Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
Кожны раз, здаецца, бывае адно i тое ж, што можа быць паміж мужчынам i жанчынаю, але кожны раз усё непаўторнае. Скажам, я прыйду раней на «нашу» гарадскую кватэру, усхваляваны, як маладзён, узбуджана хаджу па пакоі, з нецярпеннем чакаю ўзрушлівага гулкага цокання абцасікаў на двары, па лесвіцы, а пасля кароткага змоўніцкага званка ў дзверы, i вось ужо яна тут — у прыгожай прыталенай сукенцы ці ў шыкоўным касцюмчыку, зграбная, пыхкая здароўем i свежасцю, з любоўю i шчаслівым ззяннем у цёмных вачах, — заходзіць у прыхожую i адразу кідаецца мне на шыю: «Любы! Каханы! Адзіны!» Мы моўчкі, але доўга i пажадна целуемся, а затым, калі п'янка пачынае хадзіць у бакі галава, a ў крыві ўскідваецца пякельны агонь, я нясу яе, прыемна важкую, на руках, у залі распранаю i зноў ды зноў задыхаюсь ад таго, што паволі бачу ўсё больш i больш яе красы: вельмі вабныя ад пяшчоты i жаночай нядужасці пакатыя плечы, дзівосную шыю, слабыя, але гожыя рукі з вузкімі запясцямі, па-дзявочаму тугія i стромка настаўленыя, асляпляльна белыя, за апошні час папаўнелыя грудзі з хвалююча-сіняватай жылкаю, што спадае з-пад пахі да буйнаватага смактунка густа-ружаватага колеру, вузкую паясніцу з асабліва моцным загарам i з сяйвом-кружочкам радзімак ды ўжо хораша, па-сталаму акруглелыя клубы ды ад таго, што яна гэтак аддана льне, неспатольна цалуе, а пасля страсна ўскрыквае, а то i плача...
— Я з табой стала жанчынаю, — бывае, стуліўшыся пад маёй пахаю, шэпча пасля шчасліва. — Я ўжо люблю жыццё...
— I я з табой, лэдзі мая, стаў мужчынам.
— Не, любы. Ты — мой муж. А хутка станеш i бацькам нашага дзіцяці...
— Ты — што? — здзівіўся, калі ўпершыню пачуў такую навіну, хоць, як ведаеш, i жадаў гэтага больш за ўсё на свеце. — Ты ж казала, што...
— Казала. Але перадумала. Я цябе кахаю, дык i хачу нарадзіць ад цябе.
— Але ж...
— Для мяне ніякіх тваіх «але ж...» не было i няма. Я даўно ўжо казала: я — паўналетняя, дык сама ўсё рашаю!
— А што скажа маці? Ён?
— Маці мяне зразумее, калі нават не скажу ёй, хто мой па-сапраўднаму любімы i каханы. А з тым жыць не буду. Ён не быў i не будзе толькі маім... Ці ты, можа, не хочаш ашчаслівіць мяне?
— Хачу, мая дарагая лэдзі, мая тайная, але сапраўдная жонка.
I праўда, праз паўгода Валя нарадзіла. Здаровага i харошага хлопчыка. Мне, брат, паджыламу ўжо, i радасць, шчасце вялікае, i трывога ды клопаты ад такой вось жанчыны, што сустрэлася мне ў маім жыцці...
1991 — 1992
— Вось вы, дзядзька Сяргей, мабыць, ніколі нават не зірнулі на іншую жанчыну?
— Чаму ты так думаеш? Што — я такі ўжо непрывабны? Не мог спадабацца жанчынам?
— Не, наадварот, вы цікавы, нават крыху загадкавы як чалавек, вамі не маглі не захапляцца некаторыя жанчыны. Але ж вы, здаецца, зусім абыякавыя да іхніх чараў.
— Памыляешся, дружа. Я не з тых мужчын, каму абыякавыя жаночыя чары. Толькі я... Адным словам, не кідаўся налева i направа, не хацеў абмануць нечыя надзеі, кагосьці пакрыўдзіць, бо каханне i ўсё тое, што вакол яго, рэч тонкая, далікатная. Тут можна ўсцешыць, ашчаслівіць іншага чалавека, а можна засмуціць, параніць яго на ўсё жыццё.
— Значыць, былі заўсёды верныя жонцы?
— Я не любіцель расказваць пра тое, што трэба насіць у сэрцы, трымаць там яго на высокім i чыстым п'едэстале, не дапускаючы сюды іншых, найперш нядобрых людзей. Але табе я веру, дык прызнаюся: у свой час я зведаў, як ты кажаш, жаночыя чары, здрадзіў жонцы i не каюся за гэта, шаную тое, як вялікі дар сэрца i душы. I, канечне ж, зусім здзіўлю цябе: азарэнне тое я зведаў не з нашай жанчынаю, а з чужаземкай.
— Што вы кажаце, дзядзька Сяргей?
— Тое, што ты чуеш, дружа. Я ж не толькі, як вы, маладыя, лічыце, працаўнік, гэткі новы Максім Максімыч, клапатлівы муж i бацька — карацей, цярпліва з году ў год валаку ўвесь сямейны цяжар (да слова, гатую, мыю i сабе, i дзецям), але я i жывы чалавек, у якога ёсць вочы, вушы, сэрца, душа, пачуццё, якое, бывае, вышэй за розум...
...Яны ў той вечар вярталіся з недалёкай ад Прагі вёскі, дзе выступалі ў тамтэйшай школе, паслухалі фальклорны канцэрт, папалуднавалі. Сяргей сядзеў на мяккім крэсле i спрабаваў чытаць часопіс на чэшскай мове, а побач месцілася яго новая знаёмая, немка Эльза. Яна прыхілілася, паклала на яго плячук галаву i смачна, легка ўсміхаючыся, спала.
Сяргей бачыўся-ведаўся са сваёй суседкай апошнія пяць дзён — столькі яны, выдавецкія рэдактары з розных еўрапейскіх краін, знаходзіліся тут на курсах, дзе вывучалі чэшскую мову i літаратуру. Сюды прыехалі пажылыя i маладыя людзі, але здарылася неяк так, што Сяргей i гэтая Эльза сустрэліся яшчэ на вакзале, дзе ix спатыкаў маладзенькі чэх-перакладчык, разам ехалі ў гасцініцу, а пазней, як добрыя знаёмыя, сыходзіліся i былі побач за абедзенным сталом i на курсах, спрабавалі размаўляць — не, яшчэ не па-чэшску, бо гэтую мову абое ведалі яшчэ слаба (што да яго, Сяргея, дык яго паслалі сюды найперш таму, што ў яго была «чыстая» анкета), a перакідваліся мігамі i асобнымі фразамі па-нямецку. Сказаць шчыра, Сяргей не мог пахваліцца, што вялікі знаўца нямецкай мовы, помніў тое-сёе з вайны ды са школы: «гутэн таг», «гут», «аўфвідэрзэен» ды шырока вядомае ўсім беларусам «хальт» i «хэндэ хох». Калі Эльза лапатала хутка i падоўгу, ён, лічы, нічога не разумеў, a калі гаварыла памалу, жэстыкулюючы, дык ён здагадваўся, што яна хоча сказаць. Да слова, разабраўся нават у такім, пра што гаварылі яшчэ ў першы дзень: