у загадчыцы аддзялення кардыялогіі. Не здаюць бясплатна кроў? Дык Галіна Селівестраўна звоніць дырэктару завода, і ён прысылае рабочых для здачы крыві... Бярыце прыклад. Сто чалавек прыйшло. Таму і на вышыні аддзяленне, першае месца ў спаборніцтве па бальніцы...
Ні для кога не было сакрэтам, што загадчыца з’яўлялася пляменніцай жончынай сястры. Таму ніхто і не пярэчыў, не абвяргаў яго слоў...
Голуб на падваконніку напыжыўся, натапырыў пер‘е, – хаваўся ад холаду.
“Вясну чакае, – падумала Зінаіда, не слухала ўжо зусім галоўнага, бо яго накачка-ушчуванне, якія чамусьці называюць “пяцімінуткамі”, зацягваліся на гадзіны, і ўсё пра адно і тое ж... Быццам не лячэнне галоўнае для бальніцы, а тое, як ахапіць стопрацэнтна план па ложкаднях... А тое азначала, што хворых змяшчалі на калідоры. А як яны адчувалі сябе на скразняках, якое то было лячэнне, – нікога не хвалявала...
... Адразу ж пасля абеду прыехала Алена Дзімітрыеўна. Недаўменна глянула на яе, жахнулася:
– Ды што ж гэта з табой, ласкавая мая? Зіна, што адбылося?
Дзяўчына падцяла апухлую губу, вось-вось расплачацца, адказала:
– З цемры выскачыў... Ударыў па галаве, адцягнуў ад прыпынку, паздымаў усё з мяне і знік...
– І – больш нічога? – з унутранай трывогай папыталася старшая медсястра, намякаючы на нешта...
– Больш нічога, – пацвердзіла Сіліч, – нічога...
Алена ўздыхнула, усміхнуўшыся:
– Ну і слава Богу, што хоць гэтым абышлося... А абноўкі набудзеш, абы ты была... А мо да нас пераедзеш, лепш дагледзім у сябе?