Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Пераважна гэта адносілася да беларусаў-заходнікаў, якія не мелі абавязкаў да савецкай дзяржавы, бо не жылі амаль пад ёю, і нічога пакуль што яна ім не дала, нават КПЗБ не прызнала, а хацела ад нас усяго! Усяго безапеляцыйна! Яшчэ на Беларусі чуліся крыкі раскулачаных на смерць і вывожаных з хатаў у пустэчы, якімі надзяліў лёс гэтую дзяржаву на пакуту ўсім людзям. Я хадзіла як учадзеўшы — свой боль і боль за харошага беларуса Пётру...
Як тут выкруціцца, як ратаваць сям’ю? Аб сабе я не думала. Вось трэба было плаціць, сурова плаціць за асліную ўпартасць свайго «сацыяліста». Праўда, уцякаць з немцамі, не маючы з імі нічога супольнага, лагічна, не было пашто, але якая ў Сталіна логіка, калі ад яго капрызаў гінулі мільёны людзей... Такі ўжо лёс, і сапраўды з пагранічнага Вімпэрку, як мы, — трапіць проста на канец свету ў Комі, дык гэта трэба мець сапраўды беларускую долю... I вось я ведаю прыблізна, калі па нас прыйдуць, і ведаю тое, што чэхі не хочуць нас выдаць, і ведаю, што не маюць права ламаць нам дзвярэй... Ведаю многа, але як ратавацца — засталося два дні... Паганая «панская» натура, не можам недзе схавацца ў чэхаў з той няшчаснай прычыны, каб не зрабіць ім зла, бяды, якога «Сібіру» на іх не прыклікаць. Гэта з нас можна дзерці скуру, але мы нікога яшчэ нічым не скрыўдзілі, мае рукі на тое, каб памагаць людзям, і вось мы як дурні, і што нам самотным рабіць? Бог і мы, вера толькі на Бога продкаў маіх.
Мой «атэіст» разгубіўся не на жарты. Я хоць маю Бога, а ён сваю логіку, якая трашчыць. Быў у мужа адзін харошы пацыент, якому ў свой час многа зрабілася, пан Дворжак, быў ён загадчыкам нейкага спартыўнага клуба. Пайшлі мы ўтраіх да яго, каб ён нас нейк пераправіў у Пльзень, дзе былі гуманныя, разумныя амерыканцы, якія калі й саджалі людзей, дык не са здзеку, але вінаватых сапраўды. Такое мы чулі праз іх, а ў нас жа віны ніякае! Сняцца мне тыя амерыканцы начамі як адзіны ратунак нашай няшчаснай сямейкі.
Вось мы і ў пана Дворжака. Дзянёк позні, летні, сонечны-сонечны. Ходзяць сабе людзі, шчаслівыя людзі, ах, якія ж шчаслівыя — іх заўтра не будуць красці... Пан Дворжак не можа нам памагчы, ён захварэў, выйшаў да нас і так сказаў, што не можа. Не мог сапраўды, цераз два тыдні памёр на аперацыйным стале ад раку мачавога пухіра... Што ж, бліжыцца нейкая непазбежнасць... Мне прыпомніўся верш мой адзін з апошніх: «Дай адкупіць мне цярпеннем паэта долю і волю, і шчасце народу...»
У нас яшчэ ёсць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля скверу. Я з жудасцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі... Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць... Ну й свет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным свеце»... Дамоў ідзем з Юраю, ён — мая сіла. Добра, што хоць Янка ў бяспецы, удар будзе па нас дваіх, і мы вытрымаім! Бог з намі. Я збіраю ўсе мае сілы, і ўсю маю веру, і ўсю маю любоў да майго народу — я вытрымаю! Сын, маё хлапчанё, пры мне, і ён усё дасканала разумее. Праўда, ён нейк нам сказаў, што хто быў на версе, той цяпер на нізе й наадварот і як добра, што мы былі й засталіся пасярэдзіне. Цяпер мы выходзім з усіх гэтых рамак, нас узялі на мушку.
Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома... Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складанні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамендаваўся. А мы, дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час... Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!
Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бяспецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзідэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.
Мы з сынам дваіх у маёй пасцелі чытаем Евангелле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы свет.
Разбудзіў мяне бесперапынны званок і трэск дзвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзвярыма: «Мамачка, пусці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці...» Адчыняю дзверы, пан Чада прывёў майго «галубочка» на маё гора... Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс... Хутка паслала яму пасцель і падумала сабе, што ўсё ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала...