Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 101
Перейти на страницу:

— Абсалютна так, гер Лёднік! — заківаў сплюснутай галавой герцаг Рутгер. — На жаль, гэта неабходныя ахвяры ў барацьбе з пошасцю. І вы не можаце ўявіць, як я намучыўся, пераадольваючы супраціў сваіх неадукаваных падданых!

Пацучыны Кароль пяшчотна пагладзіў стос часопісаў, якія ляжалі на краі стальніцы.

— Я ўсю маладосць патраціў на тое, каб набыць адукацыю. Вучыўся ў лепшых універсітэтах Еўропы, зразумела, пад чужым імем, бо герцаг Рутгер — згадзіцеся, занадта грувастка для студыёзуса. Авалодаў самымі найноўшымі методыкамі. І вось вярнуўся сюды пасля смерці бацькі. І хто я тут? Ніхто.

Герцаг кіўнуў Рыфэншталю, і той акуратна вывез з-за стала крэсла, на якім сядзеў гаспадар. Ногі, што бяссіла звісалі, былі непрапарцыянальна малыя і тонкія, мыскі чорных бліскучых чаравікаў глядзелі адзін на аднаго. Ясна было, што хадзіць Пацучыны Кароль не мог ніколі.

— Мяне не прымалі ўсур’ёз. Але, панове, у мяне мелася мэта, — светлыя вочы запалалі фанатычным агнём. — У мяне было дастаткова грошай і розуму, каб стаць сапраўдным уладаром. І я гэтага дасягнуў.

— На сённяшні дзень яго светласць самы багаты і ўплывовы чалавек у Баварыі, — важка прамовіў нечакана тонкім голасам Рыфэншталь. — Ніхто не наважваецца аспрэчыць ягоныя загады і нанесці яму шкоду.

— Я ўсяго толькі хацеў прынесці на сваю радзіму прагрэс, — сціпла ўдакладніў герцаг. Але відаць было, як яго распірае ад гонару. — І калі я даведаўся, што ўсё наваколле Норнберга ахоплена пошасцю, і вось-вось воспа прабярэцца за гарадскія муры, вырашыў — час дзейнічаць. Вядома, без маіх бравых ландскнехтаў я б рады не даў.

Герцаг правёў тонкім пальцам па бледных вуснах.

— Давялося прыдумаць прыгожую і страшную легенду. Людзі ішлі, каб прыняць укус жалезнага пацука. Я з дапамогай Рыфэншталя сканструяваў адмысловы аўтамат, каб уводзіць патрэбнае рэчыва пад скуру. Вядома, быў супраціў.

Вынаходнік насупіўся, успамінаючы, відаць, не вельмі прыемныя рэчы.

— Дурныя людзі ўцякалі, хавалі дзяцей, высылалі іх з горада.

— І вы дасюль забіраеце дзяцей для варыяляцыі гвалтам? — саркастычна прамовіў Лёднік.

— Дзеля іх жа карысці, — не зважыў на сарказм герцаг.

— Чаму ж не дазваляеце лячыць тых, хто захварэў? Гараваць па памерлых? Чаму людзі ладзяць пахаванні ледзь не таемна?

Баўтрамей чамусь не спяшаўся захапляцца сваім паплечнікам у прагрэсіўнай медыцыне.

— Мае падданыя павінны ўсвядоміць, як ім пашчасціла жыць у маіх уладаннях! — ганарыста ўскінуў галаву фон Рутгер. — Яны мусяць радавацца падоранаму мною жыццю, старанна працаваць, дзякаваць свайму мудраму пану і не траціць сілы на бескарысны смутак. Прырода сама ачышчаецца ад няўдалых асобін. Я ўпэўнены, што тыя, хто не пераносіць варыяляцыю, слабыя, і дадуць слабых нашчадкаў, і лепш гэтую нітку абрэзаць, каб у агульнай тканіне не атрымалася вузялкоў і дзірак.

Рыфэншталь усёй сваёй злавеснай фізіяноміяй выказваў падтрымку гаспадару. Нібыта не заўважаў, наколькі словы асуджэння цялеснай недасканаласці двухсэнсоўна гучаць з вуснаў калекі. Лёднік, аднак, не змаўчаў:

— Выбачайце, ваша светласць, але я ведаю шмат выпадкаў, калі цялесныя недахопы аніяк не адбіваліся на бліскучым розуме і высокай маральнасці. Хіба вы самі — не прыклад таго, што магутны інтэлект можа пераадолець любую фізічную слабасць? Наадварот — той, хто ідзе да мэты праз супраціў сваіх слабасцяў, робіцца больш моцным, больш вартым і мудрым. І дазвольце нагадаць, што ў вачах Госпада мы ўсе — роўныя, нас розняць толькі грахі і духоўныя подзвігі.

Пацучыны Кароль нахмурыўся:

— Пра магутны інтэлект і мудрасць вы, гер Лёднік, адгадалі. Наконт роўнага права на жыццё… Выбачайце, нават сяляне праполваюць свае грады.

Баўтрамей аж вочы заплюшчыў, каб супакоіцца і не палезці ў небяспечную і бескарысную спрэчку пра каштоўнасць кожнага жыцця.

— Ваша светласць, вы, як навуковец, мусілі фіксаваць вынікі доследаў. Як шмат памірала з сотні прышчэпленых?

Лёднік гаварыў скрозь зубы, твар ягоны збялеў.

— Не больш за трыццаць чалавек з сотні. Добры вынік!

Герцаг відавочна не бачыў нічога кепскага ў тым, што тварыў.

— Пры звычайным захворванні воспай я магу дабіцца такога ж адсотку выздараўлення, — холадна заўважыў Бутрым. — Вы мусіце ўдасканаліць вакцыну!

— Я правяраў яе на сабе, і вынік атрымаўся добры, — герцаг, відаць, пачаў раздражняцца адсутнасцю энтузіязму з боку вучонага калегі. — Я зусім нядоўга знаходзіўся ў гарачцы, і ўтварылася ўсяго дзве язвачкі. Маёй малодшай сястры пашанцавала менш. Яна выявілася слабой, няздатнай да працягу роду. Мне было горка, але я паставіўся да яе смерці, як да неабходнасці. Але, вядома, я не спрачаюся, што ўсё падлягае прагрэсу і ўдасканаленню.

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)