Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 174
Перейти на страницу:

– Вы анікога ня здольныя назваць? Каму давяраюць мае людзі?

– Роду Эёрла, мой уладар, – адказаў Хама.

– Але ж Эямэра я пакінуць не магу, дый ён не захоча застацца. А ён – апошні ў гэтым родзе.

– Я не называў Эямэра, – патлумачыў Хама. – І ён не апошні. Яшчэ ёсьць Эявін, дачка Эямунда, ягоная сястра. Яна моцная духам і ня ведае страху. Усе любяць яе. Вашамосьць, пакіньце яе гаспадарыць над эёрлінгамі ў вашую адсутнасьць.

– Так і будзе, – згадзіўся Тэядэн. – Няхай вестуны давядуць народу: панна Эявін будзе правадыром!

Тады кароль сеў на лаву перад дзьвярыма залі, а Эявін стала перад ім на калені й атрымала зь ягоных рук меч і зыркую кальчугу.

– Бывай, дачка сястры! – вымавіў кароль. – Змрочны наш час – але ж, мажліва, мы вернемся да Залатой залі. А ў Дунхэрэ людзі доўга здолеюць бараніць сябе, і калі бітва абернецца ліхам для нас, туды дабяруцца ацалелыя.

– Не кажыце так, мой уладар, – папрасіла яна. – Годам стане кожны мой дзень да вашага вяртаньня.

I калі прамаўляла, глянула на Арагорна, які стаяў побач.

– Кароль вернецца, – паабяцаў ён. – Ня бойся! Не на захадзе – на ўсходзе наш кон чакае нас.

Кароль спусьціўся па сходах, Гэндальф – зь ім поплеч. Астатнія рушылі ззаду. Ля брамы Арагорн азірнуўся: Эявін адна стаяла ля дзьвярэй палацу, на верхняй прыступцы, лязом меча абаперлася ў падлогу, абедзьве рукі дзяўчыны ляжалі на цаўі. Кальчуга на яе плячох срэбна зьзяла на сонцы.

Гімлі крочыў побач зь Ляголасам, зь сякераю на плячы.

– Ну, нарэшце крануліся зь месца, – зазначыў ён. – Людзям патрэбна зашмат словаў каб пачаць справу. Мая сякера ажно падскоквае ў руках ад нецярплівасьці. Хоць няма сумневу – гэныя рахірімы ліхія хлопцы, калі ўжо пойдзе сеча. Аднак клапоціць мяне ня самая бойка, а тое, як я да яе дабяруся. Хацеў бы я рушыць на сваіх нагах, а не матляцца кулём на Гэндальфавым сядле.

– Ня самае небясьпечнае месца, сказаў бы я, – заўважыў Ляголас. – Хоць не сумняюся – Гэндальф, ці сам Цяняр, з задавальненьнем спусьцяць цябе долу, калі пачнецца сеча. Твая сякера – ня зброя для вершніка.

– I гном – ня вершнік. Мне – секчы оркавы шыі, а не галіць людзям галовы, – адказаў Гімлі, паляпваючы трымальна сякеры.

Ля брамы напаткалі вялікае рушэньне – старыя й маладыя, гуртом, усе ў сёдлах. Сабралася болей за тысячу. Дзіды калыхаліся, бы малады лес. Голасна, радасна загукалі воі, пабачыўшы Тэядэна. Побач трымалі напагатове каралеўскага каня, Сьнежнагрыва, і коней Арагорна й Ляголаса. Гімлі стаяў, пачуваючыся вельмі няёмка, хмурыўся, аднак да яго падышоў Эямэр з канём пад аброць.

– Вітаю Гімлі, Глойнава сына! – гукнуў ён. – На жаль, часу бракавала навучыцца ветлівасьці ў тваёй сякеры, як ты паабяцаў мне. Але ж ці не адкласьці спрэчку? А пакуль я абяцаю не казаць благога пра панну Залатога лесу.

– I я забудуся да часу на крыўды, Эямэр, сын Эямунда, – адказаў Гімлі. – Але ж калі надарыцца табе пабачыць панну Галадрыель на свае вочы, ты мусіш прызнаць яе найпрыгажэйшай з кабетаў альбо нашае сяброўства скончыцца.

– Хай будзе так! – згадзіўся Эямэр. – А да таго часу даруй мне, і на знак выбачэньня прашу – едзьма з мною. Гэндальф паскача побач з гаспадаром Украйны на чале войска, а Агняног, мой конь, здолее несьці нас двох.

– Вялікі дзякуй табе, – адказаў Гімлі, надта задаволены. – Тое вялікае пашана для мяне й радасьць – асабліва калі мой сябра Ляголас паедзе побач.

– Менавіта так! – пацьвердзіў Эямэр. – Ляголас леваруч мяне, Арагорн праваруч – хто адважыцца стаць на нашым шляху?

– Дзе ж Цяняр? – спытаў Гэндальф.

– Гуляе на траве, спадару, – адказалі яму. – Анікому не дазваляе дакрануцца. Вунь ён, ля броду, цень між вербамі.

Гэндальф сьвіснуў, выгукнуў імя каня – і той ускінуў галаву й заржаў, павярнуўся й памчаў да войска, нібы страла.

– Калі б подых заходняга ветру ўвасобіўся ў зямным целе – гэткім ён быў бы, – вымавіў Эямэр, пазіраючы на вялікага каня побач з Гэндальфам.

– Гэты падарунак я ўжо даў, – заўважыў Тэядэн. – Але ж слухайце ўсе! Перад вамі называю я майго госьця, Гэндальфа Шэрага Плашча, наймудрэйшага з дарадцаў, найшаноўнейшага госьця, шляхцічам Украйны й правадыром эёрлінгаў, пакуль будзе жыць на зямлі нашае племя, і аддаю яму Ценяра, князя ўсіх коней!

– Дзякуй табе, кароль Тэядэн! – адказаў Гэндальф.

А тады зьнянацку скінуў шэры плашч ды капялюш і скочыў на каня. Ані шалома не было на ім, ані латаў. Сьнежныя валасы вольна віліся па ветры, белая корзна зьзяла пад сонцам.

– Пабачце ж Белага Вершніка! – выгукнуў Арагорн, і ўсе падхапілі погук.

– Наш кароль і Белы Вершнік! – галасіла войска. – На бой, эёрлінгі!

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)