НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У 1943 г. амаль 20 % даваеннай (да 1941 г.) Беларусі апынулася пад кантролем партызан. На гэтай тэрыторыі ўся ўлада належала камандзірам партызанскіх атрадаў. У большай частцы акупаванай рэспублікі нямецкая ўлада ўтрымоўвалася толькі ў гарадскіх цэнтрах. На Палессі, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, багатымі вялікімі ляснымі і дрыгвяністымі масівамі ўзніклі г. зв. партызанскія рэспублікі, у якіх была ўзноўлена большасць устаноў савецкай дзяржавы.
У заходніх абласцях Беларусі значны ваенны патэнцыял прадстаўляла польскае падполле. Армія Краёва (АК), як узброеная сіла, падначаленая польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане, мела ствараць умовы для адбудовы польскай дзяржавы ў межах да 17 верасня 1939 г. Пасля заключэння 30 ліпеня 1941 г. пагаднення паміж польскім і савецкім урадамі падпольныя атрады Хаўруса ўзброенай барацьбы (ХУБ), пазней АК, сталі хаўруснікамі савецкай партызанкі. Хаця ў падпісаным урадавым пагадненні не была дасягнута дамоўленасць наконт граніц, заключаная цэнтрам дамова абавязвала ў нізах. У 1942 г. камандзіры АК заключалі з камандзірамі савецкіх атрадаў асобныя пагадненні, якія рэгулявалі ўзаемныя адносіны і вызначалі тэрыторыю харчовага забеспячэння для кожнага падпольнага падраздзялення. Спарадычна, аднак, даходзіла да супольных акцый супраць немцаў. Акцыя «Вахляж» («Веер»), якая была серыяй дыверсійных дзеянняў праводзімых СУБАК у 1942 г. на тэрыторыі былых усходніх ваяводстваў, мела, аднак, палітычны антысавецкі падтэкст, паколькі была дэманстрацыяй польскай прысутнасці на гэтым абшары. Каб не ўскладняць адносін з палякамі, савецкія ўлады да 1943 г. не разбудоўвалі свайго падполля ў заходняй Беларусі. Сітуацыя рашуча памянялася толькі пасля парвання дыпламатычных зносін паміж СССР і польскім урадам у красавіку 1943 г. Армія Краёва з хаўрусніцкага фарміравання стала тады «фашысцкім», які Цэнтральны штаб партызанскага руху загадаў знішчаць у такой жа ступені як нямецкія сілы або падтрымоўваючыя іх дапаможныя беларускія падраздзяленні.
22 чэрвеня 1943 г. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б выдаў інструкцыю для партыйных арганізацый на тэрыторыі заходняй Беларусі, у якой было сказана, што заходнія вобласці з’яўляюцца неад’емнай часткай БССР, часова акупаванай немцамі. У адпаведнасці з інструкцыяй, на гэтай тэрыторыі мелі права дзейнічаць толькі тыя арганізацыі, якія кіраваліся інтарэсамі БССР. Прытым дадзены быў загад ліквідаваць дзейнасць польскіх нацыяналістычных арганізацый, да якіх прылічана была і АК, ды арганізаваць польскае савецкае падполле. Адначасна рашэннем ЦК КП(б)Б перапраўленых было з усходняй Беларусі ў заходнюю 40 меншых атрадаў, якія папаўняліся мясцовым насельніцтвам.
Савецкае падполле пранікнула таксама і на Беласточчыну і налічвала каля 6 тыс. салдат. На гэтай тэрыторыі не ствараліся структуры Польскай рабочай партыі. Абазначала гэта паслядоўнае ажыццяўленне савецкім урадам плана ўзнаўлення межаў з 1941 г. Узброеныя сутычкі паміж АК і савецкай партызанкай сталі непазбежнымі.
Пагаршэнню польска-савецкіх адносін у заходняй Беларусі ў 1943 г. спадарожнічала абвастрэнне польска-беларускага канфлікту. У выніку палітыкі падтрымкі беларусаў пры падборцы кадраў у адміністрацыі і дапаможнай паліцыі іх удзел у канцы 1943 г. узрос адпаведна да 80 і 60 адсоткаў. Беларуская мова ў гэтай частцы Беларусі стала дзяржаўнай, на ёй выходзіла большасць легальных газет, па-беларуску выкладалася большасць прадметаў у пачатковых і сярэдніх школах. Выразнае развіццё беларускага нацыянальнага руху камандаванне АК, асабліва Навагрудскай і Віленскай акруг, расцаніла як пагрозу для польскіх інтарэсаў. Выклікаць польска-беларускі канфлікт імкнуліся таксама немцы, прымаючы адпаведныя меры, напрыклад, вызваляючы з пасад палякаў, арганізуючы скрытыя забойствы прадстаўнікоў польскай і беларускай інтэлігенцыі, узмацняючы гэтым жа атмасферу недаверу і варожасці. Беларускія чыноўнікі, у выпадку канфлікту інтарэсаў, у прынцыпе прымалі рашэнні ў некарысць палякаў. Больш ахвотна высылалі яны на прымусовыя работы польскую моладзь чым беларускую. З-за росту беларускай перавагі ў структурах акупацыйнай улады АК адказала антыбеларускім тэрорам. У Лідскай акрузе канфлікт ператварыўся ў вайну, якой мэтай было зніштажэнне элітаў. Садзеянне АК і маючай перавагу ў гэтай акрузе польскай дапаможнай паліцыі давялі да фізічнай ліквідацыі большасці арганізатараў беларускага нацыянальнага жыцця — настаўнікаў, чыноўнікаў, дзеячаў Хаўруса беларускай моладзі. Камендант Навагрудскай акругі АК піша, што яго салдаты ў другой палове 1943 г. выканалі больш за 300 смяротных пакаранняў на беларусах, а на 80 чалавек зрабілі даносы ў гестапа, абвінавачваючы іх у камунізме (глядзі: Nowogrodczyzna w walce 1940–1945, Londyn 1976).