Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:

Двухтомнік славутай дачкі беларускай зямлі Ларысы Геніюш пабачыў свет у стагоддзе з дня яе нараджэння. Публікацыя ўвабрала ў сябе не толькі паэзію, але таксама прозу. Уключае зборнік і эпісталярную спадчыну паэткі. Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі...
1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 263
Перейти на страницу:

Назаўтра быў дождж. Муж, адыходзячы на працу, прасіў у мяне, каб не ездзіла на пахаванне, і ён ужо пачаў адчуваць небяспеку. Рана прыехаў Пётра й пакінуў у нас хлопчыка ў веку нашага Юры, сам пабег на могілкі. Пахаванне мела быць пасля абеду. Я пакінула ўдома дзяцей і паехала да тае капліцы, павезла вялікі букет белых гладыёлусаў. Паехала, каб злажыць свае спагаданні бедным бацькам і перапрасіць, што нельга мне быць на пахаванні.

Маці я сказала, што я чую, як за мною ўсюды ходзяць, і баюся, каб не прычыніць ім яшчэ большага гора. Маці, забыўшыся з болю аб усім на свеце, пачала прасіць мяне, каб я абавязкова прыехала. Я вярнулася дамоў, пакарміла дзяцей, і мы паехалі з імі на могілкі. Муж з працы прыходзіў толькі ўвечары. Калі мы ля Альшанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў, якія відочна доўга ўжо так стаялі, бо аж ім рагі з дажджу парабіліся на гімнасцёрках. Я падбегла да дзяцей і абняла іх са страху. Яны спакойна йшлі пад вялікім сямейным парасонам і крыху здзівіліся.

Нябожчыцу ўжо пахавалі, мы спазніліся. Засыпалі магілу, над якой стаялі нашыя людзі й між імі, абнімаючы адну нашую дзяўчынку, тая шпіёнка. Мяне затрасло. Насыпалі горку, мы пайшлі ў царкву. Няведама скуль назбіралася нашых, яны не пабаяліся раздзяліць няшчасце з сябрамі. Стаю, гляджу на іх і плачу, а тая сцерва пытаецца ў мяне, чаго плачу? Кажу ёй, што куды ж ехаць гэтым нашым няшчасным людзям, калі ж ужо будзе нашая Бацькаўшчына для нас і мы гаспадары ў ёй. Не магу спыніцца ад плачу. Пасля падыходзіць Пётра, усе мы складаем свае кашалькі, хто што мае, і разам Пётра расплачваецца з бацюшкам.

Людзі адыходзяць, а нам усё ёсць нешта там рабіць. Нарэшце йдзем і мы трое. Сцерва, Пётра пасярэдзіне і я. Ідзем пад руку. Пётра раптам кажа: «Пераходзма на польскую мову». Я аглянулася — за намі паспяшаліся тыя афіцэры, ад якіх я засланіла дзяцей. Божа... Яны падышлі й напалі на яе, пашто яна выйшла з лагеру, і ўсіх нас павялі з сабою ў савецкі перасяленчы лагер. Яна мяне штурхае й кажа, каб я ўцякала. Чаму? Як я пакіну Пётру? Божа мой...

Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я не іх грамадзянка, але без Пётры, думаю, не пайду. Пётра збялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пётры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу без памяці на трамвай.

Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы не любіць, я расплакалася горкімі слязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў смяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць...

Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, змілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.

Знача, поўная найстрашнейшых прадчуванняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы. «Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што праследаваць мяне не перастануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык не так спалохалася б... Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар[152] зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны»,— адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезці. «Дзякуй,— кажу,— а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе»,— кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе,— кажу.— Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе не злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сцерва ўсё звоніць... Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога не ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!

вернуться

152

Кучар Алесь (сапр. Евелевіч Айзік; 1910–1996) — крытык, драматург; у 1930-я гг. ацэньваў беларускую літаратуру з вульгарызатарскіх пазіцыяў.

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 263
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)