Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Між тым жалезны лёкай правёў яшчэ за адны дзверы, якія бязгучна адчыніліся пры набліжэнні гасцей. І тыя нарэшце ўбачылі звычайнага чалавека.
Ну як звычайнага.
У прынцыпе, у яго было два вокі, два вухі, нос, рот, рукі. Толькі галава неяк дзіўна сплюснутая з бакоў, так што твар здаецца занадта вузкім і доўгім, а светлыя вочы занадта блізка пастаўленыя. Акуратны напудраны парык, цёмны сурдут, кашуля без мора карункаў, строгі белы каўнер. Так мог быць апрануты прафесар на лекцыі. Стол, за якім ён сядзеў, на першы погляд нагадваў звычайны. Але металёвая стальніца была ўся ўторканая маленькімі стрыжнямі, нібыта цацачныя жаўнерчыкі чакалі рашучай баталіі.
Тонкія вусны чалавека расцягнуліся ў ветлай усмешцы:
— Доктар Лёднік! Даўно марыў з вамі пазнаёміцца! Не прапускаю вашы артыкулы ні ў Лейпцыгскім навуковым часопісе, ні ў Сарбонскім альманаху. Асабліва на медыцынскія тэмы. Ах, якая была ваша выдатная манаграфія пра функцыі мозгу! Праўда, за пару год да вас гэтую тэму першым падняў ваш зямляк. Як яго. Завойскі, Заройскі? Але ў яго столькі грубых памылак. А пасля ён яшчэ і сам спалохаўся ўласных адкрыццяў. Так непрыгожа — вас звінаваціў, што вы яго падманулі ілжывымі тэорыямі. Прагрэсіўная грамадскасць тады вельмі ўзрушылася. А вы — усё абгрунтавалі, ідэю абаранілі.
Вырвіч ведаў, пра што гаворка: некалькі год таму, каб выратаваць Саламею ад паклёпу, Лёднік аддаў свае напрацоўкі аднаму прадажнаму менскаму доктару, які жадаў праславіцца. А той скарыстацца толкам не змог.
— Але дазвольце прадставіцца.
Чалавек, не ўстаючы, пакланіўся, зусім не цырымонна, так, па-сяброўску:
— Фрыдрых фон Рутгер, герцаг. Уладар гэтага горада. Як вам спадабаліся мае слугі?
Сплюснуты герцаг з гонарам абвёў рукой пакой, потым тузануў некалькі стрыжняў на стале. За спінамі гасцей пачуўся ляскат. Ліцвіны паспешліва расступіліся, і па жалезнай паласе да гаспадара пад’ехаў слуга-аўтамат. На руках у яго жаўцеў стос часопісаў. Іх дапамог перакласці на стол, аднак, не яшчэ адзін аўтамат, а чалавек. Праўда, страхалюдны, здаровы, як вол, з чорнай барадой і перабітым носам. Адна рука ў спадара была па локаць жалезнай, але пальцы паслухмяна згіналіся і выпростваліся.
— Дзякуй, Гуга. Гэта мой паплечнік і памагаты, Гуга Рыфэншталь. Ён выдатны інжынер!
Мяркуючы па знешнасці, той Рыфэншталь быў хутчэй наймітам-забойцам.
— Але што ж я такі няветлы. Нават сесці не прапанаваў гасцям, — хітравата прамовіў герцаг, хуценька пакруціў стрыжань на стале, і да наведнікаў па тых жа металёвых палосах пад’ехалі крэслы без абіўкі, з чорнага простага дрэва.
Пазёр! А яшчэ Вырвіча крыўдзіла, што з іх траіх гаспадар заўважае толькі Бутрыма.
— Дзякую за гасціннасць, ваша светласць, — у голасе Лёдніка, які ўсеўся ў крэсла, як на трон, удзячнасці было не болей, чым у каменнай голай багіні — сораму. — Дазвольце прадставіць маіх спадарожнікаў. Гэта мой сябар, шляхціц старажытнага роду, ягамосць Пранціш Вырвіч герба Гіпацэнтаўр.
Пранціш моўчкі пакланіўся, пастараўшыся зрабіць гэта як мага больш фанабэрыста — не звык нашчадак Палямона быць дадаткам да сына полацкага гарбара!
— Гэта мой сын Аляксандр Лёднік, студэнт Віленскай акадэміі.
Алесь таксама пакланіўся, але герцаг на яго нават не зірнуў.
— Мы ў вашых уладаннях з’явіліся выпадкова, праездам на радзіму. Таму просім прабачэння, калі мімаволі парушылі якіясь мясцовыя традыцыі. Тым не менш, — у голас Чорнага Доктара дадалося металу, — хацелася б тое-сёе з’ясаваць. Напрыклад, чаму вашы падданыя нічога не ведаюць пра аперацыю, якая над імі праведзеная, і чаму вы не дазваляеце лячыць іх ад наступстваў той аперацыі. Без усякага сумніву, прагрэсіўнай.
Фон Рутгер нат не паморшчыўся ад такога нахабства, наадварот — расплыўся ва ўсмешцы:
— Так я і ведаў, што вы ацэніце, гер Лёднік! Мне дужа не хапае ў гэтай глухмені адукаваных людзей! Не паверыце, даводзіцца да самых змрочных забабонаў звяртацца, каб прыўнесці прагрэс гэтаму быдлу.
Як Бутрым не любіў падобнага стаўлення да простага люду. Вось загаварыў, як быццам змусілі лекцыю чытаць п’яным студэнтам:
— Варыяляцыя — добрае пачынанне. У Францыі яе шырока практыкуюць, у Рыме, у Даніі. Французскі кароль апрабаваў на сабе, і расейская імператрыца над сабой загадала тое ўчыніць, дзеля прыкладу падданым. Але вы ж павінны разумець: метад пакуль недасканалы.
І патлумачыў, павярнуўшыся да спадарожнікаў:
— Гэта сродак абараніцца ад воспы, вы ж чулі неаднойчы, я сам яго прапагандаваў. У драпіны прыўносяць змесціва воспенных пухіркоў ад кароў, чалавек захворвае, але лёгка. А потым ужо ніколі не заразіцца. Праблема — пасля штучнага заражэння ён можа захварэць наўсур’ёз.