НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У палове 1942 г. немцы прынялі тактыку павышэння па службе правадыроў беларускіх нацыянальных груповак, ствараючы такім чынам ілюзію суб’ектных адносін да іх дзяржаўных імкненняў. У верасні 1942 г. Вільгельм Кубэ аб’явіў адозву да беларусаў, у якой гарантаваў свабоднае развіццё краіны. Аднак гэта не мела ніякага ўплыву на пазіцыю грамадства. Зацікаўленне да адозвы праявілі толькі дзеячы, якія гуртаваліся ў адзінай легальнай арганізацыі — Беларускай народнай самапомачы (БНС). Узнікла яна ў канцы 1941 г. і мела свае структуры ва ўсіх акругах і раёнах. Кіраванне БНС немцы даручылі Івану Ермачэнку, які ў Беларусі быў малавядомым чалавекам. Яго галоўным козырам быў поўны давер нямецкага боку. У кіраўніцтве БНС апынуліся аднак такія вядомыя дзеячы, як Барыс Рагуля, Юрый Сабалеўскі, Станіслаў Станкевіч, Іван Касяк, Антон Адамовіч, Юльян Саковіч. У ліпені 1942 г. была створана Галоўная рада з дванаццаці чалавек, якая мела быць быццам бы ценевым кабінетам, гатовым пераняць кіраванне краінай з нямецкіх рук. Рада стварыла аддзелы, якія адпавядалі структурам выканаўчай улады. Былі гэта, між іншым, ведамствы вайсковых спраў, унутранай палітыкі, прапаганды, асветы, культуры і аховы здароўя. Рады БНС разам з адпаведнымі аддзеламі паўсталі таксама на ўзроўні акруг.
Немцы дазволілі таксама карыстацца ў публічных месцах беларускімі нацыянальнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня. Гэтыя сімвалы маглі таксама быць змешчаны на мундзірах беларускай дапаможнай паліцыі. Акупанты дазволілі таксама заснаваць Беларускае навуковае таварыства і беларускую Лігу жанчын. У жніўні 1942 г. пачалася арганізацыя беларускіх сярэдніх школ, планавалася адкрыццё універсітэта ў Мінску. У жніўні аб’яўлена было аб узнікненні незалежнай ад Маскоўскай патрыярхіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. На ўсходзе краіны пачалася дзяльба калгаснай зямлі паміж сялян.
На працягу некалькіх месяцаў ажыццяўлялася канцэпцыя акупацыйнай палітыкі генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, якая прадугледжвала падтрымку беларускаму нацыяналізму ў якасці метаду ўстаранення ўплываў рускага камунізму — ідэалагічнай асновы савецкага супраціўлення. Немцы перш за ўсё былі зацікаўлены стварэннем беларускіх антыпартызанскіх ваенных фарміраванняў, якія ў пачуцці службы свайму народу ў сапраўднасці вялі б вайну ў абароне нямецкіх інтарэсаў.
У палове 1942 г. пачалося арганізаванне атрадаў Беларускай самааховы. Меркавалася стварыць корпус у складзе трох дывізій. Фармальна гэтае войска складала ўзброеныя сілы падначаленыя шэфу Беларускай народнай самапомачы Івану Ермачэнку, аднак у аперацыйных справах падлягала камандзіру СС і паліцыі Генральнай акругі Беларусь. У жніўні пачала працу беларуская афіцэрская школа ў Мінску, а ў некалькіх іншых мясцовасцях адчыніліся падафіцэрскія курсы. Камендантам афіцэрскай школы стаў былы афіцэр Войска Польскага Францішак Кушаль. За кароткі час перападрыхтоўку прайшлі некалькі тысяч мужчын, якія мелі складаць кадры беларускага корпуса.
Восенню 1942 г. немцы, сумняваючыся ў лаяльнасці беларускага войска, ператварылі яго падраздзяленні ў паліцэйскія фарміраванні. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула генеральнага каменданта і прымушаны пакінуць Беларусь. Быў ліквідаваны штаб, а камандзірам забаронена было карыстацца афіцэрскімі званнямі. У рамках БНС захаваўся аднак вайсковы сектар і далей вялася вярбоўка ў падраздзяленні Беларускай самааховы, якія пасля дыслакацыі былі аддадзены пад кантроль мясцовых камендантаў СС і паліцыі. Выкарыстоўваліся яны да акцый супраць савецкай партызанкі, да аховы чыгункі і выконвання іншых паліцэйскіх абавязкаў. Іх значэнне было зведзена да ролі дапаможнай паліцыі.
На пачатку 1943 г. сярод галоўнага камандавання СС і паліцыі перамагла канцэпцыя, што самым паспяховым метадам утрымання ладу і парадку ў Беларусі павінна быць жорсткая пацыфікацыя ўсялякіх праяваў непаслухмянасці і падтрымкі руху супраціўлення. Палітычныя канцэсіі ў карысць беларускага нацыянальнага руху ў такой сітуацыі аказаліся непатрэбнымі, а нават шкоднымі. У сакавіку дзейнасць Беларускай народнай самапомачы была абмежавана да арганізацыі дабрачынных акцый і аказвання дапамогі мірнаму насельніцтву пацярпеламу ад ваенных дзеянняў. Месяц пазней ліквідавана была Беларуская самаахова, а яе салдаты фармальна былі пераведзены ў дапаможную паліцыю.