Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Ізенградку й папярэдзіў цябе, маска зьляцела – для тых, хто здольны бачыць. I тады Грыма пачаў гуляць рызыкова, затрымліваючы цябе, не даючы сабраць усе сілы гуртом. Майстравіта дзейнічаў: ці супакойваў трывогу, ці, наадварот, распальваў страхі, як патрабавала сытуацыя. Ці ня памятаеш, як ён настойваў, каб усе да аднаго ваяры кінуліся ў марную й бессэнсоўную пагоню на поўнач, калі відавочная небясьпека насоўвалася з захаду? Ён пераканаў – і ты забараніў Эямэру перасьлед оркаў. Калі б Эямэр не паўстаў супраць волі Зьмеяротага, якая кіравала тваімі вуснамі, тыя оркі ўжо сягнулі б Ізенградку зь вялікай здабычай. Ня той, якой Саруман жадаў болей за ўсё, але ж з двума сябрамі майго Зьвязу, сьведкамі вялікай надзеі, пра якую нават табе, уладар, я яшчэ не магу распавесьці адкрыта. Ці ўяўляеш, як пакутвалі б яны ў Саруманавых руках і што нам на пагубу мог ён вызнаць?
– Шмат чым я абавязаны Эямэру, – пагадзіўся Тэядэн. – У вернага сэрцам гаворка бывае дзёрзкая.
– Скажы таксама, – дадаў Гэндальф, – што атручаны хлусьнёю паўсюль бачыць ману.
– Насамрэч, я амаль асьлеп, – зноў пагадзіўся Тэядэн. – Больш за ўсё абавязаны я табе, мой госьць. Зноў своечасова зьявіўся ты. Таму да нашага ад'езду я хачу падараваць табе, што ты сам пажадаеш. Выбірай што заўгодна – пакінь мне толькі мой меч!
– Своечасова я зьявіўся ці не – гэта мы неўзабаве пабачым. А што ж тычыцца падарунка, уладар, я абяру той, што найболей патрэбны мне, – спрыт і моц. Аддай мне Ценяра! Раней мне далі яго толькі ў пазыку. А цяпер верхам на ім я рушу ў вялікую небясьпеку, у чорную ноч, – і не хачу рызыкаваць нічым, што не маё ўласнае. Да таго ж мы зь ім ужо сьсябраваліся.
– Ты добра абраў, – ухваліў Тэядэн. – I цяпер я з радасьцю аддаю яго табе. Аднак тое немалы падарунак. Бо няма падобных да Ценяра. У ім аднавілася парода магутных коней даўніны. Падобнага да яго ўжо ня будзе. Усе ж астатнія госьці вольныя абраць, што знойдуць у збраярні. Мечы вам не патрэбныя, але там ёсьць шаломы й файныя броні, падарункі Гондару маім бацькам. Абярыце й узбройцеся, і няхай яны добра паслужаць вам!
Зьявіліся слугі з ваярскімі строямі з каралеўскай скарбніцы й дапамаглі Арагорну й Ляголасу апрануцца ў зіхоткія латы. Сябры абралі й шаломы, і круглыя тарчы, усярэдзіне абабітыя золатам і аздобленыя камянямі, чырвонымі, белымі й зялёнымі. Гэндальфу латы былі непатрэбныя, і Гімлі ня ўзяў кальчугі, нават калі якая й знайшлася б на ягоны рост і шырыню, бо наўрад якая кальчуга з скарбніцы Эдорасу параўналася б з гномскаю, скаванаю пад Самотнай гарой Поўначы. Гном выбраў сабе шалом з жалеза й скуры, які прыйшоўся якраз да ягонай круглай галавы, ды невялікую тарчу з выявай каня на зялёным полі – гербам роду Эёрла.
– Няхай ён абароніць цябе! – пажадаў Тэядэн. – Яго зрабілі для мяне ў Тэнгелавы дні, калі я быў яшчэ хлапчуком.
– Вялікі гонар, о гаспадар Украйны, несьці тарчу з вашым гербам, – падзякаваў Гімлі, пакланіўшыся. – Бо я хутчэй панясу каня на сабе, чым панясуся на ім. Мне лепей за ўсё – свае ногі. Аднак, можа, конь данясе мяне туды, дзе я здолею стаяць і біцца.
– Можа й так, – пагадзіўся кароль.
А тады падняўся – і адразу да яго крочыла Эявін зь віном.
– Фэрту Тэядэн хал! – абвесьціла яна. – Прымі ж гэтую чару й пі зь яе ў шчасьлівы час! Будзь здаровы ў дзеях тваіх і намерах, сыходах і вяртаньнях!
Тэядэн выпіў, і панна паднесла келіх гасьцям. А калі стала перад Арагорнам, то раптам затрымалася, узіраючыся ў яго, і яе вочы зазьзялі. I ён з добрай усьмешкаю зірнуў на яе твар. А ўзяўшы чару, дакрануўся да яе рукі й адчуў, што яна ўздрыгнула ад дотыку.
– Вітаю Арагорна, сына Араторна! – вымавіла яна.
– Вітаю панну Рохану! – адказаў ён, але твар ягоны азмрочыўся, і ён не ўсьміхнуўся болей.
Калі ўсе выпілі, кароль рушыў да дзьвярэй. Там ужо чакалі ахоўнікі, і вестуны, і шляхта, і ўсе правадыры, якія знайшліся ў Эдорасе ці побач.
– Слухайце ж мяне! – абвесьціў Тэядэн. – Я еду на вайну. Падаецца, на маю апошнюю вайну. У мяне няма болей сына. Тэядрэд, сын мой, забіты. Таму я прызначаю Эямэра, сына маёй сястры, спадчыньнікам! Калі ж і ён ня вернецца, абірайце новага гаспадара на сваё жаданьне. Але ж я мушу пакінуць каго на чале людзей, што застаюцца тут. Хто з вас застанецца?
Аніхто не падаў голасу.