Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Нестар Дзюлеран перабіў яго:
– Ежы, дык ты, атрымліваецца, адмаўляешся ад барацьбы?
У вачах здзіўленне ад нечаканага пытання, вочы расшыраны, рот прыадкрыты.
Ён напруціўся, спахмурнеў, а адказ прагучэў спакойна і разважліва:
– Не трэба так ставіць пытанне. Ты ж, Нестар, не кінешся адразу ў рэчку, каб пераправіцца на другі бераг. Ты найперш разведаеш глыбіню, а потым пусціш свайго коніка наперад, стараючыся не замачыць штонікі...
Прысутныя засмяяліся. І гэта, бадай, быў першы смех за тры дні, калі стомленыя людзі абрадваліся нейкай разрадцы ў нялёгкай размове.
– Таму яшчэ скажу некалькі слоў. Каліноўскі мае вялікі вопыт яднання з народам, і ён шукае ў пакутах і бачыць у ім адзіную сілу, якая здольна на вялікае паўстанне. Бачыць сябе рыцарам. Адчувае біццё сэрца сялянаў як Польшчы, так і Літвы, як Беларусі, так і Расеі... Для гэтага ён і пачаў выдаваць “Мужыцкую праўду” на сялянскай ці мужыцкай мове. Ці дойдуць яго ідэі да кожнага селяніна, не ведаю... Яшчэ. Паўтараю – я рашуча стаю на прынцыпах той працы, якая намечана праграмай, і таму вельмі няправільна мы зробім, калі парвем з тым кірункам, які быў вызначаны і зацверджаны, і для ажыццяўлення якога, на вялікі жаль, не зроблена ніводнага кроку. Калі ж ідэя праграмы – барацьба за незалежнасць агульнымі сіламі, то патрэбна, каб увесь – паўтараю: увесь народ! – не толькі пранікся гэтай ідэяй, а і паверыў у свае сілы, паверыў – і перамог! Вось такія мае думкі, панове-таварышы.
Усталявалася маўчанне. Больш ніхто не захацеў браць слова. Нестар Дзюлеран, узяўшы на сябе часовае кіраўніцтва паседжаннем, прапанаваў:
– На сёння можа і ўсё, таварышы. Прадоўжым заўтра...
Эдмунд Вярыга амаль аднагодак Канстанціна Каліноўскага. Высокага росту, чорныя валасы зачасаны ўверх, на твары бледнаватасць ад рэдкіх сустрэч з промнямі сонца. Як і Кастусь вучыўся ў Пецярбургскім універістэце, заўсёды, як прыходзіў на паседжанне, напускаў на сябе задумлівы выгляд.
– А я думаю на гэты конт вось як, – павольна, расстаўляючы словы, вымаўляючы іх як бы праз нос і напаўголаса, надаючы сабе большую вагу і аўтарытэту, пачаў Эдмунд на наступны дзень сваю прамову, – трошкі інакш, чым Ежы... Ёсць, ёсць рацыя ў яго словах, бясспрэчна. Але... Ежы жыве ў вёсцы, сярод сялянаў, я ж чалавек горада. І таму мае думкі такія: сяляне, аб’яднаўшыся са шляхтай, з’яўляюцца магутнай сілай у справе паўстання. Толькі неабходна іх узброіць, апрануць, мець сродкі для закупкі амуніцыі і правіянту...
Антоній Залескі, выкінуў руку наперад, убок Эдмунда:
– Залатыя словы кажа Вярыга! Я, як шляхціч, веру горача ў тое, што шляхта прыме самы актыўны і магутны ўдзел у паўстанні. Я сустракаўся не раз са слаўнымі прадстаўнікамі гэтага саслоўя, гаварыў з імі, пытаўся канкрэтна, ці увальюцца яны ў рады паўстанцаў. Аднадушна адказалі: гатовы прыняць удзел...
Каліноўскі выглядаў больш весела. Не паціраў скроні, не выказваўся рэзка супраць тых, хто не падзяляў агульнай думкі. Не было рэзкіх выказванняў і з боку выступоўцаў – значыць, перад гэтым прыйшлі да нейкай узаемазгоды.
Нават калі Зыгмунт Чаховіч адстойваў свой погляд на паўстанне, Каліноўскі маўчаў, даслухоўваў да канца.
– Я чамусьці не веру ў якое-небудзь кіраўніцтва ці рэвалюцыйную працу, заснаваную на праграме, – выказваўся ён, – Тут усё залежыць ад сляпога выпадку, як сыйдуцца зоркі на небе... Як Марс ці Юпітэр паглядзяць на справу нашага закалата...
– Цікава, – ціха прамовіў Антоній Залескі.
– Сябры мае, мы знаходзімся з вамі ў маленечкім чоўне, а вакол нас бушуе бура, ураган... І каб выстаяць, не паддацца выбуху стыхіі, мы павінны ўчапіцца адзін у аднаго і тым самым перамагчы, не даць ветру зламаць ветразі нашага карабля, і даплыць да берага... А мы з вамі раз’яднаны, і ніяк не можам падставіць адзін аднаму плячо. Мой заклік – давайце зробім рашучы крок насустрач самім сабе, забудзем пра рознагалоссі і крыўды. Крыўдна будзе, калі мы аб’яднаемся.
– Дык якія будуць вывады, таварышы, наконт паўстання? – паставіў Канстанцін пытанне рубам. – Выказвайцеся коратка і па чарзе. А потым будзем галасаваць...
– Узмацніць прапаганду, каб ідэямі рэвалюцыі прапітаць грамадскі слой, і не пачынаць паўстання да тае пары, пакуль прапаганда не дасць чаканага выніку. Я за ўсе пункты праграмы і першага закліку.