НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Як ва ўсёй акупаванай немцамі Еўропе, так і ў Беларусі ў найгоршым становішчы апынуліся яўрэі. І хаця з-за плана выкарыстання яўрэйскіх рамеснікаў у нямецкай гаспадарцы ў Беларусі генацыд на гэтай тэрыторыі ў значнай ступені замарудзіўся, аднак лёс большасці гэтага народа быў прадрашоны. Пасля знішчэння інтэлігенцыі астатнія яўрэі мелі быць пасланы на работу ў розныя прадпрыемствы ў якасці дармовай рабочай сілы. Менавіта таму ў Рэйхскамісарыяце Остланд Беларусь была адзінай генеральнай акругай, дзе на пачатку 1942 г. пражывала 75 % яўрэяў з ліку тых, якія не паспелі эвакуіравацца ў чэрвені 1941 г. У Эстоніі, Літве і Латвіі ў той час знішчэнне яўрэяў набліжалася да канца. Іншай прычынай замаруджання генацыду яўрэйскага насельніцтва была адсутнасць выразных антысеміцкіх настрояў на гэтай тэрыторыі. Яўрэі, якія ўцяклі з гетаў у лес, стваралі свае партызанскія атрады, карыстаючыся дапамогай мясцовага беларускага насельніцтва. Больш складаным было становішча яўрэяў на тэрыторыі, якая падлягала вайсковаму праўленню. Там гітлераўцы атаясамлівалі іх з бальшавізмам. Ва ўсходняй Беларусі пытанні яўрэйскага насельніцтва знаходзіліся ў выключнай кампетэнцыі камандзіра СС і паліцыі Эрыха фон дэм Баха. У 1942 г. пры ўдзеле літоўскай і латышскай паліцыі была там ліквідавана большасць гетаў. Выратаваліся толькі тыя яўрэі, якія апынуліся на кантраляваных савецкімі партызанамі абшарах.
У Беластоцкай акрузе, якая была далучана да Усходняй Прусіі, нямецкія ўлады з-за яе нацыянальнай разрозненасці кіраваліся падобнай логікай як на тэрыторыі заходняй Беларусі. Пасля некалькіх тыдняў антыбеларускага тэрору, выкліканага людзьмі, якія працавалі ў мясцовай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі, немцы пачалі падтрымліваць беларусаў. У жніўні 1941 г. акупанты дазволілі стварыць Беларускі нацыянальны камітэт, кіраўніцтва якога пераняў дэлегаваны Шчорсам Чэслаў Ханяўка. Пачаткова дзейнасць камітэта абмяжоўвалася да ладжання сходаў, лекцый, канцэртаў. Восенню 1941 г. пачаліся курсы для ахвотных працаваць у адміністрацыі, каб такім чынам аслабіць перавагу палякаў. Дзеячы камітэта дабіліся таксама дазволу на эксгумацыю беларусаў, якія былі забіты ў выніку даносаў у чэрвені 1941 г., і перапахаванне трупаў з месцаў экзекуцыі на праваслаўныя могільнікі. З 1942 г. камітэт арганізаваў курсы нямецкай мовы, распараджаўся кравецкім кааператывам, хорам, аркестрам, тэатрам, выдаваў газету «Новая дарога», вёў дабрачынную дзейнасць у карысць выселеных жыхароў з ваколіц Белавежскай пушчы. Летам 1943 г. на грамадскай базе камітэта ў Беластоку было створана Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднанне (БНДА), аддзелы якога паўсталі ў шасці мястэчках акругі. Была гэта арганізацыя з палітычнымі імкненнямі і ўсеагульнага значэння. У адрозненне ад камітэтаў, якія мелі лакальны характар і галоўным чынам займаліся сацыяльнымі і культурнымі справамі, БНДА апекавалася арганізацыяй ваенізаваных груп Беларускай самаахвовы. Ствараліся яны галоўным чынам для аказання супраціўлення савецкім партызанам, якіх акцыі былі прычынай жудасных нямецкіх рэпрэсій на мірным насельніцтве. Акупанты прабавалі выкарыстаць БНДА для ўраўнаважання польскіх уплываў у адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Хаця адносіны паміж палякамі і беларусамі ставаліся штораз горшыя, аднак настроі беларускіх мас не схіляліся ў бок пранямецкіх груповак. Злачынствы і тэрор акупанта нейтралізавалі адмоўнае ўражанне, якое пакінула па сабе савецкая сістэма. Папулярнасці нацыянальных арганізацый не спрыяла таксама змена сітуацыі на фронце ў другой палове 1943 г. На населенай беларусамі тэрыторыі пачыналася ажыўленне камуністычнага падполля.
Уздзеянне як камуністычнага, так і нацыянальнага руху датычыла адносна невялікай часткі беларускага насельніцтва. Большасць беларусаў звычайна хацела толькі выжыць, ухіляючыся ад усяго, што магло б перашкодзіць дасягнуць гэту мэту.
Паражэнне Нямеччыны пад Масквой у 1941 г. і перспектыва працяглай вайны прымусілі немцаў шукаць розныя варыянты палітыкі дзеля забеспячэння шляхоў зносін і гаспадарчай эксплуатацыі заваяваных тэрыторый. Прымаліся адпаведныя меры, каб пашырыць сістэму калабарацыянізму, адцягнуць людзей ад буйнеючага партызанскага руху. З крымінальнікаў і савецкіх ваеннапалонных розных нацыянальнасцей ствараліся вайсковыя атрады, якіх камандзірамі назначаліся нямецкія афіцэры. У Беларусі дыслацыраваліся падраздзяленні г. зв. Рускай вызваленчай нацыянальнай арміі, якой камандаваў брыгадэнфюрэр СС Браніслаў Камінскі. РВНА складалі надзвычай дэмаралізаваныя салдаты, якіх адзінай мэтай былі грабеж і забойствы. Падраздзяленні Камінскага выкарыстоўваліся немцамі для пацыфікацыі беларускі вёсак. У жніўні 1944 г. былі яны высланы ў Варшаву, у якой успыхнула антынямецкае паўстанне.