Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Не, я ўпэўнена, — пахітала яна галавой.
— Тады слухай. Я пакіну цябе тут працаваць з такой умовай: па-першае, заўтра адразу ж паедзеш да панны Тэці і папросіш у яе прабачэння, а то…
— Няхай, добра…
— Чакай. Прабачышся, пацалаваўшы ёй руку.
— Я? Гэтай халеры?
— Ты — ёй.
Дзяўчына панура глядзела ў падлогу і адказвала:
— Ну, няхай.
— Але гэта не ўсё. Зробіш гэта так, каб я быў задаволены. Разумееш? Не абы-як, а як належыць.
— Ну, няхай.
— Акрамя таго, ты кожны дзень будзеш ёй кланяцца першая, і ветліва!
— Ну, няхай.
— Ніякіх «ну, няхай», — крыкнуў Друцкі, — глядзі мне! Бо цяпер, хай што здарыцца, мы не толькі развітаемся, але яшчэ на развітанне задзяру спадніцу і ўляплю табе па-бацькоўску такое «Ойча наш», што табе тыдзень не будзе на чым сядзець.
Казя кіўнула галавой, памаўчала хвіліну і запыталася:
— Гэта ўсё?
— Калі ты стрымаеш абяцанне, то ўсё.
— Стрымаю… О, ты вельмі жорсткі, але я і такога цябе кахаю.
Казя прытулілася да яго.
— Ты можаш мяне нават пабіць, але я і тады цябе кахаць не перастану… А сёння… сёння ты прыйдзеш да мяне?.. Праўда, прыйдзеш, мой каханы, мой адзіны?
Друцкі рассмяяўся. І што ты зробіш з гэтымі бабамі?! Горшае для яе мінула, і яна цяпер лічыць, што ён не знойдзе нічога лепшага пасля ўсяго, што адбылося, як толькі ісці да яе.
Казя выглядала так апетытна, што Друцкі ледзь не спакусіўся, аднак з педагагічных меркаванняў рэзка адмовіў, не верачы, зрэшты, што яна зразумела сэнс гэтай адмовы. У душы яна будзе здзіўляцца, што яму яшчэ трэба, раз усё ўжо ў парадку.
«Усё мае свае станоўчыя бакі, — падумаў сам сабе Друцкі, едучы ў атэль, — па меншай меры, раз добра высплюся».
— Маё шанаванне, пан дырэктар! — павітаўся з ім начны парцье. — У вас чакае адна пані.
У Друцкага сэрца забілася мацней.
— Аліцыя! — пранеслася ў яго галаве.
Шырокім крокам мчаў ён па лесвіцы і адчыніў дзверы.
На ложку ў капелюшы, футры і ботах сядзела скурчаная — Тэця.
— Катастрафічна цяжка выспацца, — уздыхнуў Друцкі і пачаў распранацца.
Раздзел 10
Старшыня акруговага суда Турчыньскі хадзіў па пакоі, час ад часу зіркаючы скосу на пракурора Мартыновіча, які, здавалася, задумаўся.
— Аднак цяжка аспрэчыць факт, — пачаў тады старшыня, — што жанчына гэта мае якісьці інстынкт паліцэйскага сабакі, ці — скажам больш мякка — прыроджанага крымінолага. Я ведаю ад адвакатаў, што ў іх проста рукі апускаюцца, калі абвінаваўца яна.
— Таму што пані Горн, — змяніў становішча ў крэсле Мартыновіч, — за палову спраў не бярэцца.
— Менавіта, — затрымаўся перад ім старшыня, — у яе інстынкт. Там, дзе следства не выяўляе вінаватага, у якім яна бачыць сапраўднага злачынцу, яна не хоча абвінавачваць. Але ж у сотні працэсаў, пачатых ёю, віна была больш чым сумніўная, аднак прысуды выносіліся абвінаваўчыя.
— Не заўсёды, — запярэчыў пракурор, — а справа Кушэльскага? Вы самі ўзначальвалі пасяджэнне, і Кушэльскі быў апраўданы.
— Ну зразумела, — засмяяўся Турчыньскі, — але пані Горн сама мне пазней казала, што вы супраць яе волі навязалі ёй гэта абвінавачванне.
— Навязаў-навязаў, — запярэчыў пракурор, — нічога я не хацеў навязваць. Я атрымаў непасрэдны загад з міністэрства. Урад гэтага жадаў — і ўсё.
— Тым не менш, — настойваў старшыня, — застаецца фактам, што Кушэльскі быў сумленным чалавекам, і яна гэта адчула.
Ён прайшоўся яшчэ раз і павярнуў.
— Незвычайная жанчына, і да таго ж прыгожая, як усе д’яблы.
Мартыновіч з’едліва ўсміхнуўся і прамовіў такім тонам, нібыта змяняў тэму размовы:
— А што, старшыня, вы не збіраецеся жаніцца?
— Я? — стаў як укапаны Турчыньскі.
— Ну, таму што вы халасцяк… хм… так сказаць, на выданні, — неахвотна патлумачыў пракурор.
— Вы таксама халасцяк, — здзекліва заўважыў старшыня.
— Я… а што я… — прамармытаў Мартыновіч, — вы іншая справа.
— Мы аднаго ўзросту.
— Так, але на вас яшчэ жанчыны, пане дабрадзею, звяртаюць увагу. Вы можаце гадзінамі захапляцца…
— Хто, я?
— Вы, вы. Што ж гэта, а хвіліну назад хаця б пані Горн.
— Пані Горн — пракурор, і я выказваў сваё меркаванне пра яе прафесійную кваліфікацыю.
Мартыновіч паківаў галавой.
— Ну, так, канечне. З сённяшняга дня я буду звяртаць пільную ўвагу, ці маюць мае падначаленыя прафесійную кваліфікацыю, гэта значыць, ці яны прыгожыя як усе д’яблы, якія ў іх ручкі, якія вочкі, якія ножкі…
— Я пра гэта ўвогуле не гаварыў, — раздражніўся старшыня, — а калі нават і гаварыў, то лепей казаць, чым пра гэта думаць і заглыбляцца ў падобнага роду разважанні.