Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Я зьлітуюся зь цябе, – пагадзіўся Тэядэн. – Ад сябе не праганю. Бо выпраўляюся на вайну разам з маім войскам. Едзь поруч з мною й справаю дакажы вернасьць!
Зьмеяроты азірнуўся на ўсіх навакольных – нібы абкружаны паляўнічымі зьвер шукаў прарэху ў коле ворагаў. Тады аблізнуў вусны доўгім блядным языком і вымавіў лісьліва:
– Гэткай мужнасьці толькі й чакаць ад уладара з роду Эёрла. Але ж тыя, што сапраўды любяць яго, пазбавілі б яго ад гэткага цяжару ў старасьці. Бачу, я спазьніўся. Тыя, што шануюць жыцьцё майго гаспадара меней за мяне, пераканалі яго. Калі ўжо я ня здольны выправіць іх ліха, дык, мажліва, вы прыслухаецеся да іншых маіх прапановаў. Той, хто ведае вашыя думкі, хто шануе вашую волю, мусіць застацца ў Эдорасе. Прызначце вернага намесьніка. Дазвольце дарадцу Грыму захоўваць Эдорас да вашага вяртаньня – і спадзявацца на яго супраць усялякай надзеі.
– А калі й гэта не ўратуе цябе ад вайны, о найвысакароднейшы й найадважнейшы Грыма, якую яшчэ пасаду ты пагодзісься прыняць? – засьмяяўся Эямэр. – Мо цягнуць куль з мукою ў горы – калі хто табе яго даверыць?
– Не, Эямэр, ты не разумееш цалкам розуму спадара Зьмеяротага, – Гэндальф працяў слугу запытальным позіркам. – Бо ён і мужны, і майстра ў злаўмыснасьці. Нават зараз у ліхой гульні ён на ход наперадзе нас. Ужо адабраў ён у мяне хвіліны найкаштоўнейшага часу. Долу, гадзіна! – жудасна гыркнуў раптам Гэндальф. – На белае пуза! Ці даўно ты прадаўся Саруману? За што? Што паабяцаў ён табе? Калі ваяры загінуць, табе дадуць тваю частку скарбаў – ды жанчыну, якую ты даўна прагнеш? Надта доўга сачыў ты за ёю з-пад цяжкіх павекаў, не даваў і кроку зрабіць у спакоі...
– Гэта я ўжо ведаю, – прамармытаў Эямэр, схапіўшыся за меч. – За тое я й жадаў забіць яго, забыўшыся пра закон каралеўскай залі. Але ж ёсьць і іншыя нагоды.
Ён крочыў наперад, але Гэндальф затрымаў яго, узьняўшы руку.
– Эявін цяпер у бясьпецы, – вымавіў ён. – Ты, Зьмеяроты, зрабіў, што змог, для свайго сапраўднага гаспадара. Пэўную ўзнагароду ты, вядома, заслужыў. Але ж Саруман хутка забываецца на паслугі й дамовы. Я параіў бы табе ехаць да яго як хутчэй ды нагадаць яму, пакуль ён яшчэ не забыўся пра тваю вернасьць.
– Ты маніш! – прашыпеў Зьмеяроты.
– Надта лёгка й часта зьлятае гэтае слова з тваіх вуснаў, – сказаў Гэндальф. – Не, я не маню цябе. Зірні, Тэядэн, – якая зьмяя перад табою. I з сабою ўзяць небясьпечна, і пакінуць яшчэ небясьпечней. Справядлівей было б забіць яго. Аднак не заўжды ён быў такі. Калісьці быў ён чалавек, а не атрутлівы гад і служыў табе як мог. Дай яму каня й дазволь ехаць, куды пажадае. Няхай ягоны выбар стане яму прысудам.
– Ты чуў, Зьмеяроты? – абвесьціў Тэядэн. – Вось твой выбар: ці ехаць з мною на вайну й даказаць вернасьць у сечы, ці выпраўляцца зараз жа куды пажадаеш. Але ж у такім выпадку калі сустрэнемся зноў, суд мой ня будзе мілажальны.
Павольна ўзьняўся Зьмеяроты. Зірнуў з-пад павекаў на ўсіх па чарзе. Апошнім – на Тэядэна. I разявіў быў рот, нібы жадаючы сказаць. І зьнянацку выпрастаўся. Рукі ягоныя дрыжэлі. Вочы блішчэлі. Гэткая злосьць палала ў іх, што людзі адсунуліся на крок ад яго з вусьцішы. Ён вышчарыў зубы й тады з шыпеньнем харкнуў пад ногі каралю ды, кінуўшыся ўбок, памчаў уніз па сходах
– За ім! – загадаў Тэядэн. – Прасачыце, каб ён не нарабіў анікому шкоды й каб яму аніхто не перашкаджаў і ня шкодзіў. Дайце яму каня, калі ён пажадае.
– Калі нейкі конь пагодзіцца несьці яго, – дадаў Эямэр.
Адзін з ахоўнікаў пабег уніз па лесьвіцы. Другі – да крыніцы ля ўзножжа тэрасы, дзе набраў у шалом вады. Ёю абмыў камяні, якія спаганіў Зьмеяроты.
– Зараз хадзем, госьці мае, – прапанаваў Тэядэн, – падсілкуймася тым, што дазваляе нам час.
Яны вярнуліся ў вялікую залю. Ужо даносіліся да яе з гораду ўнізе погукі вестуноў і выцьцё ваярскіх рагоў. Бо кароль меркаваў ехаць, як толькі зьбяруцца й узброяцца ваяры гораду й блізкіх аколіцаў.
За каралеўскім сталом усадзілі Эямэра й чатырох гасьцей. Каралю падносіла ежу й пітво панна Эявін. Пілі й елі хутка. I моўчкі, пакуль Тэядэн распытваў Гэндальфа пра Сарумана.
– Як даўно стаўся ён здрайцам, сказаць цяжка, – разважаў Гэндальф. – Не заўсёды ён быў зласьліўцам. Не сумняюся: калісьці ён шчыра сябраваў з Роханам, і нават калі сэрца ягонае высьцюдзілася, вы пэўны час былі карысныя яму. Але ўжо доўгія гады пад маскаю сяброўства плянаваў ён вашую гібель і рыхтаваў яе. У тыя гады праца Зьмеяротага была лёгкая. Усё, што ты рабіў, адразу вызнавалі ў Ізенградку. Бо вашая зямля адкрытая, і вандроўнікі вольна езьдзілі па ёй. I заўжды Зьмеяроты нашэптваў табе, атручваючы думкі, выстуджваючы сэрца, цягнучы сілы, а тыя, што любяць цябе, анічога не маглі зрабіць, бо твая воля была ў ягоным валоданьні. Аднак калі я ўцёк зь