Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Калі працэсія рушыла, Бутрым устрывожана заазіраўся цераз плячо, прасіпеў скрозь зубы:
— Хоць бы нашых знаёмцаў не зачапілі.
Трывога была не дарэмнай: двое жаўнераў адарваліся ад атрада і адправіліся ўслед за сумнымі калёсамі, якія везлі маленькую труну.
Між тым паказалася ратушная плошча. Круглая, нібыта вялізны цыркуль папрацаваў. Брукаванка чысценькая, здаецца, ніколі на ёй ніхто не паміраў. На фоне далёкіх сівых гор — вялізны цёмны гмах храма, не касцёл, кірха. Ніякіх табе статуй і абразоў, цагляныя сцены з вастраверхімі вокнамі. Калі стаць побач і паглядзець на дах — галава закруціцца, нібыта бязлітасны карабель зараз на цябе наплыве. Дамкі, што абкружалі плошчу, здаваліся ў параўнанні з храмам цацачнымі. Акрамя аднаго, які стаяў яшчэ вышэй, на ўзгорку. Палац за высокімі жалезнымі карункамі агароджы. Чырвоная цэгла, вузкія вітражныя вокны, якія ноччу так злавесна свяціліся, чарапічны дах з вострымі схіламі, некалькі вежаў, увенчаных вострымі шпілямі. На браме герб — на чорным фоне срэбная рука з узнятым кароткім мячом.
Ледзь не пад капытамі коней прабеглі пацукі — яны кіраваліся туды ж, у будынак з вежамі. Як там мармытаў мужык — Пацучыны Кароль?
Праехалі па прысадзе між каржакаватых дрэў, падобных да троляў, чые доўгія валасы сталі дыбара. Перад акаванымі жалезам дзвярмі палаца ўсе спешыліся. І дзверы расчыніліся нібыта самі па сабе. Ні лёкаяў, ні варты. Адзін з герцагскіх жаўнераў, з пабітым воспай грубым тварам — быццам калода, на якой сякуць дровы, жэстам паказаў вязням: заходзьце, маўляў. Дзіўна, і зброю не аднялі. І праводзіць не пайшлі, з нейкім багавейлівым пострахам пазіраючы на ўваход у логвішча Пацучынага Караля.
Бутрым паправіў шаблю, задраў нос і рашуча ўзняўся па высокіх мармуровых прыступках, якія за стагоддзі нібыта выгнуліся ўніз, расталі ад шматлікіх крокаў. За Чорным Доктарам насцярожана падняліся Пранціш і Алесь.
Раздзел дзясяты
ЯК ВЫРВІЧ ДАВЕДАЎСЯ, ШТО МАЕ ВАРЫЯЛЯЦЫЮ
У палацы было цёмна, так што спатрэбіўся час, каб вочы прывыклі да паўзмроку. Між тым дзверы зачыніліся з лязгатам, і зноў — ні лёкаяў, ні варты. Толькі знутры дома чуўся гук, быццам заводзілі вялізны гадзіннік.
І раптам — голас. Не па-чалавечы гучны і нейкі нежыццёвы, быццам сыходзіў з нутра жалезнага волата.
— Рады вітаць вас, шаноўныя госці! Праходзьце ў маё сціплае жытло. Зараз вас праводзіць мой слуга.
Самі па сабе загарэліся лямпы, асвяціўшы вялізную залу з белымі калонамі і падлогай з шэрых маруровых плітаў. Ні мэблі, ні карцін. Затое шмат жалезных палосаў, прымацаваных на столі, на падлозе, паміж калонаў на ўзроўні паловы чалавечага росту. Палосы з барознамі ў іх выгіналіся, перапляталіся. Нібыта нейкаму дзіцяці далі срэбны аловак і лінейку, і ён бязладна пакрэсліў малюнак інтэр’ера.
Праўда, Вырвіч засумняваўся ў сваёй здольнасці рабіць лагічныя высновы. З паўзмроку да іх ехаў Жалезны Чалавек. Ён нагадваў пустыя рыцарскія латы — бо з проразяў на месцы вачэй глядзела пустэча. Пранціш ажно адступіў на крок назад і скасавурыўся на Лёднікаў. А тыя абодва прагна скіравалі на пачвару насы, цёмныя вочы гарэлі цікавасцю і захапленнем.
Пачвара спынілася якраз перад гасцямі, нібыта дакладна ведала, што робіць. Рукі, палязгваючы ў суставах, варухнуліся ў запрашальным жэсце. Затым страшыдла спрытна развярнулася на адным месцы і плаўна рушыла назад. Госці пакорліва адправіліся следам. Нічога сабе праважатыя тут!
Пранціш нарэшце зразумеў, пра што шэпчуцца Лёднікі, тыцкаючы пальцамі ў падлогу: Жалезны Чалавек ехаў па адной з жалезных палосаў, устаўленых у мармуровыя пліты.
Вырвіч з палёгкай выдыхнуў: чыстая механіка, ніякай магіі! І нават раззлаваўся на сябе за баязлівасць. Знайшоў чаго палохацца! Хіба колькі год таму ён не бачыў лялькі-аўтамата па імені Пандора, якую пакінуў Лёдніку ў спадчыну вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Хіба Пранціш не дапамагаў уласнаручна наладжваць тую Пандору, якая ўмела маляваць, круціць галавой і вачыма, нават нібыта дыхала! А ўнутры — адны шасцярэнькі ды падважнікі.
У пакоі за наступнымі дзвярыма з’явілася мэбля — шафы з кнігамі, вялізныя, да столі. А яшчэ — дзясяткі гэткіх жа Жалезных Людзей, якія выстраіліся нерухомымі шэрагамі ўздоўж металёвых палосаў. У аднаго на выцягнутых руках быў паднос са шклянкамі і графінам, і у другога — стос кніг. А вунь тыя, здаецца, узброеныя… Так, трымаюць штосьці падобнае да палашоў. Востра заточаныя з абодвух бакоў палосы. З такім ахоўнікам біцца, напэўна, як з ветраком.