Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 174
Перейти на страницу:

Загулі горны. Коні заўскідваліся, заржалі. Дзіды бразгалі аб тарчы. Тады кароль узьняў руку, і з гудам, рыхтык раптоўная навала ўрагану, грукочучы шматкапытовым тупатам, апошняе войска Рохану пайшло на захад.

Эявін доўга сачыла праз роўнядзь за водбліскамі сонца на канчарах дзідаў і нерухома, самотная, стаяла перад дзьвярыма сьцішэлага палацу.

7. Хельмаў Яр

Сонца ўжо хілілася на захад, калі выехалі з Эдорасу, і сьвятло яго лілося ў вочы вершнікам, ператвараючы роханскі стэп у хвалістую залатую смугу. На паўночны захад, уздоўж узножжаў Белых гор, уверх і ўніз па зялёных пагорках віўся набіты шлях, перасякаючы бродамі мноства маленькіх рачулак. Далёка наперадзе, праваруч, высіліся Туманныя горы, з кожнаю вярстою рабіліся яны ўсё больш пагрозьлівымі. Перад войскам павольна садзілася сонца. Вечарэла.

Войска рушыла, бо змрочная патрэба гнала яго. Баяліся спазьніцца, таму гналі й амаль не спыняліся. Спрытнымі й цягавітымі былі роханскія коні, але ж мноства міляў ляжала перад імі. Болей за дваццаць пяць, калі птушыным лётам, ад Эдорасу да бродаў Ізену, дзе спадзяваліся знайсьці каралеўскае войска, якое стрымлівала Саруманаву навалу.

Ноч агарнула вершнікаў. Нарэшце спыніліся на начлег. Ехалі ўжо пяць гадзінаў, далёка прасунуліся па заходняй роўнядзі, а наперадзе было яшчэ болей. Пад зорнымі нябёсамі й маладзіком шырокім колам раскінулі лягер. Вогнішчаў не распальвалі, бо ня ведалі, дзе вораг, шчыльным колам выставілі вартавых вершнікаў, а далёка па навакольлі разаслалі выведнікаў – хуткія цені ў долах. Ноч мінула павольна, без навінаў і трывог. На сьвітанку запелі рогі, і праз гадзіну войска рушыла зноў.

Не было хмараў над галавою, але цяжар адчуваўся ў паветры. Надта сьпякотна для раньняй вясны. Маладое сонца засмужылася, і за ім павольна паўзла ўвасьлед, уздымалася цемра – нібы вялікая навальніца набліжалася з усходу. А далёка на паўночным усходзе зьбіралася іншая хмара, чарнела ля падэшваў Туманных гор – цень поўз ад Чараўніковай даліны.

Гэндальф прытрымаў каня й зраўнаўся зь Ляголасам, які ехаў побач з Эямэрам.

– Скажы, Ляголас, што твае вострыя эльфавы вочы, якія здольныя адрозьніць вераб'я ад берасьцянкі за вярсту, бачаць у напрамку Ізенградку?

– Шмат міляў датуль, – эльф засланіў вочы ад сонца доўгаю даланёю. – Бачу цемру. Вялікія постаці рухаюцца ў ёй, далёка, на беразе ракі, але што яны такое – сказаць не магу. Не туман і ня воблака забараняе майму позірку – быццам нейкая моц завалакла смугою зямлю, і смуга тая паўзе ўніз па рацэ. Гэта рыхтык паўзмрок пад бясконцым шэрагам дрэваў павольна цячэ ўніз з гор.

– А за намі лютая мордарская навальніца, – заўважыў Гэндальф. – Чорная ж будзе ноч.

Другім днём паветра ўсё цяжэла. Яшчэ да вечаровага сутоньня прыплылі цёмныя аблокі, быццам накрылі вершнікаў гіганцкім змрочным капелюшом зь велізарным клубістым крысом, сьпярэшчаным пробліскамі асьляпляльнага сьвятла. Скацілася долу сонца – крывава-пунсовае ў шчыльнай смузе. На канчарах дзідаў гарэлі водбліскі полымя, калі апошнія сонечныя промні залілі барваю адхоны пікаў Трайгірну. Цяпер падабраліся надта блізка да паўночнага хрыбта Белых гор, і заходнія нябёсы закрываліся трыма вызубранымі вяршынямі. У апошнім барвовым сьвятле коньнікі перадавой харугвы заўважылі чорную плямку – вершнік сьпяшаўся да іх. Спыніліся, чакаючы яго.

Вось і наблізіўся ён, стомлены чалавек з пакамечаным шаломам і пасечанай тарчай. Павольна ён зьлез з каня й пэўны час так і стаяў, хапаючы ротам паветра. Нарэшце загаварыў.

– Ці з вамі Эямэр? – спытаў ён. – Нарэшце зьявіліся вы, але ж вас надта мала, і ўжо запозна. Блага пайшлі нашыя справы пасьля гібелі Тэядрэда. Учора нас пагналі за Ізен, і шмат каго страцілі мы на пераправе. А ўначы сьвежыя варожыя сілы перайшлі раку й напалі на лягер. Напэўна, увесь Ізенградак спусьцеў. Саруман узброіў і дзікіх горцаў, і пастухоў Дунлянду за ракою й таксама нацкаваў на нас. Нас перамаглі. Праламіліся праз шыхт. Эркенбранд з Заходняй Украйны выводзіць усіх, каго здолеў сабраць, да сваёй цьвярдыні, Хельмавага Яру. Астатнія папаразьбегліся. Дзе Эямэр? Скажы яму: надзеі не засталося. Няхай вяртаецца ў Эдорас, пакуль туды не зьявіліся ваўкі Ізенградку.

Тэядэн сядзеў моўчкі, нябачны за ахоўнікамі, але ж цяпер выехаў на кані наперад.

– Падыдзі да мяне, Кеярл! – загадаў кароль. – Я тут. Апошняе войска эёрлінгаў выехала на бой. I бяз бою ня вернецца.

Твар чалавека зазьзяў радасьцю й зьдзіўленьнем. Вой выпрастаўся. А тады стаў на калена, працягваючы свой вызубраны меч каралю.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)