Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
5.
Загадчыца аддзялення Зінаіда Паўлаўна зайшла ў свой кабінет, стомлена апусцілася ў крэсла. Поўня ўжо спаўзла з акна, падалася некуды ўправа, у густое голле сасны, схавалася ў воблаках.
“Чаго яна ўцякла? – падумала жанчына. – Ад чаго хацела скончыць жыццё самагубствам? Няўжо не хапіла сіл выстаяць?..”
Успомніла сябе, тую, голую, з марозу, і дрыжыкі пабеглі па целе. Тады ёй таксама не хацелася жыць, думала, што пасля таго, што адбылося, яна не знойдзе сіл выстаяць, перамагчы самую сябе...
Усё тады здавалася вакол шэрым і безаблічным, людзі выглядалі без твараў і без душы, неба без сонца і месяца, дні без гадзінаў і часу, – а яна сама без сэрца і пачуццяў...
– Ты хто? Тваё прозвішча? – схілілася над ёю жанчына, дакраналася да яе цела, рабіла балюча.
Яна маўчала, не ведаючы, хто ў яе пытаецца, хто хоча даведацца яе прозвішча.
– Пташка мая, дзяўчынка, адказвай, не прападай...
Голас ці то бабулі, ці то маці, а то і зусім іх суседкі, цёткі Зосі... Чаму яны прыйшлі да яе, што хочуць?
– Зі... на... іда... – шэпчуць скрывянелыя вусны, стараецца гаварыць, каб пачулі.
– Сцепаніда, так? Адкажы...
– Зі... на...
– Во, пачула, – абрадавана прамовіла жанчына, – малайчына, Зіна! А прозвішча? Прозвішча скажы...
Губы акамянелі, язык прыліп да нёба. Зыркае святло б‘е ў вочы. Як сонца слепіць, не адвярнуцца ад яго, не схавацца ні пад якае дрэва.
Дзе яна? На пляжы? Каля возера, ляжыць разам з сяброўкамі? Лета... Чмялі гудуць, звініць нешта ўдалечы – самалёты?
Нехта злёгку б‘е па шчацэ, зноў пра нешта пытаецца. Як уцячы ад яе, папрасіць, каб пакінула ў спакоі?..
– Зінка, а Зінка, прозвішча назаві, так трэба...
Зноў усё цела кусаюць пчолы. Гэта яна на пасецы ў дзеда Міколіка. Але ж яе ніколі не кусалі пчолы, чаму цяпер неўзлюбілі... І дзед дабіваецца ад яе прозвішча, быццам не ведае, – дзедава ў яе прозвішча, як і ў бацькі – Сілічы яны...
– Сі... і... – шэпча скрозь сілу дзяўчына.
– Ну, во, хай паспіць цяпер, – той жа голас пакінуў у спакоі, і адагнаў ад яе пчол... – Дасталося, беднай... Вялікі стрэс у яе... Хай паспіць, сіл набярэцца...
О, як добра, калі ніхто не турбуе! Хораша!
І ёй удалося, урэшце рэшт, запаўзці пад дрэва і схавацца ад зыркага сонца, прымружыць вочы і адчуваць асалоду адарванасці ад свету, ад навакольнага жыцця...Захацелася спаць. Сонца і цяпло зямлі размарылі яе. І тады ўжо нехта падказваў ёй, раіў, вучыў, прымушаў нават: “Спаць, Зіна, спаць трэба...”
Паслухалася – і правалілася ў сон...
Прачнулася яна днём.
Ёй перад гэтым увялі снатворнае, каб выбіць з таго стану, у якім яна знаходзілася.
Адкрыла вочы, недаўменна паглядзела перад сабою.
– Дзе я? – прамовіла без асаблівай трывогі, вачыма шукаючы апірышча.
– Усё ўжо добра, не хвалюйся.
Яна адразу пазнала голас Ларысы.
І Лёня сядзеў побач з ёю, глядзеў на Зіну, чакаў, калі апрытомнее.
– Ларыска? Ты чаго тут? Чаго Лёня тут?
Агледзелася, з трывогай спытала:
– А дзе я? У бальніцы? Што са мною?
І – заплакала. Галавой пахітала, усведамляючы, успамінаючы, што з ёю здарылася.
– Так. Ты ў бальніцы. У маім аддзяленні. Лёня цябе сюды прывёз.
– Лёня? Адкуль прывёз? Хто такі Лёня?
Вочы шырака раскрыты, не хапае паветра, не хапае сілы, каб усё ўсвядоміць і зразумець. Пах ёду і карболкі, як і ў яе на працы... Што ж такое здарылася з ёю, што яна нічога не памятае?
Ларыса трымала яе за руку, не ведала, што сказаць. Яна адчувала сваю віну, што не правялі з Кацярынай Зіну да прыпынку, паспадзяваліся на ўдачу...
– Даруй, Зінка, даруй... То з-за мяне ўсё.
– Чаму з-за цябе, Ларыса?
– З-за майго дня нараджэння. Што пакінулі цябе адну. Я ж думала, што ты разам з усімі паедзеш дадому...
Зінаіда нахмурылася, зморшчыла лоб, сілячыся нешта ўспомніць...
– Я засталася адна, і на мяне, з цемры, наляцеў нехта, збіў з ног... Здушыў за шыю, і пацягнуў у цемру...
Яна заплюшчыла вочы, сцяла вусны:
– Божа, гэта здарылася са мною! Са мною!..
– Лёня даехаў амаль да свайго прыпынку, а потым вярнуўся, адчуўшы, што няправільна паступілі, пакінуўшы цябе адну.
– То ты мяне падтрымаў, калі я прыйшла на прыпынак?
– Я, Зіна. І прывёз сюды, у абласную бальніцу. Я ўжо заявіў у міліцыю, і ў пракуратуру.
– Навошта?
– Каб злавілі гэтага падонка.
Яна адвярнулася да сцяны.
Сэрца гулка забілася ў грудзях, калі да яе памяці прыйшоў начны эпізод.