Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спецыяліста па Ай-кітабах[147]. Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Не кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасці ў служэнні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!
Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасця. Трывожна... Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сцягі нацыянальныя амерыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэшскі Арлой, гадзіннік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.
Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланне. Усюды сцягі, сцягі... Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару... Ужо болей ніхто па вуліцах не ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на медпункт у касцёле. Я хаджу да яго, і ён замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзвярох нашага дому, сорамна сяння не быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радыё. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Змяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радыё, што савецкія танкі на перыферыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, смерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка...
За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраннях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні сваё й гарэлку. Смяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!
Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага не б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім не скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’язджае. Назаўтра чэхі жануць немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы»[148] на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калабаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна...
Па вуліцы вядуць дзяцей нямецкіх, вядзе іх нехта ад швейцарскага Чырвонага Крыжа. Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей, коцяць на зямлю, топчуць нагамі. Муж закрыў мне сваім каптаном голаў: «Не глядзі, маці, не глядзі». А ў хаце сядзець ніяк нельга, бо скажуць: не цешышся з «асвабаджэння», і можа быць нявесела... Удома Юра бяжыць з плачам і крычыць: «Не хачу жыць на такім свеце, дзе б’юць дзяцей». О, сын, нашчадак шляхотнага няшчаснага народу. Суседка прыпала мне да грудзей і плача: «Пані доктарава, я не магу глядзець на здзекі над людзьмі, але толькі вам гэта магу сказаць, сваіх баюся». О мілая пані Копэцкая, нядаўна ж яна перахоўвала, памагала яўрэям... Нейкія людзі падышлі на вуліцы й кажуць мне тое, што й мая суседка, што ён вярнуўся з лагеру й таму бачыць здзеку не можа. Так, мучыць і забіваць могуць толькі выбраныя, і такім менавіта аддалі ўладу над рэштаю людзей. Яшчэ так нядаўна, калі спыняўся ля нас цягнік са зняволенымі ў паласатым, мы іх кармілі, глядзелі ўсіх, і немцаў. А цяпер... А цяпер за адно нямецкае слова раз’юшаныя чэшкі лупяць насмерць. Ішлі палонныя бельгічане й нешта папыталіся па-нямецку, дык так на іх напалі бабы, што ледзь не забілі на месцы, і толькі даведаўшыся, што гэта палонныя з Бельгіі, перамяніліся адразу ў чулых самарытанак — бельгічане ім плюнулі ў твар. Босых немак гоняць па разбітым шкле й лупяць, і ўсё ім мала, а вусатыя савецкія ваякі выносяць немцам па куфлю піва. Бой кончыўся, прагаласілі перамогу, і баец не патрабуе болей забіваць, яму хочацца добрага міру. Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бензінам і паляць. Згінь ты, прападзі з такою культураю! Поўнасцю перабраўшы гітлераўскія метады, крычаць, што яны дэмакраты! На Панкрацкім пляцу вешаюць публічна Пфіцнэра, гэта гісторык нямецкі, які фальшаваў гісторыю чэхаў, і за тое яму такая «чэсць» — публічна вешаць. Нам каб хоць дачакаць публічна адлупіць тых, якія фальшуюць нам нашую мінуласць!
147
Кітабы (Аль-Кітабы) — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з XVI ст. татарамі, што жылі на Беларусі.
148
Hakenkreuz (ням.) — свастыка.