Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэшскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сянняшняе й сама стала без памяці ля свайго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.
А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усё, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстаменце, і нельга было сыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!
Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Пётры. Не раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае планавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.
Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны не хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Пётру, і яна сказала мне, што яго не выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі[153]. Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.
Сябры мне многа пазней сказалі, што ў зняволенні бачылі ў прыбіральні напісанае прозвішча Пётры й крыж ля прозвішча, знача, яго забілі...
Я нічога не пыталася ў сцервы, я не магла глядзець у яе бок і толькі чакала, калі гэты смурод выйдзе з хаты. Яна ж, відно, хацела нам дабра, можа, за тое маё збалелае за Беларусь сэрца, а я яе зненавідзела, як гіену. Я не магла зразумець, як можна лапаць, выкрадаць няшчасных, якія ўставалі з векавое няволі й як маглі стараліся падняць, усвядоміць народ. Усе прадажныя перакідаліся з лагеру ў лагер, выплывалі пры любых абставінах, як нечысць, на паверхню, а вось ідэйны, найлепшы наш элемент гінуў.
Я разумела бальшавікоў — яны заплацілі велькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога — гэта не нашая перамога, бо мэта іх — вынішчыць нас і асіміляваць, што ж даказалі яны за ўвесьь перыяд свайго існавання. Яны ж не могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіць сілаю на свой маскоўскі лад увесььь свет, не думаючы аб тым, якія вартасці нішчаць... Страшнымі цяпер мне зрабіліся і ўсе тыя харошыя хворыя байцы, якія выжылі з цяжкіх баёў і сапраўды жадалі людзям дабра. «Не вяртайцеся, не вяртайцеся дамоў, вам няма там чаго рабіць...» — іхнія словы.
Цяпер я іх баялася ўсіх, не магла іх ні бачыць, ні чуць. Не адчыняла ім ніколі дзвярэй больш. Іх недзе перавялі за Прагу з іх штабамі, і чэхі вельмі сардэчна з імі развітваліся, хоць многае ім не падабалася. Замест гэтых шэрых скромных герояў з крывавых баёў паявіліся цяпер тылавыя «ваякі» ад МВД, і яны ўжо анулявалі тое добрае й шляхотнае, што было ў франтавікоў. Нельга было цяпер выдаваць нашых, пройдзе час, стрэцца розніца, болей зразумеюць адныя другіх, тады...
153
Саюз беларускай моладзі (СБМ) — моладзевая антысавецкая грамадская арганізацыя на Беларусі (1943–1945), падпарадкоўвалася БЦР.