НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Асаблівасцю Навагрудчыны было таксама і тое, што амаль палову ўдзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, з якім змагалася АК, складалі католікі (у ІІ Рэчы Паспалітай улады схільныя былі лічыць іх палякамі), а ў радах АК амаль 40 % салдат складалі праваслаўныя беларусы.
Цяжка вызначыць, якую палітычную гульню вёў Вацлаў Іваноўскі. Працуючы на пасадзе бургамістра Мінска прыняў ён на работу ў магістрат двух афіцэраў выведкі АК, падтрымоўваў дзейнасць польскага падполля на Міншчыне. Быў ён саветнікам генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, старшынёю Беларускай рады даверу, якая прадстаўляла інтарэсы беларускага насельніцтва перад немцамі. Апынуўся ён у цэнтры сіл, якія будучыню Беларусі бачылі ў шчыльнай сувязі з Нямеччынай. Паралельны ягоны ўдзел у супрацоўніцтве з польскім падполлем быў ажыццяўленнем зусім адваротнай канцэпцыі, праявай веры ў магчымасць стварэння федэрацыі Польшчы і Беларусі як раўнапраўных суб’ектаў. Была гэта сярод беларускіх палітыкаў пазіцыя надта асаблівая, зважыўшы на тое, што польскі бок рашуча выказваўся за вяртанне становішча, якое існавала да 1939 г.
Беларуская цэнтральная рада
Побач пацыфікацыі вёсак і тэрору ў адносінах да падазроных у супрацоўніцтве з партызанамі асоб у палове 1943 г. нямецкія акупацыйныя ўлады вярнуліся да палітыкі падтрымкі беларускага нацыянальнага руху і стварання антысавецкай грамадскай базы. Вясною 1943 г. пачалася падрыхтоўка да заснавання беларускай маладзёжнай арганізацыі, якой узорам мелі быць падобныя арганізацыі ў прыбалтыйскіх краінах. Абучэнне кадраў будучай арганізацыі было даверана бязмежнаму прыхільніку ідэі супрацоўніцтва з Нямеччынай Фабіяну Акінчыцу. Былі адчынены два падрыхтовачныя цэнтры — для дзяўчат у Драздах каля Мінска, а для хлопцаў — у Альбярціне каля Слоніма. 22 чэрвеня 1943 г. аб’яўлена было заснаванне Хаўруса беларускай моладзі (ХБМ). Лідэр ХБМ Міхал Ганько падначалены быў генеральнаму камісару Вільгельму Кубэ; яму падлягалі акруговыя кіраўнікі, а ім у сваю чаргу падначальваліся раённыя кіраўнікі. Чальцы ХБМ атрымалі мундзіры падобныя на форму нямецай моладзі з арганізацыі Гітлерюгенд. Паводле статута, мэтай ХБМ была падрыхтоўка маладога пакалення беларусаў да выканання нацыянальнай місіі. Арганізацыя выдавала свой часопіс «Жыве Беларусь». Лідэры ніжэйшых структур вербаваліся з ліку гімназічнай моладзі. Праходзілі яны спецыяльныя курсы, набліжаныя да ваеннага абучэння. ХБМ гуртаваў гарадскую і маламестачковую моладзь. У гэтым асяроддзі ў савецкіх партызан былі абмежаваныя магчымасці знішчаць варожыя сабе палітычныя структуры і таму ХБМ даволі хутка стаў шматлікай арганізацыяй — у канцы 1943 г. налічваў 40 тыс. чальцоў і меў свае структуры на ўсёй тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкім кантролем.
Разам з заснаваннем маладзёжнай арганізацыі Кубэ стварыў таксама Беларускую раду даверу (БРД), якая мела быць заменнікам палітычнага прадстаўніцтва беларусаў перад нямецкімі ўладамі і, праўдападобна, зародкам нейкага калабарацыянісцкага ўрада. Старшынёю БРД стаў Вацлаў Іваноўскі, а ў яе складзе апынуліся таксама лідэры ХБМ — Міхал Ганько і Надзея Абрамава. Радзе цяжка было дасягнуць давер беларусаў, паколькі ў той час СС, паліцыя і Вермахт не пераставалі пацыфікаваць беларускія вёскі. Чарговая спроба цывільнага праўлення стварыць антыбальшавіцкі беларускі фронт закончылася беспаспяхова. Аўтар гэтай палітычнай канцэпцыі Вільгельм Кубэ загінуў 22 верасня 1943 г. у выніку замаху праведзенага савецкім падполлем. Яго наступнікам стаў ініцыятар жорсткіх пацыфікацыйных акцый, камандзір СС і паліцыі ў Генеральнай акрузе Беларусь Курт фон Готберг. Са згоды Готберга 7 снежня 1943 г. старшыня Беларускай рады даверу Вацлаў Іваноўскі быў у Мінску забіты.
Новы генеральны камісар Акругі Беларусь не быў прыхільнікам стварання ўмоў для развіцця беларускага нацыяналізму ў якасці процівагі для савецкага падполля. Затое быў ён зацікаўлены ў падтрымцы розных сіл, якія па натуральных прычынах схільны былі весці вайну з СССР. На Навагрудчыне немцы заключылі з тамашнімі камандзірамі АК — палкоўнікам Янушам Праўдзіцам-Шляскім, капітанам Адольфам Пільхам, паручнікам Юзэфам Сьвідам некалькі пагадненняў аб узаемнай неагрэсіі і забеспячэнні атрадаў АК ў зброю пры ўмове, што будзе яна скарыстана ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Гэтыя пагадненні мелі выключна вайсковы характар, таму што афіцыйна навагрудскае злучэнне АК знаходзілася ў становішчы вайны з немцамі. Рашэнні лакальных камандзіраў АК ніколі не былі адобраны Галоўнай камендатурай, паколькі ішлі яны ўразрэз з планамі акцыі «Бура» і перакрэслівалі яе палітычны сэнс.