Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Каратынскі ўсміхаўся, радуючыся, што даспадобы Уладыславу ўсё тое, што ўдалося зрабіць.
А з памяці Сыракомлі не выходзіла тая адзіная сустрэча з невядомай прыгажуняй, – яркай знічкай успыхвала часта, то ў сны прыходзіла, чаравала, смяялася нечага. Ці не з яго, Уладыслава, смяялася, што ён такі нясмелы, не папытаўся нават у яе, як завуць… Невыпадковай была сустрэча, ой якой невыпадковай. Але ён не імкнуўся адшукваць яе, распытваць у каго, тым больш даручыць такі клопат свайму сакратару, – смешна выглядала б тое, вельмі смешна…
Яшчэ пад час першага салона Уладыслаў Сыракомля заўважыў, што людзі сабраліся нейкія адасобленыя адзін ад аднаго, трымаюцца купкамі, групоўкамі. Калі нешта прапаноўваў адзін, то астатнімі ўспрымаліся “ў штыкі”. Усе пагаджаліся, што так жыццё працягвацца далей не можа, а вось шляхі і кірункі, як яго памяняць, перайначыць, – да адзінай высновы не прыходзілі…
Падчас гарачых спрэчак асабліва не вытыркаўся, бо недзе ў душы адчуваў, што ён, як бы там не было, пакуль што чалавек вясковы.
– А што думае на гэты конт спадар Сыракомля? – вывеў яго з задумення малады паэт Вітальд Дабравольскі, які прачытаў перад гэтым свае вершы і чакаў прысуду.
– А што мне думаць? Што сказаць на першыя спробы? Шмат працаваць трэба над радкамі. І не згодзен я хіба толькі з тым, што ў вершы адсутнічае цеплыня і спадзяванне, а нагнятанне толькі чорнага і скажонага… Але гэта мае прыватныя думкі, спадар Дабравольскі, прыватныя...
Вітальд як не чуў яго слоў:
– Я знаёмы з вашымі вершамі, спадар Уладыслаў. Але, на мой погляд, думкі вашыя, выказаныя ў вершах, утапічныя, нерэальныя... Не крыўдуйце, вы – майстра, а я пачынаючы, таму магу і памыляцца...
– Нічога, нічога, – паблажліва ўсміхаўся гаспадар, – мы павінны гаварыць адзін аднаму праўду...
А ў душы нараджалася горыч, нават крыўда на самога сябе, што ён пакуль што далёкі ад іх, ён яшчэ не ў Вільні, а сярод гаёў і дубраў, і ніяк не можа выйсці з іх.
Жонка, бачачы, што ён нудзіцца, спытала:
– Мо мы дарэмна прыехалі ў Вільню? І я сябе пачуваю неяк няўтульна і ў гэтых сценах, і ў самім горадзе.
Нічога не адказаў.
Ён усё жыццё вольна бегаў па палях, збіраючы кветкі, ловячы матылькоў, а тут і пагуляць няма дзе – усюды агароджы, агароджы, дамы, дамы... І паветра не такое, як я Залучы, і зоры не такія, і людзі... Тлум, гул і гам...
Засумаваў Сыракомля па цішыні, па спакоі.
А калі дачуўся, што можна арандаваць фальварак, які знаходзіцца і не так ужо далёка ад Вільні (што вельмі падыходзіла для яго), адразу ж ухапіўся за гэта. Фальварак месціўся па дарозе на Ашмяны – Барэйкаўшчына. І раздвайваўся Уладыслаў – адна яго палавіна ў фальварку, а другая ўжо ніяк не магла адарвацца ад Вільні.
Чатыры сям’і прыгонных душ, тры валокі зямлі... І ён нічым асаблівым не вылучаўся сярод іншых шляхецкіх сядзібаў у прынёманскім краі.
І не пан, і не падпанак, не багацей, але і на жабрака не падобны... Не палац з калонамі, але ўтульная драўляная хаціна, нашмат прастарнейшая за тую, што была ў Залучы. Шырокі і высокі ганак, густа аплецены з абодвух бакоў лісцем вінаграда. Афіцына, прасторны двор, увесь у зеляніне – густой траве і спрэс у палявых кветках... Уладзік насіўся ад радасці па незнаёмых закутках, бегаў туды-сюды па дзвюх сцежках, якія пратапталі да гаспадарчых будынкаў і ў вялікі сад, у якім былі слівы і грушы, яблыні і вішні.
– Мы тут будзем жыць, татачка? – дапытваўся сын. – І я тут буду гуляць? І мы не вернемся больш у горад?
– Тут, сын, будзем жыць. Падабаецца табе?
– Вельмі, татачка!
Прыехалі яны ў Барэйкаўшчыну перад першым траўня 1853 года...
Той год на дзіва быў удалы для Уладыслава Сыракомлі. Падарунак яму наладзіў Пецярбург: у друкарні Вольфа выйшла асобным выданнем яго паэма-гутарка “Дабрародны Ян Дэмборг”. З гэтай нагоды Вінцэсь Каратынскі прывёз з Вільні смачных напояў і, усеўшыся разам з Палінай за сталом, ушаноўвалі слыннага лірніка.
Ён жа сядзеў задумлівы, адпіваючы глыток за глытком чырвонае іскрыстае віно, – нельга было зразумець – радаваўся выхаду кнігі ці аднёсся да яе абыякава.
А праз нейкі час другі падарунак зрабіла Вільня. Вінцэсь прывёз і ўручыў паэту гістарычна-краязнаўчую кнігу “Вандроўкі па маіх колішніх ваколіцах”. Сыракомля чытаннем спатоліў настальгію па сваіх мясцінах маладосці, кожны радок гаварыў пра яго тугу і шкадаванне, што тое ўсё больш не вернецца. Не вернуцца захады і світанкі ў Нясвіжы і Міры, Стоўбцах і Койданаве... А Сыракомля задумваў адправіцца ў новыя вандроўкі і напісаць больш глыбей і жывапісней пра наднёманскі край, пра мінскія прасторы...