Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 101
Перейти на страницу:

— Я думаў, толькі я валодаю такім уменнем. — павольна, нібыта не жадаючы прызнавацца, прамовіў фон Рутгер. — Ваш сын, гер Лёднік, незвычайны малады чалавек. Я ведаю, што вы — магутны маг і слынны алхімік. Цяпер бачу, што сын успадчынніў вашы здольнасці, толькі чамусьці не ўмее імі карыстацца.

— Не! — Баўтрамей ажно кулакі сціснуў ад гневу. — Вы памыляецеся. У маім сыне няма нічога ад той грахоўнай сілы. І не тлуміце яму галаву. Ён проста любіць жывёл. Калі што і пераняў ад мяне — дык прагу да навукі.

Герцаг прыўзняў бровы, і ягоны сплюснуты твар страшэнна прыпадобніўся пацучынай мордзе.

— Вось як. Цікавая сітуацыя. Што ж, дарагія госці, давайце працягнем размову ў больш зручным месцы, за абедзенным сталом. Можаце ўзяць вашага маленькага сябра з сабой, гер Аляксандр!

Малодшы Лёднік радасна прыціснуў да сябе агідную жывёлку.

Абедзенны стол быў доўгі, як Рэйн. Па правую руку ад герцага частка стальніцы блішчэла металам і тапырылася стрыжнямі. Крышталёвыя грані келіхаў ззялі, быццам горны лёд. Жалезныя лёкаі стаялі ўздоўж сцен, зусім як калекцыя рыцарскіх лат. Продкі-Рутгеры фанабэрыста пазіралі з партрэтаў светлымі запалымі вачыма. Ва ўсіх былі выцягнутыя твары, хоць і не такія сплюснутыя, як у іх нашчадка.

— У мяне цікавая прапанова да вас, гер Аляксандр і гер Баўтрамеюс, — ветліва прагаварыў герцаг, падымаючы келіх з залацістым напоем. — Ваш сын, гер Лёднік, мусіць застацца са мной. У мяне няма нашчадкаў, а Аляксандр — той рэдкі выпадак, калі я магу перадаць камусьці справу жыцця, і яна прадоўжыцца.

Рыфэншталь, які сядзеў справа ад герцага, ажно перакрывіўся ад гэтых слоў, і ягоная жалезная рука нібыта сама па сабе пачала сціскацца-расціскацца. Пацучыны кароль натхнёна ўсміхаўся:

— Малады чалавек атрымае найлепшую адукацыю. Для ягоных навуковых эксперыментаў зладзяцца ўсе ўмовы. Ён навучыцца выкарыстоўваць на карысць прагрэсу тыя здольнасці, якія вы, доктар, у сыне чамусьці адмаўляеце.

— Нізавошта! — Баўтрамей кінуў на стол двухзубы срэбны відэлец, якім беспаспяхова калупаў запечаную ў белай падліве рыбу.

Павярнуўся да Алеся і перайшоў на ліцвінскую мову:

— Дакукарэкаўся! Я табе колькі разоў казаў — не шукай таннай славы, не здзіўляй усялякімі штукарствамі!

— Ну так, толькі табе гэта дазваляецца! — пацук, які прыгрэўся на каленях Алеся, высунуў над сталом агідную пысу і засычэў у бок таго, хто крыўдзіў ягонага ўладара. Малодшы Лёднік не на жарт усхадзіўся. — Ты нам усё забараняеш! Мне нельга размаўляць з жывёламі, пані-маці нельга лекарскай практыкай займацца, панне Праксэдзе… Панне Праксэдзе ты таксама свет засціў.

— Сабе я забараняю куды больш, сыне, — старэйшы Лёднік намагаўся трымацца спакойна. — Таму маю права патрабаваць таго ж.

— Не маеш права! Я ўвогуле народжаны ў іншай сям’і, і меў іншае прозвішча!

Алесь выкрыкнуў і сам спалохаўся. Тым больш бацька тузануўся, як ад удару. Вырвіч толькі галавой пакруціў.

— А ну, сціхніце! Што адзін, што другі! Адно слова, Лёднікі, толькі і ўмеюць, што ў ямы ўлазіць! Знайшлі калі адносіны высвятляць. Ты, смаркач. — павярнуўся да Алеся, які напяўся ад суровага тону дзядзькі Пранціша. — То Ланцэлота з сябе строіш, то парушаеш усе шляхецкія звычаі, на роднага бацьку, які цябе гадаваў і песціў, голас павышаеш! Мой пан-бацька цябе б ужо на дыванку расклаў ды бізуноў усыпаў. Ды Баўтрамей за тое, каб цябе добры пан Гервасій Агалінскі не саслаў, як бастарда, у якую вёску, сваё жыццё заклаў, пакляўся, што дасць сябе да смерці засцябаць. Шчасце, Гервасій перадумаў. Хаця можаш зірнуць як-небудзь на бацькаву спіну.

— Вырвіч, хопіць! — паспрабаваў спыніць спавядальню за сталом Пацучынага Караля Бутрым, але Вырвіча да пячонак дастала гэтае дурное сямейнае варагаванне.

Далібог, бадаюцца бацька і сын, як два падлеткі.

— Хочаш ведаць, як ты жыццё атрымаў? У вязніцы, дзе сустрэліся здратаваны раб і няшчасная жонка ўладара. Яе, тваю маці, за гэта забіў ейны ж муж. Каб не Бутрым, ты рос бы ў ганьбе. Задаволены? Цяпер усё ведаеш?

Алесь сядзеў, апусціўшы вочы, і прыгнечана маўчаў. Пацук лашчыўся да яго, нібыта ўсё разумеў і хацеў суцешыць. Старэйшы Лёднік страціў увесь запал і моўчкі панурыўся. Герцаг нават з некаторай весялосцю назіраў за спрэчкай паміж гасцямі, падрабязнасцей якой не разбіраў, бо не валодаў ліцвінскай мовай, але асноўны сэнс, відаць, цяміў.

— Ну што, малады чалавек, наважвайцеся! Прымайце маё апякунства. Тут вас зразумеюць.

Пранціш зноў павярнуўся да хлапца.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)