Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Не хаваўся я, спадар Адам, даўно хацеў пабачыцца...
– Добры дзень, дарагі, добры дзень!
Рукі дужыя, аблапіў як мядзьведзь, прытуліўся шчакой да шчакі, колькі імгненняў маўчаў, не выпускаючы з абдымкаў. А потым, трымаючы за плечы, нейкі момант глядзеў пільна і прыхільна ў вочы.
– Дзякую, што прыняў маё запрашэнне! – выгукнуў: – Гелена! Золатка маё, паглядзі хто прыйшоў да нас. Хадзі сюды!
І ўсё не адрываў позірку, як быццам не верыў, што перад ім стаіць вясковы лірнік, пра якога столькі размоў, столькі водгукаў на яго творчасць.
З другіх дзвярэй, стаўшы на парозе, паказалася жанчына. Яна ўсмешліва глядзела на госця, маўчала. Сукенка з чырвонай брожкай на грудзях, і, здавалася, што ад той брожкі выпраменьвалася святло на яе шчокі...
“Божачка, дык гэта яна? – ударыла хваляванне ў скроні, працяў усяго пякуча-салодкі боль. – Дык гэта ты, тая незнаёмка, якая сустрэла мяне на вуліцы? Не можа гэтага быць... Я ж шукаў цябе, блэндаючыся па Вільні. А знайшоў цябе тут, дома...”
– Гелена, пазнаёмся, гэта – паэт Уладыслаў Сыракомля, якога называюць вясковым лірнікам, вершы якога ты чытала мне, здзіўляючыся, як хораша яны гучаць...
Гелена падышла да паэта, падала руку. Ён узяў яе, паднёс да вуснаў. Пацалаваў, схіліўшыся ў паклоне.
– Вы знаёмы з маімі вершамі, пані Гелена? – пацікавіўся Сыракомля, калі селі на крэслы, каб прадоўжыць далей размову.
– І не толькі знаёма, а шмат якіх ведаю напамяць.
Адам Кіркор паглядзеў на жонку:
– Дык мо пара ўжо, маё золатца, і абедаць. З дарогі наш госць, прагаладаўся, пэўна.
– Ды не паспеў я яшчэ парагаладацца, – запярэчыў Сыракомля.
Адам і Уладыслаў засталіся адны.
Хацелася пагаварыць пра многае. Але два вялікія чалавекі не ведалі, з чаго пачаць размову. Пачалі з дробязаў…
– Як здароўе, Уладыслаў? Як тваё там арандатарства? Ведаю, што пакінуў Залуча, рашыў у Вільні жыць, а потым у Барэйкаўшчыну перабраўся...
– Так, Адам, перабраўся. І стаў і не гарадскім, і не вясковым... Але душа там, сярод маіх дубраў.
– Разумею цябе, дружа, разумею. І я люблю лясы і балоты палескія. Колькі папахадзіў я па іх, колькі начэй правёў пад тым небам. Археалагічная камісія абавязвае падрабязна апісваць убачанае і адкрытае. Хачу даць табе прачытаць асобныя часткі – наступным разам, як прыдзеш. Мне хочацца, каб ты сваім крытычным вокам ацаніў. Ведаю, пра Міншчыну пішаш, цікава. Паэтычна пішаш, не так, як я, суха і нудна.
– Навошта ж так пра сябе, Адам? Лепей за цябе няма і археолага, і апавядальніка нашых краёў.
Кіркор схіліў галаву, як бы згаджаючыся са словамі госця.
– Я табе свае вершы прынёс новыя, каб ты прачытаў. І даў сваю ацэнку. Твой прысуд для мяне вельмі важны.
Расшпіліўшы сурдут, дастаў складзеныя ў чатыры столкі некалькі аркушаў, падаў Адаму.
– Добра, да наступнай сустрэчы падрыхтую табе адказ. Твае вершы трэба чытаць удумліва і няспешна...
Праз нейкі час да іх выйшла Гелена, грудным мяккім голасам прамовіла:
– Хопіць вам на галодны страўнік свецкія размовы весці, пара за стол.
“Божа, які голас, які пагляд. Усё аддаў бы, здаецца, каб чуць і бачыць яе...”
Калі ж селі за стол, калі келіхі напоўнілі чырвонай вішнёвай налівачкай, Гелена прапанавала:
– Адаме, давай вып’ем за нашага дарагога госця – паэта Уладыслава Сыракомлю. Вып’ем за яго двухтомную “Гісторыю літаратуры ў Польшчы”, за яго паэму “Маргер”. Я хачу сыграць галоўную ролю ў вашай самай лепшай п’есе, спадар Уладыслаў. Вы мне зробіце такую ласку?
– Дык вы акторка? – шчыра падзівіўся арандатар Барэйкаўшчыны.
– Ды яшчэ лепшая з лепшых, – пахваліў жонку Кіркор.
– Не перахвальвай, Адаме, мяне, не лепшая, але і не горшая.
Яна падняла келіх, паглядзела на паэта:
– За вас, вясковы лірнік! За вашу ліру. За вашы паэмы і п’есы!
Хораша на душы ў лірніка, як нечакана пашчасціла яму. Гелена дакранулася локцем да яго рукі і ён адчуў, якая спапяляльная гарачыня сыходзіла ад яе...
Сам з сябе дзівіўся Уладыслаў, і таму праз хвіліну ён адказаў ёй тым жа – штурхануў лёгенька пад бок.
... Гасцяванне Сыракомлі ў Кіркора задоўжылася, і таму гаспадары прапанавалі яму пераначаваць у іх доме.
……………………………………………………………
Ежы ўжо больш месяца знаходзіўся ў вёсцы. Захацелася перамяніць абстаноўку, падыхаць іншым паветрам, пагаварыць з людзьмі, пасядзець дзе-небудзь у віленскай кавярні...
Справа з маёнткам яшчэ не дайшла да завяршальнай стадыі, валакіцілі судовыя чыноўнікі.
Ежы паўздзейнічаў на Зыгмунта, расказаў яму пра свой удзел у тайным таварыстве і брат пасля гэтага папрасіў яго: