Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
Зайшоў, пастукаў.
— Заходзьце, заходзьце, дзядзька Толя, — у адказ Валін голас.
Бач, прыгледзела-такі, што я тут, на дачы. Заходжу. У залі адразу кінулася ў вочы каляска, дзе спіць падгадованае дзіця, i сама Валя — высакаватая, статная, у караткаватым халаціку, з усмешкай у вачах i на вуснах, з новай, мабыць, памякчэлай жаночай красою.
— Добры вечар.
— Добры вечар.
Каб суцішыць хваляванне, што моцна прылівае, нібы вада ў паводку, спрабую жартаваць:
— Ну, пакажы, якая ўжо твая каралеўна?
Падыходжу да каляскі, азіраю дзіцячы мілы тварык, адчуваючы, што Валя пільна сочыць за мной i цешыцца ад таго, што яе дачка мне падабаецца.
— Ой, — легка сплёўваю, — якая брыдкая!
Падымаю галаву і, сапраўды, сутыкаюся на чэпкі, але цёплы i радасны позірк, што змушае ажно ўздрыгнуць мае сэрца: на мяне пазірае ўжо не сарамлівае дзяўчо-падлетак, а смелая замужняя жанчына.
— I мамуся зусім брыдкая!..
Гавару якраз вось так, але ніякай зніякавеласці альбо крыўды на Валіным натуральна i молада свежым, без ніякай парфумы твары, усё тая ж ласкавая ўсмешка: канечне ж, чуйным жаночым сэрцам адчувае мае захапленне яе жаноцкасцю i маю мужчынскую ўсхваляванасць. Нейкую хвіліну мы пазіраем вочы ў вочы; я не магу не любавацца ёй, лашчыць позіркам i заадно бянтэжыцца. Нечакана перахопліваю яе крыху паімкнёны ўвысь, затуманены позірк, паварочваю туды галаву i амаль натыкаюся вачыма на тое, на што вельмі засяроджана глядзіць Валя, — на выключальнік. Штосьці, сам не ведаю што, проста загадвае мне падняць руку i патушыць святло. Тут жа, у змроку, Валя рашуча ступае, закідвае мне на шыю рукі, быццам жонка, прытульваецца i дае вусны.
Яе мяккія далоні пяшчоцяць мне патыліцу, вусны раскрытыя i слодычна цёплыя, пруткія грудзі i выгнуты стан льнуць усё бліжэй — да мяне імкнецца тая, што жадае быць блізкаю са мной. Гарачыня ўспыхвае ў маіх жылах, сэрца гулка б'ецца, a рукі дробна трымцяць на яе плячах.
— I цяпер адштурхняце? — калі адхіляемся вуснамі, але ўсё яшчэ ў абдымку, па-змоўніцку шэпча яна. — За тое, што кахала, кахаю толькі вас аднаго?
Я ўжо сам не свой, пераможаны, усё менш i менш думаю пра тое, што «трэба» i не «трэба», «можна» альбо «нельга», толькі раптоўна ўспомніў адзін перакладны — ці не з амерыканскай літаратуры — раман, які чытаў даўно, можа, яшчэ ў школе. Там пісалася пра добрую, з мяккай душой i тонкімі пачуццямі прыгожую, але нешчаслівую дзяўчыну. Пра многае ўжо забыў, але вось адна думка, мусіць, назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Пра жанчын-красунь.
Гэты скарб творыцца ўсім, што ёсць на зямлі i ў паветры, — амаль вось так пісалася ў тым рамане. Ад усходу i заходу сонца, што бываюць кожны дзень, кожны год i стагоддзі за стагоддзямі. Ад высокага ці нізкага, блакітнага з белымі кучмамі альбо цяжка захмаранага неба, ад белага снегу, моцных маразоў i віхурыстых мяцеліц, ад першых праталін, вясёлых ручайкоў i першых кветак. Ад высокай духмянай травы, над якой лётаюць пчолы i матылі. Ад яблыневага цвету, ад шматфарбнасці, скажам, руж, што цешаць вока рознымі колерамі i прыносяць лёгкі смутак, калі адцвітаюць i ападаюць пялёсткамі. Ад дажджу, грому, бліскавіц i вясёлкі над зямлёй, ад пладоў, што наліваюцца i цукравеюць, ад першай жаўцізны ў прыродзе. Ад спёкі альбо ценю ў густым сырым лесе, ад холаду ды замірання ўсяго жывога перад зімою, ад ясных альбо, наадварот, цёмных начэй. Ад песень, танцаў, смеху i плачу... Гэтых «і ад...» вельмі i вельмі шмат, яно i паўтараецца з дня ў дзень, з году ў год, i кожны раз усё новае i здзіўляючае, i рана-позна нараджае Яе, у якой усе вышэйзгаданыя тайны i чары стагоддзяў. I калі вы тое-сёе зразумелі, калі ад гэтага не абыякава, а часцей б'ецца ваша сэрца, калі адчулі не толькі вялікую радасць, але i вялікі смутак ад таго, што ўсё гэта часовае, i вось калі Яно даецца вам у рукі, дык перш чым усё гэта знікне, ці адмовіцеся вы ад Яго?..
Я ўжо не здолеў адмовіцца ад любімай жанчыны, ад кахання i не адштурхнуў Валю...
...Вось ужо трэці год мы з ёй жывём не то наяве, не то ў сне. Сустрэнемся, разыдземся, а пасля зноў i зноў нецярпліва чакаем, каб сустрэцца. На дачы, у якой-небудзь раённай гасцініцы, у адпачынку на поўдні, у горадзе — на кватэры майго нежанатага сябра.