Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 140
Перейти на страницу:

— Бесерменіцы! Татары! — пачуліся крыкі, і тут жа затупалі па сенцах, высадзіўшы дзверы, страшныя прышэльцы, і адчайным, страшэнным хрыпам задыхаўся першы з воінаў-ахоўнікаў, што паспеў з мячом выскачыць насустрач. Жывена, вылятаючы з дзвярэй пакоя, адразу ж кінулася назад — у калідоры закіпела сеча, паўголыя, хто ў нагавіцах, што ў адной кашулі купцы і ахоўнікі адчайна супраціўляліся прышлым. Яе ж кінжал застаўся ў перамётнай сумцы, у стайні. Значыць, вось так прыходзіць Смерць, насылаючы сечу і жах? Але ў вачах адразу ж паўсталі невялікія дзверцы ў вінны склеп, што месціліся непадалёк, у самым куце калідора, з якога можна было патрапіць на кухню. Туды вадзіў яе слуга, які расказаў пра камень, што плача перад бядой. Госці, захмялелыя ад віна, учора паднялі слугу на смех, а яна пайшла, бо было цікава.

Яна зноў выглянула ў калідор. У тускла-барвовым святле пажарышча было бачна, што сілы абаронцаў слабеюць, аднак жа можна яшчэ было неўпрыкмет выскачыць з пакоя, джыгнуць у кут і, намацаўшы запыленыя дзверцы, слізгануць у чорнае чэрава склепа. І якраз тады, калі яна зашывалася ў кут з рыззём, якім, мабыць, час ад часу праціралі вялізныя бочкі, пачуўся сярод лязгатання мячоў і кінжалаў такі пранізліва-моцны, адчайны і нечалавечы крык, ад якога, мабыць, і падаюць часам сцены крэпасцяў. Але гэтым разам то быў крык Гайны, ён паўтарыўся другі раз, а пасля, не паспеўшы набраць вышыню, апаў і больш не ўздымаўся.

Нехта ўбег у склеп, сапучы, падвываючы ад жаху. Мабыць, гэта быў учарашні слуга, ён палез некуды пад бочку. А праз доўгія пякучыя імгненні ў дзвярах пачулася тузаніна, і гартаннымі крыкамі зласлівасці адказалі татары на ўмольнае віскатанне гаспадара, які маліў захаваць жыццё. Праткнуты кінжаламі, ён паміраў перад бочкамі, якія, мабыць, здаваліся яшчэ так нядаўна апірышчам і аховай ад бядотнай старасці. Татары знайшлі слугу і разбілі ягоную галаву аб той самы камень, які ён учора паказваў з такім захапленнем. Жывену ж, мабыць, ахоўвалі Ашвіны, бо дзіда, якою адзін з нападальнікаў паварушыў рыззё, ткнулася побач з плячом дзяўчыны. Аднак факелы ледзь гарэлі ў задушлівым склепе, і татары, рагочучы, павыбівалі затычкі; назіраючы каля дзвярэй, як віруе пітво, так любае іх ворагам, зняважліва рагаталі яшчэ. Потым заспяшаліся прэч — вогнішча разгаралася, даўкі дым слаўся над паверхняй пахкага п'янкога пойла, у якім плавалі абодва трупы і праз які ледзь прабілася да выхаду Жывена, натужна кашляючы і заплюшчваючы вочы, якія раз'ядала дымам.

На кухні бушавала полымя, давялося паўзці па калідоры, дзе валяліся рэчы, не забраныя рабаўнікамі — старая бялізна, патрапаныя калчаны. Усё ж каштоўнае было забранае, нават трупы воінаў і купцоў валяліся абдзёртыя да галізны. Прапаўзаючы каля апошніх дзвярэй, Жывена прыўзнялася: слаба, жаласна падало голас дзіця. Так, гэта было немаўля, яно ляжала ў крыві, што нацякла з Гайны, на чыіх пасечаных грудзях ляжаў Душан, таксама мёртвы. Яна схапіла чырвоны, амаль нежывы камячок разам з паследам, не паспеўшы зірнуць на мёртвы твар маці — трашчалі бэлькі, муцілася ў галаве. Толькі адпоўзшы ад ганка як мага далей, каб не прыдушыла абсмаленымі бярвеннямі, павяла вокам і застагнала: да яе ляцеў коннік, круцячы над галавой вераўчаную пятлю і галёкаючы. Перад тым, як аркан абхапіў яе плечы і павалок па камкаватай акрываўленай зямлі да кучы палоннікаў, яна паспела схапіць дзіця; раздзіраючы спіну аб каменне і з апошніх сіл прыціскаючы яго да грудзей, яна ўспомніла белы скрутак у вадзяным адбітку, а пасля, шпурнутая разам з ім да перапалоханых людзей, ужо не памятала нічога…

Так амаль на парозе радзімы яна была адкінутая ад яго татарскай навалай, якая ў 1258 годзе пранеслася па паўночнай частцы Берасцейскай і Новагародскай земляў, пакідаючы пасля сябе сівы попел і чорныя галавешкі замест хатаў і здзічэлых свойскіх жывёл, што замерзлымі гурбамі ляжалі ўздоўж дарог, па якіх гналі палоннікаў на ўсход.

Гаспадаром Жывены стаў мангол Кагедэй, воін з карычневым, ссохлым на зімовы яблык тварам і ўрослай у плечы галавой. З неспасціжнай быстрынёй запальваў ён на зімняку вогнішча, рабіў на прывале юрту, дзе месціўся разам з жонкай забітага брата — суровай кабетай з задубелым цёмна-жоўтым тварам; ускокваў на свайго коніка, як толькі гучаў у далечыні покліч у дарогу. Кабета ж, якую, што высветлілася пазней, звалі Аваргай, пякла ў гарачай глінянай пасудзіне, пакладзенай у вуголле, плоскія ляпёшкі, якімі гаспадары кармілі дзесяць сваіх палоннікаў. Гэта былі, апроч Жывены, людзі з вакольных селішчаў — ганчары, цесляры, кавалі. Іх спадзяваліся дорага прадаць на безэстэнах — базарах у краінах мусульманскага Ўсходу. Сярод палоннікаў была яшчэ жанчына, чыё дзіця забілі ў час нападу, і яна з радасцю падстаўляла свае грудзі маленькаму Святазару — так назвала ўратаванае дзіця маладая жрыца. Карміліца ж Рада болей гаравала з-за палону, чым з-за смерці дзіцяці.

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)