Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— Я нават падумаць не магла, што на такое здатная.
— Ты ж — жанчына. Маладая яшчэ.
— Сапраўды, яшчэ жанчына, магу быць маладой. Значыць, i нарадзіць змагу. Ты згодзен, каб я нарадзіла ад цябе?
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Нечакана гэта ўсё...
— Для цябе, мілы i харошы, можа, i нечакана. Але толькі не для мяне. Я марыла, каб вось так сустрэцца з табой...
«А я i не думаў, што Жэня мае на мяне вока!»
— Бывае, ляжыш, ные-баліць душа, не спіш, дык самыя розныя думкі прыходзяць у галаву. Жыццё ідзе абы-як, я гібею, старэю, дык дзеля чаго жыву? Дзеля гэтага п'яніцы? Але ці варты ён таго, каб гэтулькі мне пакутаваць? Урэшце надумалася: знайшоўся б добры чалавек — я нарадзіла б ад яго i паехала б адгэтуль. Дык ты згодзен, Вась, вярнуць мне ахвоту да жыцця'?
— Згодзен.
— Дзякуй, Вась. Я не хітрую, гавару праўду. Дык ты можаш смела даверыцца мне. А заадно ведай: ні на цябе, ні на тваю сям'ю не пасягну. Усё гэта будзе нашай тайнай.
Узяла маю руку i, скажу шчыра, пацалавала яе, уздыхнула:
— Божа мілы, усё ж колькі мала трэба жанчыне: жменьку ласкі i любові! Спакою! Веры i надзеі!
Заціхла: загрукатаў у калідоры, застагнаў-завыў, можа, i ад сардэчнага болю, Сашка. Ды мне не было сорамна за тое, што ён ляжыць не тут, на сямейным ложы, а там, у калідоры: сам сябе асудзіў на такую долю. Хоць, канечне, па-чалавечаму было шкода яго, няшчаснага i непуцёвага.
...Тыя тры тыдні, што быў я там, на цаліне, мы з Жэняй сустракаліся амаль кожную ноч. Забегшы да мяне, яна нібы саромелася: «Я да цябе на хвілінку...», а затым, ужо ў маіх абдымках, не раз радасна стагнала: «Вась, я не ведаю, што са мной... Я ніяк не магу наталіць свой голад на ласку...»
Жэня не толькі разняволілася, але акрыяла: больш раскаванай i лёгкай стала яе хада, заявіліся бляск, усмешка ў яе чорных, як смоль, вачах, пахарашэў яе твар. «Вась, — цешылася, — я зноў жанчына! Я пазнала, што такое гарачае каханне! Я ўжо не магу не нарадзіць ад цябе!»
Калі я прыехаў дадому, у родную вёску, доўга не мог апамятацца ад нашай нядоўгай, але ашаламляльнай любові з Жэняй. Я сумаваў па ёй, яна бачылася мне нават тады, калі меў блізкасць са сваёй жонкаю, хоць, прызнаюся, ува мне абудзіўся мужчына, i я нібы набыў другую маладосць.
Праз год Жэня даслала мне i Ірыне ліст, расказала, што яе Сашка не ацалеў, загібеў пад плотам i што яна пераехала да маці-ўдавы, гадуе з ёю сына. У лісце быў здымак, дзе яна была з дзіцем (пазіраючы на яго, Ірына, між іншым, заўважыла: «Нешта ў ім i казахскае, i наша славянскае»). У самым канцы ліста Жэня тройчы вялікімі літарамі напісала: «СПАСИБО! СПАСИБО! СПАСИБО!»
«Добры яна чалавек», — лічы, пусціла слязу мая Ірына, хоць, бедная, не ведала добра, што гэтая падзяка не столькі ёй, а мне.
Гады са два я ўпотай пасылаў Жэні заробленыя мной не ў рабочы час грошы; яна ix не вяртала, значыць, мела ў ix патрэбу; яшчэ праз год прыслала віншавальную паштоўку, дзе пісала, што выйшла замуж. У канцы кароценькага ліста зноў паўтарыла тыя прыемныя мне тры словы.
1991 — 1992
Раздзел трэці. І З’ЯВІЛАСЯ ТЫ...
Я так шчасця на свеце знаў мала
I прывету не знаў ад людзей, —
Цябе ўбачыў — i весела стала,
I ты стала за ўсё мне мілей.