Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Нейкая сіла пацягнула да гэтага чалавека, і, выклікаючы незадаволеныя погляды слухачоў, яна ціха, але ўпарта рухалася да гэтага двайніка яе абранніка. А ён слухаў з нерухомым тварам, на якім толькі іранічна крывіліся вусны — танчэйшыя, як у Відэвута, які ўсміхаўся шырокай дабрадушнай усмешкай амаль заўсёды, калі не служыў у храме.
Пры апошніх словах брата Бяртольда Жывена, стоячы ля каня Брутэна, ціха прашаптала словы, якія калісьці гаварыла ў Новагародку, калі побач стаялі крыжакі:
— Ты ўмееш ляцець, а я ведаю, куды. Ты — ад ветру, а я ад зямлі, і мы можам зразумець адно аднаго…
Конь, які спачатку злосна касавурыўся на юнака, што прабраўся амаль пад ягоную пысу, раптам пацягнуўся да яго і, прыхіліўшы голаў, пацёрся аб плячо. Уражаны Брутэн утаропіўся ў незнаёмца; калі ж Бяртольд скончыў сваю казань, нахіліўся да Жывены і прагаварыў:
— Ты не надта ўважліва слухаў манаха, незнаёмец. А між тым гэта, відаць, ты хацеў заказаць мне ягоны партрэт?
Ён яўна браў пяршынства ў размове; Жывене даводзілася адказваць. Яна кіўнула галавой, згаджаючыся.
— Адкуль ты пачуў пра мяне і хто ты такі?
Дзяўчына памарудзіла з адказам. Трэба было альбо сплятаць праўдападобны аповед альбо, спадзеючыся на бостваў, якія прывялі сюды, казаць праўду. І яна, гледзячы проста ў вочы хлопцу, вымавіла выразна:
— Я пачула пра цябе далёка-далёка адсюль, у славянскай зямлі.
— Пачула? Дык ты — дзяўчына? Скажы…
Але Жывена працягвала:
— Твая маці пыталася ў багоў, ці ты жывы, Брутэн, і яны адказалі ёй, што цябе не спалілі тэўтоны, як яна думала раней.
Твар чалавека, што сядзеў на кані, імгненна змяніўся — кроў адхлынула ад твару, як запалі вачніцы, а ў голасе пачулася скрыгатанне каменных жорнаў:
— Маё імя — Сігурд фон Бамберг.
— Але раней, калі ты нарадзіўся, маці назвала цябе Брутэнам.
- І дзе я нарадзіўся?
— У зямлі прусаў, пад Ромавам.
— Але ты кажаш, што мая маці на славянскай зямлі?
- І твой брат Відэвут. Яны беглі да нас, славян, каб застацца жывымі, і мы прытулілі іх, таму што няшчасце можа чакаць любога.
— Але чаму прыехала ты, жанчына? Хто ты?
— Багі вучаць нас — калі патрэбна падаць вестку, то з ёю прыпаўзе і мураш. Захочаш выслухаць мяне, я раскажу ўсё, што магу.
— А калі не захачу?
— Што ж… Мураш, падаўшы вестку, пойдзе сваім шляхам.
— Я — Сігурд фон Бамберг! — сказаў юнак з выклікам. — Мая сям'я можа навекі схаваць цябе ў цямніцы горада за вар'яцкія чуткі, якія ты распускаеш пра нас.
— Тады ўсе даведаюцца пра гэтыя чуткі. А ты… ты ніколі не дазнаешся пра тую незвычайную казку, якую спляло для цябе жыццё.
Жывена павярнулася і пайшла, не прыспешваючы свой пругкі крок. І сапраўды — ён дагнаў дзяўчыну.
— Дзе ты спынілася?
Яна паказала на гасцініцу.
— Ты прыехала адна?
— Калі ты хочаш паслухаць тое, з чым я прыехала, прыходзь. Астатняе цябе не тычыць.
— Значыць, адна… Ну што ж, я буду тут заўтра.
Яны развіталіся. Але, калі Жывена падыходзіла да гасцініцы, Сігурд-Брутэн зноў дагнаў яе.
— Я хацеў спачатку дапытацца ў маці, ці праўда, што я няродны ёй… Але нешта гаворыць мне, што ты не лжэш. Тады раскажы ўсё зараз. Тут.
Выслухаўшы аповед Жывены, ён доўга маўчаў, абшчаперыўшы галаву рукамі, і праз попельныя кудзеры яна ўбачыла светлыя слязіны, што павольна пакаціліся па твары.
— Мне трэба ненавідзець усё, што люблю, — вымавіў хлопец з горыччу, ад якой у яго зводзіла рот.
— Вораг хацеў зрабіць цябе свінапасам, але тыя, хто ўзяў цябе, назвалі сваім сынам. За што ж іх ненавідзець?
— Лепей бы я нічога не ведаў. Ты не павінна была прыязджаць! — Сігурд-Брутэн усё каўтаў сліну, нібы і сапраўды яго апаілі палыннай вадой.
Гнеў успыхнуў у ёй зноў, і яна не змагла авалодаць ім:
— Ты адракаешся ад маці, што і праз гады не хоча забыцца на сваё дзіця? Ад брата, да якога падобны, як падобнае на нас адлюстраванне ў вадзе! А што ты скажаш свайму сумленню, калі яно пераверне тваю душу? Сваім дзецям, якія, магчыма, пойдуць на зямлю прусаў, каб заваяваць яе і дашчэнту знішчыць магілы ўласных прашчураў?!
— Мне трэба падумаць… — прамармытаў ён, паднімаючыся, выходзячы з яе пакоя, як ахмелены.
Уначы яна зноў стаяла на каленях тварам да ўсходу, узіраючыся ў тонкі сярпок маладзіка і пытаючыся ў Ашвінаў знаку. Прыхаматлівыя абрысы ратушы, храмаў Пятра і Блазіуса праглядваліся з акна ейнага пакоя як выразаныя на жаўтавата-цёмным агаце неба з падсветленымі срэбрам аблокамі, і яна чакала часу, калі над зямлёю ўстаюць багі-блізняты ў гронцы свайго цёплага сузор'я. Яны павінны былі прыйсці там, дзе стромкаю ялінай уздымалася ўвысь хрысціянская храміна прарока Пятра, і таму Жывена баялася, што не ўбачыць зоркі. Але ў той час, калі цемра згушчаецца да такой асязальнасці, што яе, здаецца, можна праткнуць пальцам, аблокі, нібы іх рассунулі магутнай рукою, разышліся, і пераможна заззялі над сонным горадам дзве яркія калмата-рудыя, амаль чырвоныя вястункі хуткага рання. Яна зашаптала словы доўгага радаснага гімна, і адразу ўсплылі ў памяці затканыя павуціннем ялінкі, на якіх пераліваюцца кроплі расы, свежы холад каменных прыступак храма, чабаровы пах курыльніцы ля драўлянай постаці Перуна. О любая, родная зямля Новагародчыны, зялёна-сіняя смуга над узгоркамі, што пераклікаюцца галасамі маладых русалак! А ў позняй восені раптам мільгане між ссірацелых галін белая барада Белбога, як напамінак пра Зюзю, што спяшаецца паваладарыць напоўніцу над самотнымі прасторамі! Добра ляцець у такі час па лесе, спяшаючыся ў далёкае селішча, бо ніхто не перастрэне і не забароніць, галёкаючы, клікаць душы пракаветных дубоў абараніць цябе ад цёмных сілаў зла! Тады кіпіць кроў, і адчуванне маладосці, радасці жыцця кружыць галаву надзеяй, што так будзе заўсёды… Стары Святазар, хаця і сварыўся на яе, усё ж не забараняў ездзіць адной — мабыць, адчуваў, што маладая сіла павінна час ад часу выплеснуцца, як буйная забрадзелая сома, што пеніцца ў свяшчэнных кубках падчас абрадаў.