Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Ваша светласць, а як вы ўдасканалілі пацукоў?
Гэта азваўся Алесь. Вельмі ў час, дарэчы — лепш было перавесці на іншае размову, якая пачала распальвацца, як сунутая ў агонь качарга. Герцаг нарэшце засяродзіў позірк на малодшым госці, нібыта вырашаючы, ці варты ён размовы. Аляксандр зараз жа з усёй цырымоннай ветлівасцю, якую апошнім часам пачаў забываць, на чысцюткай нямецкай мове распавёў пра сваю цікавасць да натуральных навукаў і эксперыменты над жывёламі, і што менавіта адметнага ён пабачыў у пацуках Норнберга. Пачынаючы з будовы сківіцаў. Так вучона гаварыў, што Вырвіч ледзь не пазяхнуў. А вось фон Рутгеру спадабалася.
— Ну што ж, не магу не задаволіць запыт такога таленавітага маладога чалавека!
Крэсла герцага, як высветлілася, магло ехаць і само, у ім з шоргатам круціліся хітрыя механізмы, фон Рутгер толькі падважнікі на падлакотніках тузаў. У госці да пацукоў, ад чаго Пранціш з задавальненнем адмовіўся б, ішлі ў левае крыло палаца, у прыбудову, падобную да вялізнага куратніка. Мноства драўляных загончыкаў, у якіх за драцяной сеткай сядзелі пачваркі. Былы менскі суддзя намагаўся на іх не глядзець. Яны агідна вішчэлі, аж увушшу закладала, і кідаліся на загародкі, і вочы іх гарэлі чырвонай нянавісцю і пагрозай. Загрызуць, дай волю, і костак не пакінуць.
Старэйшы Лёднік, хоць і слухаў тлумачэнні ўважліва, не выказваў палкага захаплення. У адрозненне ад сына. Падобна, два аматары жывой гідкасці знайшлі адзін аднаго. Герцаг адным сваім словам супакоіў гадаванцаў і давай распавядаць удзячнаму слухачу. Як прыйшоў да высновы: менавіта пацукі, мышы ды іншыя жывёлы, што аціраюцца побач з чалавекам, разносяць заразу. А лепшы спосаб перамагчы любую навалу — зрабіцца яе ўладаром. Пацука, стварэнне хітрае і жывучае, лепш за ўсё можа знішчыць пацук, толькі яшчэ больш хітры і жывучы. Грошай у фон Рутгера было нямерана, пацукоў яму налавілі, хоць у бочках засольвай. Так што перш чым змагацца з воспай, герцаг прыводзіў падданых у жах і пострах, ствараючы ў палацы свае аўтаматы, а паралельна — выводзячы новую пароду пацукоў. Паслухмяных яму, як сабакі. Якія заўсёды вярталіся ў сваю родную, скажам так, стайню. Дзе іх чакала смачная ежа і адмысловы напой, ад якога яны весяліліся і засыналі. Ну зусім як мужыкоў прывабліваюць карчомкай. Гадаванцы герцага сапраўды знішчылі ўсіх сваіх дзікіх суродзічаў. А заадно мышэй, катоў, сабак і любую іншую жыўнасць.
Застрашыць удалося. Горад лічыў герцага Пацучыным Каралём, а пацукоў — ягонымі шпегамі. Хаця нашто былі шпегаўскія паслугі жывёлак, калі ўсе месцічы адзін на аднаго даносілі? Тыя, хто выжыў пасля прышчэпкі ад воспы, пардон, прыняцця рытуальнага ўкусу Жалезнага Пацука, лічылі сябе звязанымі з гаспадаром містычным чынам і былі адданыя яму тым болей, што ім даставалася маёмасць суседзяў, выгнаных за непаслушэнства, памерлых ад хваробы альбо збеглых.
Скардзіцца не было каму. Курфюсту Баварскаму фон Рутгеры не падпарадкоўваліся — іх маленечкае герцагства лічылася асобнай дзяржавай, якое не з’ядалі таму ж, чаму выплёўваюць атрутную ягаду. Галоўны пастар Норнберга быў пасвечаны ў таемства прышчэпак і цалкам іх ухваляў. А калі чаго не ўхваляў, напрыклад, пацучыных жахалак, дык мудра маўчаў.
Пранціш і Бутрым сустракаліся позіркамі і змрачнелі. Не дай Гасподзь жыць у такім прагрэсе.
— Дазвольце мне, ваша светласць, бліжэй пазнаёміцца з вашымі цудоўнымі жывёлкамі! Ніколі не бачыў настолькі разумных.
Герцаг паблажліва ўсміхнуўся на просьбу юнака.
— Яны слухаюцца толькі мяне. Ну і некалькіх давераных слуг, якія за імі даглядаюць. Укусяць.
Аляксандр пасміхнуўся, прысеў перад клеткай, працягнуў даланю ўшчыльную да драцянай сеткі. Адразу некалькі тлустых пацукоў падбегла. Але не сталі кідацца, абнюхвалі пяшчотна працягнутую руку, варушачы сівымі вусамі. Герцаг відавочна здзівіўся, кіўнуў галавой.
Адзін са слуг, у чорнай ліўрэі са срэбнымі галунамі, што нагадвалі пацучыныя хвасты, прыадчыніў дзверцу. Алесь тут жа падхапіў двух страшыдлак на рукі, пачаў размаўляць з гэтымі. галахвостымі, сівавусымі, чырванавокімі. Цьху! Падобна, герцаг ажно прыраўнаваў, бо свіснуў, і адзін пацук адразу ж ускараскаўся яму на калені, і замілавана жмурыўся, калі яго пагладжвала гаспадарская рука. А вось другі пацук гэтак жа песціўся на руках у Аляксандра Лёдніка.