Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 140
Перейти на страницу:

— Сёлета была бясхлебіца, наўрад ці выжыла б яно, — гаварыла яна, тыцкаючы тугі карычневы сасок у роцік Святазара, стараючыся лісліва ўсміхнуцца Кагедэю, калі ён праходзіў міма. — Сталі мы, як якія бескаленнікі*, бясплатныя — без аніякай адзежыны, плату, значыць. Муж мой, нашто быў біўлівы — ой, любіў біцца! — сціх і зблажэў. А прыехаў бірыч княжы — той, хто ўказы аб'яўляе — і загадаў звычайную даніну князю аддаваць. Тут во хаця гэтую ляпёшку дадуць, мукой пахне… Я баба вясёлая, нідзе не прападу. Во гэты, — міргала яна на мангола, — ужо даўно мяне б у сваю гэтую… юрту паклікаў бы, дык тая кікімара ўсё выглядае…

* Тыя, хто не мае надзелу.

Аварга, у каптане і мужчынскіх штанах, жылістая і моцная, як корч, сапраўды стала часта ацірацца каля абедзвюх палонніц. Але Жывена прыкмеціла, што раскосыя вочы жанчыны нібы мякчэлі, калі глядзела яна на дзіця. Спачатку яна хацела прымусіць Жывену, як і Раду, рабіць чорную работу, але Кагедэй прыкрыкнуў на яе, паказаўшы на рукі жрыцы, і загадаў памацаць іх.

— Хочуць цябе, мабыць, якому багатаму прадаць, — здагадалася Рада. — Берагуць… У іх, я чула, мужчыны маюць столькі жонак, колькі пракормяць. А ты ж прыгажуня, пойдзеш, як залатая грыўна!

Аднойчы на дасвецці, калі воз з палоннымі борзда калываўся на выбоінах, а яны спалі, накрытыя рыззём, пазвоньваючы ў сне ланцугамі, Жывена, прытуліўшы да сябе малое і гледзячы на Мілавіцу, што нізка гарэла над непрыветнай, скарчанелай зямлёю, зашаптала словы вітання Зары-Зараніцы. Даўно не звярталася яна да багоў, змучаная палонам і яго нягодамі, даўно не спявала гімнаў, можа, недзе ў глыбіні душы крыўдуючы на тое, што пакінулі яе светлыя Ашвіны. Забыўшыся, яна спачатку не заўважыла рысіных вачэй Аваргі, што засталася ззаду, а цяпер непрыкметна пад'ехала да воза.

— Цалмон? — паказваючы рукой на Мілавіцу, запыталася яна. — Ёй спяваеш?

Дзяўчына змушана кіўнула, зразумеўшы, што сказала манголка. Тая адабральна цокнула, па твары яе слізганула ўсмешка. Вечарам, калі клаліся на начлег, яна паказала на Кол-зорку:

— Алтан-гадас!

Рукой як бы ўбіла ў зямлю кол, пасля паказала на коней, нібы прывязваючы іх да яго. Затым зноў — на Вялікую Мядзведзіцу.

— Гэта ж яна сем зорак назвала. У нас жа таксама Кол-зорка! — узбуджана загаварыла Рада, а пасля недаўменна запыталася: — Дык што, яны такіх жа багоў маюць? Як людзі?

— Усе людзі, - азвалася Жывена. — І неба на ўсіх адно, і зоркі на ім тыя ж.

— А прыгожае якое неба, — задуменна прамовіла жанчына. — Цёмнае, як аксаміт, а зоркі на ім, нібы бісер нанізаны, бачыла я на адной падарожніцы багатую такую сукню. Табе, можа, і давядзецца такую апрануць. Ты ж з багатых, я бачу. Рукі далікатненькія… Нічога, мабыць, не ўмееш рабіць…

Абедзве яны не пераставалі дзівіцца строгай размеркаванасці качавога жыцця стэпавікоў-воінаў. Агромністы караван, які вёз назад у стэпы нарабаваную вялізную здабычу, падпарадкоўваўся адной, магутнай сіле, якая за некалькі хвілін магла прымусіць увесь лагер падняцца на ногі, амаль адначасна асядлаць коней і, запхнуўшы ў вазы палонных, ехаць наперад, на радзіму. Самі заваёўнікі былі, здавалася, зроблены з дрэва альбо жалеза — не баючыся холаду, скакалі яны на сваіх калматых коніках, якія капытамі рылі снег, шукаючы там былінкі; елі вяленую каніну, рэжучы яе палоскамі. Маліліся багам-ангонам з футра і лямцу, а таксама Сонцу і Месяцу. Калі ў час паходу ўсё ж памёр знатны сотнік, як казалі, пасечаны ў бітве, манголы спыніліся ў даліне і, паставіўшы чорную юрту, а над ёю павесіўшы чорную харугву, трое сутак чакалі, пакуль шаманы дапамогуць душы памерлага пазбегнуць сустрэчы з жахлівымі боствамі цара падземнага свету Эрлік-хана. Калі адзін з палонных, што нёс сучча для кастрышча, прайшоў заблізка ля юрты памерлага, яго тут жа ссеклі бізунамі да смерці, і ён адправіўся ўслед за сотнікам, каб дапамагаць яму як раб.

Калі войска падышло да Дняпра, сустрэчныя купцы прынеслі нядобрую вестку: палонных яшчэ летась было захоплена столькі, што цана на рабоў рэзка ўпала, а цяпер, мабыць, упадзе яшчэ болей. Спачатку Кагедэй не верыў той вестцы, пасля ж задумаўся. Цяпер палонныя са страхам чакалі стаянак — некаторыя іхнія ўладары, не спадзеючыся атрымаць грошы, сталі прыносіць ахвяры багам, думаючы хаця б заручыцца іхняй літасцю. Назаўтра, пасля таго, як па лёдзе перайшлі Днепр, падвечар, калі на зеленавата-ружовым небе ўзышлі першыя зоркі, а Рада слала салому перад вогнішчам, каб лацвей усесціся на яе, запяяла страла з рук Кагедэя, і жанчына, коратка крыкнуўшы, упала на салому мёртвай.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)