Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
…Звычныя словы грэлі ціхай цеплынёй, але нешта не давала спакою, мучыла. Дзяўчына шукала адказу, у глыбіні душы ведала яго і не хацела здагадвацца. Але пад раніцу, калі сон змарыў цела, усплыў твар Сігурда-Брутэна, і адразу ўся яе істота як ірванулася да яго. Так ніколі не цягнула да Відэвута; нібы замест медуніцы ўдыхнула яна дурнап'ян, ад якога і хацелася выбавіцца, і нястрымна праглася яшчэ.
Мабыць, нешта новае ў ёй адчуў Сігурд-Брутэн, калі прыехаў назаўтра; па ягоных вачах здагадалася, што і яго штурханула ў сэрца пругкая хваля любасці. Распытваючы пра брата і маці, раптам сказаў:
— Хочацца, каб ты надзела белы строй і залаты парчовы каптур, такі самы, якія ў цябе валасы.
І адразу ж абое спалымнелі, замоўклі. Размову аднаўлялі з цяжкасцю, шукаючы словы. А ёй стала здавацца, што стаіць на беразе ракі, дзе плывуць цяжкія, як кавалкі сала, ільдзіны, і варта ступіць крок, як завіхурыць, панясе чорная вірлівая вада. А можа, ужо нясе?
Яна заспяшалася ад'язджаць. Забаялася. Нечакана стала не хапаць шапаткога старэчага голасу Святазара, ягоных парад і пачуцця ўпэўненасці, што Ашвіны не пакінуць у бядзе. Узмацнялася нядобрае прадчуванне, а на яго накладвалася слодыч сустрэч з Сігурдам-Брутэнам, калі ўдваіх ціха ехалі яны па ласкавай даліне ўздоўж Данаў, гутарылі аб усім, што здавалася важным, і гэтым важным было ўсё навокал…
На развітанне ён падаў дзяўчыне скрутак шурпатага палатна. Яна разгарнула — і адступіла назад. Подых багоў быў у карціне.
Сігурд-Брутэн намаляваў яе ў белай сукні і залатым капялюшыку, але, нібыта бачыў раней, зрабіў валасы доўгімі, так што яны закрывалі плечы і падалі хвалістымі пасмамі вакол твару. Зялёны дуб быў ззаду, з-пад ягоных каранёў цякла крыніца, і два юнакі ў чырвоных каптанах паілі з яе коней.
— Хачу, каб ты помніла мяне, — паказваючы на аднаго з братоў-блізнят, прамовіў хлопец. — Я зрабіў іх падобнымі да нас, мяне і Відэвута.
Жывена не стала пытацца, што ён рашыў. Усё астатняе зробяць багі, якія прывялі яе сюды. Яна толькі на імгненне заплюшчыла вочы, калі ён, зусім як Відэвут, схіліўся перад ёю і ткнуўся тварам у далоні жрыцы, пакрываючы іх пацалункамі…
Дарога была доўгай і цяжкай. Наступала восень, дні рабіліся халаднейшымі, парудзелае лісце ляцела ў вочы на адзінокіх шляхах да Чэхіі, куды яе суправаджалі двое слуг з дому фон Бамбергаў. Цёмнай сінечай напаўняліся рэкі, непрыветныя берагі сталі слізкімі і небяспечнымі.
У Празе ёй пашанцавала. На пастаялым двары начавалі купцы, што ехалі з таварамі ў Бярэсце. Да іх далучылася маладая пара з гандлёва-рамесніцкага паселішча каля Вышаграда — зусім юная Гайна і Душан, якія ехалі замяніць бацьку Душана, што каля двух гадоў ужо гандляваў у горадзе на Бузе, зарабляючы на вялікі дом у Вышаградзе, які стаяў у рыштаваннях і які глытаў, нібы цмок, усе іхнія зберажэнні. Гайна чакала дзіця, але яна не засталася ў доме, а наважылася на далёкую дарогу таму, што не жадала ні дня жыць без Душана, вакол якога абвілася, як тонкі павой вакол моцнага дзядоўніка. Вясёлы і лёгкі на нагу юнак зараўнаваў быў сваю маладую жонку, якая на прывалах не адыходзіла ад Жывены і яе Роса, шэпчучы той свае няхітрыя сакрэты, тым болей што старэйшыя купцы сталі яго паджыгваць. Ды маладая жанчына адкрыла мужу сакрэт сваёй равесніцы, апранутай у мужчынскае адзенне, і Душан стаў клапаціцца пра абедзвюх. Жывена таксама ўсёй душой пацягнулася да танюткай сінявокай жанчыны, чыя галоўка, што выглядала з вазка, нагадвала ружовы павой і якую цяжарнасць упрыгожвала, надаючы кругламу тварыку таямнічую задуменнасць. Наіўная і непасрэдная Гайна пры першым жа поглядзе ўгадала дзяўчыну ў заклапочаным юнаку з кароткімі залатымі валасамі, што рассядлаў на пастаялым двары белага каня, і сказала аб гэтым з такім мілым і шчырым здзіўленнем, што Жывена не стала таіцца, але папрасіла не казаць пра тое нікому. Затое і жрыца, калі на другім прывале ўкалыханая дарогай юная жанчына страціла прытомнасць, хутка расцёрла той скроні нейкай пахкай травой і стала апекавацца ёю.