Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— Я не магу перамагчы сябе, дзядзька Толя, — падала голас. — Не лічыце, што я толькі захапілася. У мяне сапраўднае пачуццё.
— А што рабіць мне, сямейнаму?
— A якія вашы пачуцці да мяне?
— Я, сівы ўжо чалавек, не маю права гаварыць пра свае пачуцці да дзяўчат.
— Вы вельмі кахаеце жонку i вельмі любіце сына? — пытае засмучана.
Я не мог тады сказаць ёй тое, што скажу зараз. У мяне была свая глыбокая сямейная тайна. У свой час я ўзяў замуж неблагую — сціплую, мяккую i добрую — дзяўчыну, але... Яна не магла нарадзіць, дык наш сямейны карабель на пяты год жаніцьбы пачаў хіліцца набок, зачэрпваць ваду-бяду, станавіцца нямілым, нават малапатрэбным. Калі пазней сам дабіўся паехаць у Мінск на вучобу ў партшколу, то ўжо меў у галаве: ні ў раённы горад, ні да жонкі не вярнуся, знайду сабе іншую, нават, можа, жанчыну з дзіцем, абы стаць бацькам. Прызнаюся, адразу ж сярод аднакурснікаў кінулася ў вочы адна маладзіца — гладкая, высакагрудная i са спакусна ёмкімі i гуллівымі клубамі, з чорным кіпенем у вачах, з густам апранутая і, як хутка ўведаў, разводніца. Неўзабаве яна апынулася ў маёй пасцелі. Што яна, былая камсамольская дзяячка, птушка няпростая, зразумеў яшчэ тады, як толькі падмяў i сціснуў у абдымку: яна бессаромна зашаптала мне на вуха: «А у тебя все крупно и крепко! Еще! Еще! Еще!!!» Хоць не быў прыхільнік «шкурак», але захапіўся, захацеў адчуць сябе сапраўдным мужчынам ды заадно, думаю, дай паспрабую з гэтай падатной i гарачай паразумецца. Яна ж, калі пачула, што прашу нарадзіць мне сына, захіхікала: «Какой ты чудной, Толя! Во-первых, я не деревенская дура, защищена. Во-вторых, это я всегда могла сделать в своем районе. Я сюда ехала не ради новых пеленок, а ради карьеры...»
Я не мог не адцурацца ад яе. Яна нейкі час чаплялася, лезла пішчом, а затым махнула на мяне рукой i знайшла сабе «опекуна» ў гаркоме партыі, куды потым пайшла працаваць інструктарам. З гаркома трапіла ў абком. Калі на добрым харчы не толькі папаўнела, але i расплылася, страціла спакуслівую вабнасць, яе падштурхнулі ў міністэрства культуры. Там яна i цяпер. Жыве з дачкой i зяцем i, кажуць, добра папівае; да мужчын паспакайнела, хоць зусім імпэту не страціла: кінулася аднаўляць з чыкінцамі былую сваю партыю — для яе тая «святая i непагрэшная», а сама яна — «сумленны камуніст».
Карацей, жонку я не пакінуў. Пашкадаваў: а як ёй, беднай, жыць? Мала ёй свайго гора ды маёй здрады, дык яшчэ зусім знявечу ёй жыццё. Мы ўзялі пакінутае незамужняй парадзіхай здаровае дзіця i выехалі з раённага гарадка. Тады, калі я з юнай лэдзі сядзеў у скверыку i мусіў сказаць ёй сваё слова, хлапчук наш хадзіў ужо ў чацвёрты клас, i мы з жонкай любілі яго. Як свайго сына. Праўда, у нас з жонкай так i не было таго, што бывае ў мужчыны i ў жанчыны, у якіх усё добра. Я падоўгу мог быць без яе, а яна — без мяне, мы абое так i не зведалі разам, што гэта такое — страснае каханне...
Дык што я мог сказаць Baлi пра жонку, былую каханку i прыёмнага сына? Урэшце, пра сваё няўдалае сямейнае жыццё?
— Не выпадае, Валя, гаварыць пра тое, ці кахаеш жонку, ці любіш сына... — прамовіў. — Я — галава сям'і. Я павінен клапаціцца пра яе.
— Разумею, — прашаптала яна. — Гадавалася ж без бацькі...
— Ды... Нават не падбяру патрэбных слоў, каб сказаць тое, пра што думаю...
— Гаварыце так, як думаеце.
— Цяпер, Валя, я для цябе добры знаёмы ці нават старэйшы сябра, — прамовіў я з пакутаю, — a кім магу стаць пазней? Я ж даўно ўжо не дзяцюк, сям'і кінуць не магу... Выбачай, не тое i не так гавару, але што ёсць, тое ёсць...
Валя цярпліва ўсё слухала, мяла-ціснула сумачку, кусала вусны, а потым, калі я скончыў сваю няўдалую казань, запытала:
— Дык мы не можам сустракацца?
— Цяпер нам, Валя, нават як сябрам сустракацца нялёгка...
— Па-вашаму, мы не павінны бачыцца ўжо?
— Па-мойму, Валя, трапілі мы з табой у нейкія закалюты, у лабірынт, — уздыхнуў я. — Цяпер мы ўжо сябры i не сябры... Гуляць з табой? Як хлопец з дзяўчынай? Але ж, кажу, я даўно ўжо не халасцяк, я не змагу быць такім, якім быў у маладыя гады. Пазаляцацца мне да цябе? Але які табе толк з гэтага? Спакусіць? Рана-позна ўведаюць пра гэта людзі, твая маці...
— Я, дзядзька Толя, паўналетняя ўжо, — Валя па-ранейшаму гаварыла ціха, ужо наліваючыся чырванню. — Сама ўсё рашаю...
— Ты варта вялікага кахання, добрага мужа, харошай сям'і i шчаслівай долі. Я табе гэтага даць не змагу. Паспрабую даць — адразу ж пакрыўджу іншых...
— A калі я выйду замуж, вы зменіцеся? — нарэшце падняла галаву i зірнула на мяне вачыма, поўнымі любові i кахання. У мяне аж сэрца згарнулася ад гэтага позірку, што, здаецца, ішоў з самых душэўных глыбіняў. — Згодзіцеся бачыцца са мной?