Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Старшыня галантна пацалаваў яе руку, і яна выразна чула, як — адыходзячы — ён моцна кашлянуў ад задавальнення.
Працавала яна ў гэты дзень толькі да дзвюх гадзін. Юлька ліхаманкава рыхтавалася да выпускных экзаменаў, і Аліцыя прысвячала шмат часу штудзіраванню з ёй цяжэйшых прадметаў.
Цяпер, калі яна цалкам асвоілася на рабоце ў судзе, калі перастала бываць у рэстаранах і не было Чухноўскага, Аліцыя амаль цалкам занялася Юлькай. Яна яе вельмі любіла і галоўным пунктам у сваіх амбіцыях лічыла выхаванне з Юлькі самабытнай жанчыны, істоты разумнай, духоўна незалежнай, а па жыцці самастойнай.
Такую яна выпусціць яе ў жыццё. Узброеную і абароненую перад усялякімі недарэчнымі ўдарамі, знешнімі і ўнутранымі, якія Аліцыя сама мусіла перажыць і якія ледзь не знішчылі яе цалкам.
Юлька праз гэта ўжо не павінна будзе праходзіць.
Цяпер яна яшчэ дзіця з занадта мяккай натурай, надта гібкай і схільнай да зручнай, але згубнай для жанчыны ролі плюшчу.
Планам Аліцыі супярэчыла і чуллівасць Юлькі, якая выяўлялася ў яе надзвычайнай уразлівасці ўсялякімі эратычнымі тэмамі, якія сустракаюцца ў міфалогіі, анатоміі, псіхалогіі, гісторыі ці нават у старанна падабраных Аліцыяй белетрыстычных творах. У малой потым былі сны, поўныя ўзбуджальных карцін і рамантычных сітуацый.
Прывучаная гадамі, яна заўсёды расказвала іх Аліцыі, зачырванелая і з бліскучымі вачыма.
Снам Аліцыя надавала вялікае значэнне, старанна іх занатоўвала і шукала да іх ключы ў псіхааналізе. Яна не была заўзятай прыхільніцай фрэйдызму, аднак карысталася многімі псіхааналітычнымі метадамі пры выхаванні Юлькі.
Аліцыя бачыла ў яе надта моцную схільнасць да ласк. Юлька з дзяцінства надта любіла прытулянні, абцалоўвала сваіх сябровак, абажала мужчын, якія насілі яе на плячах, і любіла прысаджвацца ім на калені. Цяпер жа яна калекцыянавала фатаграфіі кінаартыстаў і ўсе свае дробныя зберажэнні траціла на пакупку гэтых паштовак.
Усё гэта непакоіла Аліцыю.
Яна і сама дзяўчынкай — гэта яскрава адклалася ў памяці — была вельмі пачуццёвая. Можа, меней гэта паказвала, чым Юлька, аднак колькі ж начэй праводзіла яна без сну, згараючы ў найбессаромнейшых летуценнях і да крыві грызучы пальцы, заплямленыя школьным чарнілам.
Таму яна не баялася пачуццёвасці Юлькі, пачуццёвасці, можа, такой жа моцнай, але раўнейшай і не такой бурлівай. Тым больш, Аліцыя была пераканана, што яна з лёгкасцю здолее развіць у дзяўчыне дастаткова моцную стрыманасць, паколькі пры сваім уласным, значна больш небяспечным характары, яна яшчэ падлеткам настолькі валодала сабой, што ў імгненне, калі на яе кінуўся мужчына, у імгненне, калі нарэшце ажыццяўляўся выпеставаны ў марах доўгімі начамі момант аддання, яна знайшла ў сабе дастаткова сіл і волі, каб уцякаць па цёмнай кватэры, змагацца і абараняцца да канца. Калі яна ўжо тады спазнала шалёную, дзікую, неверагодную асалоду, то ўжо хвілінай пазней знайшла, аднак, у сабе дастаткова душэўнай сілы, каб аддзяліць ашаламляльнае перажыванне свайго цела ад сябе, каб абудзіць у сабе нянавісць, жаль і пагарду да гэтага чалавека. Тым больш, што з цягам часу, па меры сталення свядомасці, яна зрабіла рэвізію і карэкцыю гэтых пачуццяў. Засталося фактам, што яна мела цудоўна развітую вытрымку.
Тым лягчэй Аліцыі ўдасца выхаваць яе ў Юлькі.
Яны цяпер зблізіліся яшчэ больш, наколькі гэта магчыма.
Яны былі адны.
Ніхто ў іх не бываў, і яны ні ў кога. Аліцыя не прызнавала свецкага жыцця, лічыла яго пустым, марным і, адпаведна, прызначаным выключна для натур неглыбокіх, пазбаўленых унутранай сутнасці і якіх бы тое ні было разумовых амбіцый.
Юлька, якая абагаўляла сваю апякунку, цалкам з ёю згаджалася і не сумавала па іншых забавах, чым тэатр, кніга, выставы карцін або лекцыі. Гэтага ёй хапала.
Зрэшты, звычайна яе цалкам паглынала навука. Хвіліны адпачынку яна запаўняла марамі пра выезд на мора і праз кожныя некалькі дзён, для пацвярджэння сваіх планаў, пыталася:
— Скажы, Аля, як ты думаеш, я хутка навучуся плаваць?
Альбо таксама:
— А хвалі ў Балтыйскім моры якой вышыні?
Кароткія, змястоўныя адказы Аліцыі гучалі для Юлькі як пацвярджэнне: «Так, мы паедзем на мора».
Аліцыя сама шмат пра гэта думала, канстатуючы дрэнны стан сваіх нерваў. Неабходна было на нейкі час змяніць асяроддзе. Яна не прызнавалася сама сабе, што кожны дзень увечары пасля засынання Юлькі, адчувала абыякавасць да ўсяго і пустату свайго жыцця. Яна тлумачыла гэта хвіліннай дэпрэсіяй, і калі б не надаедлівыя ўспаміны, якія — ледзь яна прыплюшчвала вочы — навявалі ёй вобраз высокага плячыстага мужчыны з дзіўна залацістымі зрэнкамі, калі б не рэха яго нізкага, хвалюючага голасу, якое ў цішы гучала трывожна, яна магла б паверыць, што сцерла з памяці ўсё, што мела хоць якую-небудзь сувязь з Вінклерам.