Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Ад часу тае няўдачнае кражы я са страхам хадзіла па вуліцах, за мною так і шмыгалі сышчыкі, і я іх ведала ў твар. Я замірала ад кожнага аўто, якое ля мяне спынялася. Нейк зайшоў да нас супрацоўнік чэшскай тайнай паліцыі. Ён нат сказаў, што прэзідэнт Бэнэш «урговал», г.зн. яшчэ раз пытаўся ў іх аб маім лёсе. Лісты ён аддаў у Міністэрства ўнутраных спраў, дзе тады міністрам быў камуніст Носэк. Лісты палажылі пад сукно, а цяпер зноў варушаць справу. Той чэх парадзіў нам узяць чэшскае грамадзянства, якое дадуць нам, а мне асабіста парадзіў запісацца ў Саюз антыфашыстаўскіх жанчын і ў Саюз чэшска-савецкай дружбы, тады ўсё будзе добра.
Уражанні з тае кражы, з тае нагласці й з гора мае сям’і былі такія цяжкія, што я пайшла назаўтра й запісалася ў Саюз чэшска-паўночнаамерыканскай дружбы, прадсядацелем якога быў прафесар Шпачэк. Я пачала хадзіць у саюз на лекцыі ангельскай мовы разам з малым Юркам. Ён цесна пасябраваў з пляменнікамі чэшскага прэм’ер-міністра Здэнэка Фірлінгера[157], якія прыехалі з Амерыкі й па-чэшску амаль не размаўлялі. Іх старшая сястра выкладала ангельскую мову ў саюзе.
Аб Юрку зноў гаварылі анекдоты па Празе. Аднойчы яму сказала настаўніца зрабіць сказ са словам прыгожы (бэатыфол), хлопчык і сказаў: «Мая дзеўчына вельмі прыгожая». Настаўніца яго падняла на смех, малога. Юра абразіўся. Калі дала яна яму зноў слова «немагчымы», дык ён злосна адказаў ёй: «Нашая настаўніца асоба немагчымая». Ад таго часу ён не мог цярпець яе.
Юрку й тут усе любілі, а яго настаўнікі цанілі яго як вучня й як маленькага, самастойна, разумна думаючага, шляхотнага чалавека. Здольнасці ў хлопчыка былі вялікія, і мы хацелі вучыць яго як найвышэй. Вучыўся ўжо ён у чэшскай гімназіі, і іх прафесар-немец хаваў сабе ўсе яго хатнія працы, у якіх бачыў і глыбокія думкі, і здольнасці. Так надзейна зарысоўвалася юнацтва нашага адзінага сына.
Але самым важным пытаннем цяпер было пытанне існавання. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваёй дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафесара Шпачэка, які адразу звярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не збіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыццё, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газетку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. І гэтую газетку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.
Мне прыпомніліся мае смелыя, як на ваенны час, вершы, мой боль над лёсам нашых суродзічаў палонных і вывезеных на работу, і тых, што ў лясох, і тых, што па сёлах. Беларус у маю хату — хлеб на стол, часам апошні яго кусочак роўна раздзелены паміж госцем і сынам. А прыйдзе час, і мільёны маіх землякоў пашкадуюць мне нават скарыначкі хлеба ў няволі, не памогуць малому хлопцу, адзінокаму й разгубленаму, на пасляваенных дарогах чужой зямлі. Яшчэ сеці расставяць і зацягнуць у чорны омут, скуль ратуе адзін толькі міласэрны Бог.
Калі аднойчы нясла я праз лес пад канвоем цяжкое бярвенне й снег быў вышэй пояса, я адчула, што душуся, што сэрца маё ўжо адмаўляецца працаваць, і тады падумала аб тых, якія, хвалячы тое, што чыняць над намі, ездзяць сабе ў галубых экспрэсах ці службовых або ўласных машынах наўпрасткі, праз свежыя магілы майго роду і ўсіх за вайну палеглых дзеля сытасці іх. Маці наша, Беларусь наша, колькі ж яшчэ будуць звінець ланцугамі дзеці твае? Але гэта было шмат пазней, ужо ў Комі АССР.
А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцвелі, няшчасныя, з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагоддзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які паспеў ужо пазабіваць і вынішчыць не толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.
Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы — нашчадкі Міколы Гусоўскага[158], мы — племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Свет перавярнуўся дагары нагамі, усё засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяння ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны не мелі!
157
Фірлінгер Здэнек (1921–1976) — чэхаславацкі дыпламат i палітык, падчас Другой сусветнай вайны памочнiк прэзiдэнта Чэхаславакii Э. Бэнэша. Лiдэр чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыi, далучыў яе да КПЧ, супрацоўнiчаў з саветамi.
158
Гусоўскі Мікола (1470–80-я — пасля 1533) — беларускі паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы.