Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
Бач ты, што надумала! Ці не наракла сябе ў мае каханкі? Калі з той, камсамолкай-партыйкай, я ведаў, як паводзіцца i як ад яе пазбавіцца, дык Валя — гэта зусім іншае, ёй трэба будзе аддаць усю душу, а то кінуцца ў такі вір, што... Калі яна некалі разачаруецца, пакіне, дык можна будзе ад няспраўджаных надзей, болю, пакут i загібець. Колькі пажылых мужчын, што хацелі амаладзіцца з дзяўчатамі, якраз вось так прапала!
— Выходзь замуж, Валя, толькі за каханага, — сказаў.
— Тады я, мабыць, ніколі не буду замужняя... Альбо...
Яна больш нічога не дадала да гэтага «альбо»; калі мы развіталіся i разышліся ў розныя бакі, я потым нямала зведаў бяссонных начэй, думаў i пра тое, i пра іншае, хваліў сябе i дакараў, але паволі, не сустракаючы i не чуючы юную лэдзі, пачаў супакойваць сябе: у яе паволі астудзіцца, а то i знікне першае дзявочае захапленне, з'явіцца сапраўднае i яна пакахае, выйдзе замуж i ашчаслівіць добрага чалавека. Праўда, калі-нікалі трывожыўся, каб цяпер хлопцы-ўрвіцелі, а то i мужчыны-нягоднікі не спакусілі, не пусцілі яе па руках: яна з маладога адчаю можа ўчыніць абы-што. Ды Валя ўстаяла ад спакус, а на апошнім курсе выйшла замуж за крыху старэйшага камерсанта.
— Бачыце, — хітравата ўсміхнулася мне на вяселлі, калі нам выпала патанцаваць разам, — я споўніла ваш наказ: выйшла замуж...
— Бачу, — усміхнуўся я, хоць, скажу шчыра, заныла сэрца, што красуня дастаецца камусьці для цябе чужому, што ён, таўсматы i з рэдзенькімі валасамі на макаўцы, можа, i не варты яе. Праўда, не асмеліўся запытаць: кахае яна яго альбо не?
Недзе праз год мы сустрэліся зноў — на хрэсьбінах Валінай дачкі. I на гэты раз я танцаваў з Валяй, дык яна, пакруглелая i пасталелая пасля родаў, зноў з хітраватаю ўсмешкай успомніла наша былое.
— Бачыце, я яшчэ болей паслухала вас...
Зноўку не знайшоў смеласці папытаць: ці кахае мужа, ці шчаслівая. А то i больш — збаяўся. Taгo, што i як можа яна адказаць: зусім, канечне ж, не выпадкам хітруе, шмат недагаворвае, а то хоча i падкузьміць: дабіліся свайго?! I на вяселлі, i на хрэсьбінах я сядзеў як на іголках — то гаварыў-мянташыў шмат i недарэчы, то замаўкаў i аж гарэў ад чырвані.
Яшчэ праз паўгода я зусім быў выбіты з раўнавагі, калі Клара з плачам i енкам сказала мне, што яе зяця арыштавалі. Канечне, яна гаварыла, што ён не вінаваты, не дачыняўся да розных падманаў i зладзействаў, але тым не менш камерсант сеў на пяць гадоў. Я добра ведаў: трэба пабачыцца з Валяй, суцешыць яе, неяк памагчы, але доўга не меў духу пад'ехаць i пазваніць у дзверы ў той час, калі яе маці на рабоце. Пытаў пра яе настрой, перадаваў свае суцешванні i зычэнні праз Клару, якая цяпер зусім захварэла на нервы.
— Толя, веру табе як нікому, дык скажу сваё горачка, — сказала яна мне аднойчы з плачам. — Прагаварыла я Валіну долю. Думала абы-што, баялася абы-чаго, вось яно i здарылася. Лэдзі мая, як i я, звычайная баба-гаротніца: ён жа, яе муж, i хлус, i латруга, i круцель, i... яшчэ мо сотню ў яго гэтых «і». Божа, як я падманулася! Я вінаватая, што параіла Валі выходзіць якраз за яго! Ёй жа патрэбен не шалапут, a такі паважны, як ты!..
— Каму падабаюцца спакойныя, а каму — дзёрзкія, — пачаў на іншае зводзіць гамонку я.
— Пажыла ўжо, ведаю: бывае, той, хто нібы спакойны, на самай справе натурысты, упарты i нудотны. Але ты, Толя, па-добраму паважны. За табой жонка, мабыць, як за сцяной. Калі разумная, дык павінна любіць i берагчы, як скарб.
— Ты, Клара, так ужо хваліш мяне, што я нібы нейкі ўзорны.
— Я, Толя, нутром адчуваю мужчын. Мела мужа, а потым, як ведаеш, аднаго бадзягу-начніка, дык нагледзелася. Добрыя мужчыны бываюць рэдка i трапляюць часамі не самым лепшым жанчынам, бываюць не зусім шчаслівыя. А што да дзёрзкіх, дык яна, гэтая бойкасць, розная бывае. У майго зяцька ягоная рызыка — дурната... Збэрсаў толькі маёй дзеўчыне жыццё...
— Пасядзіць, хлебане ліха — можа, адумаецца, ачалавечыцца.
— Толькі не ён, Толя. Там ён яшчэ абы-якіх звычак набярэцца, болей на горшае перакруціцца... Ён у душы нягоднік, вырадак нейкі, хоць умее таіцца i прыкідвацца анёлам... Кажу ж, нават я, ведаючы мужчын, падманулася, не ўгледзела, што ён толькі на Валіну красу пакваніўся...
Пачуўшы гэта, пра што не ведаў, але здагадваўся, я ўжо зусім перастаў штосьці разумець пра сябе i Валю: нібы вінаваты перад ёю за яе няўдалае замужняе жыццё, але i ў той жа час, дзе, у чым i за што мая віна?
I вось яшчэ праз некалькі месяцаў планіда зводзіць нас зноў. У летку, цёплай парою. За горадам, на дачы. Туды сярод тыдня я прыйшоў пазнавата i адразу ўбачыў: у недалёкім Кларынык доміку за зацягнутымі шторамі святло. Значыць, тут Валя з дзіцем, бо яе маці які ўжо час на дачу не ездзіць. Маючы хворае сэрца, тая баіцца адлучацца з горада. Ведаючы, што з маладой дачнай суседкаю ў мяне адны клопаты, я спачатку намерваўся не паказвацца ёй на вочы, тым больш у позні час, але пасля перадумаў: назаўтра будзе няёмка, што надоечы не пераведаў.