Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Голас не лавеласа, голас шчыры і добразычлівы, але Зінка не адгукнулася на яго словы, зусім іншае праказала:
– Да сустрэчы! Да пабачэння!
Ён заўсміхаўся, разумеючы яе, прапанаваў:
– Чаму вы адна? Можна я вас да інтэрната правяду?
Зінаіда адмоўна пакруціла галавой.
Дзверы аўтобуса з рыпеннем адчыніліся, і вясёлая кампанія ўскочыла ў заднія дзверы.Леанід стаяў каля задняга акна і, не адрываючы позірк, глядзеў на яе. Памахаў рукой. Яна не адказала, хаця і не адрывала позірк ад яго.
На прыпынку засталося некалькі чалавек – мужчын і жанчын. Нехта сядзеў на лаўцы, схаваўшыся ў прыцемак прыбудоўкі.На зямлю слаліся іскрыстыя, ад святла ліхтара, сняжынкі.
Бралася на марозік, апякала шчокі. Але кажушок грэў, трымаў цяпло.
Бліснуў фарамі ўдалечы аўтобус, і яна абрадвалася, што доўга не прыйшлося чакаць. Але то быў не “яе” аўтобус – ён паварочваў на першай перакрыжоўцы направа, за Сож... Усе, хто быў на прыпынку, рушылі да расчыненых дзвярэй.
Калі ж дзверы зачыніліся, яна азірнулася: нікога не было побач. Ужо і пашкадавала: “Дурная, трэба было ехаць хоць гэтым, а там, на вуліцы, дзе людна, перасесці...” Ёй стала вусцішна, страх апанаваў яе істотай. Падалося, што ў цёмным закутку аўтобуснай паветкі нехта стаіўся, – як усё роўна чакаў некага ці нечага. Не варушыўся.
Успомнілася чамусьці сінічка, яе зазыўны і папераджальны вокліч.
“Божа, уратуй і памілуй, – прашаптала, адыходзячы ад прыпынку, – і навошта я толькі адмовілася ад дапамогі Ігара, а во цяпер і ад Леаніда?..”
Постаць ажыла, заварушылася.
“А, можа, гэта проста п‘яны чалавек, які заснуў ды ачомаўся, праспаўся, – пачала супакойваць сябе дзяўчына, адганяючы страх, – ці мала такіх па горадзе швэндаецца...”
Зінаіда не зводзіла з яго вачэй – напруцілася ўся, здранцвела.
Калі ён выйшаў з цемры на святло, яна ўбачыла, што быў незнаёмы ў вязанай спартыўнай шапачцы, у кароценькай куртачцы... Пакруціў галавой, глянуўшы ўздоўж вуліцы, уперыўся позіркам у яе, Зінаіду. Маўчаў. Кашлянуў толькі, як быццам збіраўся загаварыць да яе.Потым і зусім адвярнуўся ад яе, як быццам яна яго перастала і цікавіць, – зрабіў убок крок-другі. Трымаў рукі ў кішэнях курткі.І ў нейкі момант, калі Зінаіда амаль супакоілася, паверыла ў шчаслівы зыход нечаканай сітуацыі, ён, рэзка павярнуўшыся, пружыністым крокам, як тыгр, наскочыў на яе... З усяго размаху нешта тупое і важкае апусціў на яе галаву...
– Ой, – войкнула ад болю і нечаканасці, падаючы на халодную змерзлую зямлю...
– Цс-ссс... – супакойваў ён пяшчотна яе, падхапіўшы на рукі, – цс-ссс, мая харошая... Не можаш абняць мяне, дык я цябе абдыму...
Яна не чула яго слоў. Як і не чула, што ён, падхапіўшы яе падпашкі, пацягнуў у цемру, у хмызняк – далей ад прыпынку...
Калі ж паклаў на снег, калі пачаў распранаць, разарваўшы кофту, Зінаіда ачнулася, пачала крычаць, вырывацца з яго ўчэпістых рук... Але ён закрыў ёй даланёю рот, прашыпеў:
– Цс-ссс!.. А то...
Прыставіў да горла халоднае і вострае лязо фінкі.
– Цс-ссс...
Разарваў кофту... Яна, амаль голая, ляжала на марозе. Маліла, прасіла Вышняга, каб выбавіў яе з бяды...
Ён расшпільваў папругу і штаны, лёг на яе, прыціснуў да зямлі ўсім сваім цяжарам, доўга валаводзіўся, а потым застагнаў, завыў, як воўк, задраўшы галаву да неба, да маладзіка...
– Ёшкін кот!.. – завыў ён, б‘ючы яе па твары, па грудзях, вымяшчаючы на ёй і сваю злосць, і крыўду, і паразу...
А потым, устаючы, з усяго размаху ўдарыў яе кулаком...
Не чула ўжо і не бачыла, як ён зняў з яе боцікі, выкуліў з кажушка, падабраў з зямлі шапку, якая адляцела некуды ўбок, – і нырнуў у цемру, у адваротны бок ад прыпынку, дзе яго ніхто не мог убачыць пад прыкрыццём шэрай ночы...
Ачнулася тады, як пачаў даймаць холад.
Але яна не разумела, што ляжала на змерзлай і снежнай зямлі... Як і не разумела, што з ёю адбылося, чаму баліць-раскалваецца галава, чаму яна босая, чаму апынулася, голая, сярод снежнай зімы ў цемры ночы...
Але Нехта загадаў ёй падняцца, устаць і ісці туды, дзе святло, дзе людзі... Хістаючыся, пакіравала да прыпынку. Паслізнулася, упала... Зноў паднялася, і з апошніх сіл амаль ужо дапаўзла да асветленага ліхтара... Абхапіла бетонны слуп, хацела ўтрымацца, але рукі саслізнулі ўніз...
Яе нехта падхапіў на рукі, накрыў нечым цёплым.
– Ты, Ігар? – прашаптала нячутна, адчуваючы дужыя рукі, верачы ўжо, што тое страшнае, што выпала на яе долю, скончылася...
– Не, Леанід, – чамусьці плакаў хлопец, трымаючы яе ў сваіх руках. – Што ж з табою адбылося, ты ўся ў крыві?
Яна нічога не чула. Не ўсведамляла, што з ёю і дзе знаходзіцца. Правалілася ў беспамятства, – нічога перад сабою не бачыла, не чула, не адчувала...